Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх міратворцаў на Данбасе ня будзе без прысутнасьці NATO ў рэгіёне — МЗС Украіны


Намесьнік міністра замежных спраў Украіны ў пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Алена Зэркаль (падчас выступу ў Міжнародным судзе ААН, які разглядаў пазоў супраць Расеі. Гаага, 6 сакавіка 2017 году)
Намесьнік міністра замежных спраў Украіны ў пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Алена Зэркаль (падчас выступу ў Міжнародным судзе ААН, які разглядаў пазоў супраць Расеі. Гаага, 6 сакавіка 2017 году)

У МЗС Украіны падкрэсьліваюць, што міратворчы кантынгент павінен быць на мяжы Ўкраіны з Расеяй.

У Міністэрстве замежных спраў Украіны заяўляюць, што беларускіх міратворцаў на Данбасе ня будзе, калі ў рэгіёне ня будзе міратворцаў краін-сябраў Арганізацыі паўночнаатлянтычнага альянсу (NATO).

Пра гэта сказала ў эфіры «5 канала» намесьнік міністра замежных спраў Украіны ў пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Алена Зэркаль.

«Наколькі я ведаю, Беларусь не пакінула АДКБ і зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі. А калі мы выключаем NATO, то цалкам лягічна, каб мы не казалі пра тое, што краіны АДКБ таксама прымаюць удзел у гэтай місіі», — сказала Зэркаль.

Кажучы аб разгортванmні міратворцаў, дыплямат таксама падкрэсьліла, што тэрарыстычныя арганізацыі «ДНР» і «ЛНР» не зьяўляюцца бокам канфлікту, таму зь імі Украіна ня будзе весці перамовы па гэтым пытаньні.

«Гэта зразумела ня толькі нам, але і ўсім нашым заходнім партнэрам», — заявіла Зэркаль.

Яна дадала, што сустрэчы спэцыяльнага прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША па справах Украіны Курта Ўолкера з памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым праводзяцца для таго, каб «прымусіць Расею зразумець, што гуляць па іх правілах ніхто ня будзе».

«Цяпер я думаю, што асноўнае і сапраўды ключавое пытаньне — што міратворцы павінны быць на мяжы Ўкраіны з Расеяй. І потым як будзе разгортвацца місія паэтапна. Дыскусія з гэтай нагоды ўжо ідзе пэўны час», — заявіла Зэркаль.

На мінулым тыдні міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Менск гатовы дапамагчы ва ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе. Ён сказаў, што ў 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску існуе міратворчая рота са ста вайскоўцаў, якія вывучаюць ангельскую мову, праходзяць падрыхтоўку ў розных дзяржавах, маюць вопыт міратворчай дзейнасьці і гатовыя выконваць задачы ў любым рэгіёне сьвету. Але рашэньне аб іх удзеле ў місіі павінна прыняць рада Бясьпекі ААН, заявілі ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG