Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гомлі вярнуў на працу апазыцыянэра Паплаўнага


Анатоль Паплаўны
Анатоль Паплаўны

21 красавіка пасьля паўтарамесячнага вымушанага прагулу гомельскі грамадзкі актывіст Анатоль Паплаўны праз суд вярнуўся на працу ў ААТ «Гомелькабель». Гэта адбылося ў ягоны дзень народзінаў.

Суд Чыгуначнага раёну Гомлю вярнуў на працу 59-гадовага сьлесара-інструмэнтальшчыка Анатоля Паплаўнага. Судзьдзя Галіна Чарнашэй прыняла рашэньне аб задавальненьні пазову Паплаўнага да прадпрыемства «Гомелькабель», дырэкцыя якого 5 сакавіка незаконна звольніла рабочага, адмовіўшы яму ў падаўжэньні кантракту.

«Атрымліваецца, што суд зрабіў мне добры падарунак на дзень народзінаў, — ня ўтойвае задавальненьня Анатоль. — Цяпер праходжу інструктаж, афармляю дакумэнты. Далі пазнаёміцца з маімі, па ўсім відаць, абноўленымі працоўнымі абавязкамі, у якіх напісана, што мяне як сьлесара- інструмэнтальшчыка могуць прыцягваць да мантажных і пагрузачна-разгрузачных работ. Раней такога ў маіх абавязках не было. Буду разьбірацца. Здаецца, што гэта акурат тыя „нітачкі-вяровачкі“, за якія адміністрацыя можа мяне тузаць. Раней, калі на прадпрыемстве работнікам трэба было рабіць нешта няпрофільнае, пабочнае, кіраўніцтва пісала асобныя загады».

Выйграць судовы пазоў Паплаўнаму як сябру Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП дапамагаў рэгіянальны прававы інспэктар Леанід Судаленка.

«Мы зьвярнулі ўвагу суду, — тлумачыць Судаленка, — што ў тарыфным пагадненьні паміж органамі дзяржаўнага кіраваньня, прафсаюзамі і прадстаўнікамі наймальнікаў указана, што работніка нельга звальняць за тры гады да выхаду на пэнсію. Юрыст ААТ „Гомелькабель“ Андрэй Каменшчыкаў на гэта заяўляў, што „дзядзькі й цёткі зь Менску ня могуць указваць прадпрыемствам, калі звальняць работніка“, бо, маўляў, яны кіруюцца дэкрэтам № 29, паводле якога наймальнік ня мае права звальняць наёмнага працаўніка толькі за два гады да дасягненьня пэнсійнага ўзросту. Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі прадпрыемства Сяргей Наркевіч наагул упікаў Паплаўнага, што ён раздае інтэрвію розным СМІ проста на прыступках суду».

Сам Анатоль Паплаўны лічыць сваё сакавіцкае звальненьне палітычна матываваным, бо ніякіх заўваг і спагнаньняў за тры гады працы ў ААТ ён ня меў. Анатоль — рэгіянальны прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», раней ачольваў гарадзкую арганізацыю БНФ. За апазыцыйныя акцыі й пікеты атрымліваў штрафы і сядзеў на сутках. Нядаўна таксама адбыў дзесяць сутак арышту за ўдзел у лютаўскім «Маршы недармаедаў».

На леташніх парлямэнцкіх выбарах Паплаўны быў назіральнікам ад апазыцыі ў Гомельскай-Сяльмашаўскай акрузе, напісаў шэраг заўваг пра арганізацыю выбараў і падлік галасоў. Ён мяркуе, што з адміністрацыі Чыгуначнага раёну й паступіла на прадпрыемства «заданьне» разабрацца. У папярэднія гады з Анатолем Паплаўным раптоўна спынялі кантракты на заводзе пускавых рухавікоў, на прадпрыемстве «Віпра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG