Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка 2017 году ў Менску: затрымліваюць Яна Грыба
25 сакавіка 2017 году ў Менску: затрымліваюць Яна Грыба

Да 25 сутак. Суды за Дзень Волі па ўсёй Беларусі

Пасьля масавых затрыманьняў на акцыях 25 сакавіка і 26 сакавіка ​ў Беларусі чакаюць судоў у панядзелак да сотні чалавек, паводле зьвестак Беларускага Хэльсынскага камітэту. Прыблізна столькі ж — паводле сьпісу «Вясны». Агулам за два дні затрымана было каля тысячы чалавек. Да Дня Волі суды над «недармаедамі» ішлі два тыдні.

Гомель. Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Гомля Аляксандар Піскуноў пакараў 19-гадовага Віктара Чумачэнку арыштам на 5 сутак.

Віктар Чумачэнка
Віктар Чумачэнка

Бабруйск. Максіма Буйніцкага, якога пасьля адбыцьця 15 сутак у ноч на 26-га сакавіка зноў затрымалі, судзьдзя Гормаш аштрафаваў за хуліганства на 2 базавыя. Паводле сьведак-міліцыянтаў, Максім выйшаў з хаты ў начную краму, стаў сярод двара й пачаў махаць рукамі й крычаць.

Менск. Прысуд Паўлу Белавусу — 15 сутак. Павал спытаў судзьдзю: «Вам не сорамна?». Той не адказаў і ўцёк з залі пад воклічы: «Ганьба!». Павал папрасіў сяброў ахоўваць і дапамагаць жонцы, перадаваць яму кніжкі.

Журналістку Марыну Кастылянчанку за ўдзел у акцыі 15 сакавіка і за непадпарадкаваньне міліцыі Савецкі суд Менску пакараў арыштам на 15 сутак.

Актор беларускага Свабоднага тэатру Сяргей Квачонак атрымаў 10 сутак за ўдзел у Дні Волі ў Менску 25 сакавіка.

Мікалай Халезін, кіраўнік Свабоднага тэатру:

«Гэта другое зьняволеньне Сяргея. Першы раз яму прысудзілі такі самы тэрмін у 2011 годзе за ўдзел у „маўклівых акцыях“. Тады ён змог канвэртаваць свой турэмны досьвед у бліскучы фрагмэнт спэктакля „Менск-2011“. Спадзяёмся, і цяперашні досьвед не міне для яго дарма».

Гомель. Багуслава Гвозьдзева пакаралі арыштам на 3 сутак. Судзьдзя Віктар Казачок.

Юрыя Воласава судзьдзя Дзьмітры Дэбой пакараў арыштам таксама на 3 сутак.

Намесьніка старшыні АГП Васіля Палякова пакаралі ў Савецкім судзе нібыта за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі 6 суткамі арышту. 25 сакавіка Палякоў выйшаў з дому з жонкаю, каб ехаць на плошчу Паўстаньня. Празь некалькі сотняў мэтраў яго затрымалі АМАПаўцы.

Савецкі суд Гомля пакараў трыма суткамі арышту сябра БНФ Васіля Рэпніна за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. Рэпнін нёс бел-чырвона-белы сьцяг.

Баранавічы. Суд Аляксандра Шведа перанесьлі на 28 сакавіка з прычыны яго дрэннага самаадчуваньня

Судзьдзя Аксана Копач задаволіла хадайніцтва інваліда аб пераносе паседжаньня з прычыны яго дрэннага самаадчуваньня і абвясьціла перапынак да 28 сакавіка. Пачатак паседжаньня прызначаны на 14:30.

Актывіста вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі, якая адбылася ў Баранавічах 26 лютага («Марш недармаедаў»).

«На мітынгу быў, бо давялі.» Як судзілі і лячылі дыябетыка Аляксандра Яўсейчука

У суд Цэнтральнага раёну Гомеля міліцыя прывезла з ізалятара УУС Гомельскага аблвыканкаму актывіста прафсаюзу РЭП Аляксандра Яўсейчука. Яго затрымалі міліцыянты 25 сакавіка, на Дзень Волі, на Юбілейнай вуліцы адразу пасьля мітынгу. Аляксандар пакутуе на цукровы дыябэт.

У Мазыры мясцовыя міліцынты склалі адміністрацыйны пратакол на грамадзкага актывіста, пэнсіянэра Рыгора Крывіцкага. Яго вінавацяць ў парушэньні закону аб арганізацыі і правядзеньні масавых мерапрыемстваў.

Крывіцкі падаваў у райвыканкам заяўку на пікет. Пікет не дазволілі, але блізу сотні гараджанаў выйшлі 26 сакавіка на цэнтральную плошчу гораду, каб публічна заявіць пра набалелыя праблемы. Выступаў на сходзе і сам Крывіцкі, супраць якога мясцовыя ўлады завялі цяпер адміністрацыйную справу.

У Віцебску баяліся мітынгу ў будынку суду

Працэсы над 9 удзельнікамі акцый 25 і 26 сакавіка праходзілі ў Кастрычніцкім райсудзе. Справы актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў і шараговых грамадзян разьбіралі адразу некалькі судзьдзяў.

Сьпіс перасьледаваных за Дзень Волі

XS
SM
MD
LG