Сабралася каля 30 чалавек
У судзе прынятыя захады бясьпекі. Усіх прапускаюць праз рамку мэталашукальніка. Сабралася чалавек 30. Прыйшлі абаронцы падсудных.
Аўтары Regnum — у жалезнай клетцы
Рэгнумаўцаў трымаюць у жалезнай клетцы. Яны размаўляюць з адвакатамі. Бледныя твары, але ўсьміхаюцца. Замучанымі не выглядаюць. Пакуль заля запоўненая напалову. Сваякі ў асноўным сталага веку, аднадумцаў можна пазнаць па тым, што трымаюцца групамі.
Бухвостаў прыйшоў на суд
Сярод аднадумцаў падсудных аўтараў Рэгнуму — збольшага людзі сівыя, сталага веку. Зь вядомых асобаў — толькі Аляксандар Бухвостаў, парфсаюзны дзяяч. Прыйшоў назіраць за працэсам Валянцін Стэфановіч зь «Вясны».
На суд прыйшоў Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ужо ў зале каля 80 чалавек.
Працэс пачаўся
Судзьдзя Ігар Любавіцкі забараніў фота- і відэаздымкі.
Пасудны Шыптэнка назваўся грамадзянінам СССР
Судзьдзя пачаў удакладняць асабістыя зьвесткі абвінавачаных. Пачаў зь Дзьмітрыя Алімкіна. Той паведаміў, што з 6 сьнежня 2016 году знаходзіцца пад вартай. Алімкін сказаў пра працу, што да арышту звольніўся. Сказаў, што азнаёміўся са справай нібыта ня цалкам. «Кажуць, што 17-ы том зьявіўся, яго ня бачыў».
Сяргей Шыптэнка назваўся грамадзянінам СССР і сказаў, што пражывае ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.
Шыптэнка знаходзіцца пад вартай зь 9 сьнежня 2016 году. Сказаў, што з усімі пісьмовымі дакумэнтамі справы азнаёміўся.
Паўлавец — грамадзянін Беларусі
Падсудны Юры Паўлавец пра грамадзянства сказаў, што ён — грамадзянін Рэспублікі Беларусь, пад вартай з 6 сьнежня 2016 году. Перад судом канчатковую копію абвінавачаньня атрымаў 22 лістапада.
Адвакат хоча далучыць да справы расейскую экспэртызу
Адвакат Шыптэнкі заявіла хадайніцтва аб далучэньні да матэлыялаў справы адказ Раскамнагляду (Расея) адносна публікацый падсудных, ці ёсьць у іх прыкметы экстрэмізму? Адказ быў адмоўны — што прыкметаў экстрэмізму няма. Адвакат згадала, як раней міністар інфармацыі і друку Лілія Ананіч у інтэрвію казала, што нібыта расейскія калегі таксама знайшлі ў публікацыях падсудных прыкметы экстрэмізму. «Таму вельмі важна, каб гэты адказ Раскамнагляду, што прыкметаў няма, быў у справе», — адвакат.
Таксама адвакат просіць далучыць да матэрыялаў справы адказ з музэю, дзе сказана, што бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» выкарыстоўваліся падчас акупацыі і вайны калябарацыянісцкімі арганізацыямі на тэрыторыі Беларусі.
Трэцяе хадайніцтва адвакаткі Шыптэнкі — эканамічнае
Таксама адвакат Ігнаценка просіць далучыць да матэрыялаў фінансавыя дакумэнты аб заробку Шыптэнкі ў часопісе «Новая эканоміка», які ён рэдагаваў. Адвакатка мяркуе, што сьледзтва наўмысна «нацягнула» гэтыя сумы, каб забясьпечыць склад злачынства аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.
«Сума не нацягваецца, каб быў склад злачынства ў эканамічнай сфэры, але на нашы пытаньні да сьледчых адказаў не было», — абгрунтавала сваё хадайніцтва адвакат Ігнаценка.
Суд задаволіў хадайніцтвы адвакатаў і далучыў усе дакумэнты да справы. У тым ліку ня супраць быў пракурор.
Новыя хадайніцтвы адвакаткі Шыптэнкі
Пасьля гэтага адвакат Ігнаценка папрасіла выклікаць у якасьці сьведак экспэртаў, якія рабілі экспэртызу артыкулаў падсудных і сябраў экспэртнай рэспубліканскай камісіі.
«Мяркую, усе гэтыя асобы мусяць патлумачыць, як сфарміравалася агульнае меркаваньне, пасьля якога было прынятае рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы», — сказала адвакат.
Ад яе ў тым ліку прагучала прозьвішча сябра камісіі Матусевіча. Яшчэ адвакат просіць выклікаць як сьведку падатковага інспэктара Дудко.
Таксама адвакат назвала навукоўцаў Карчыцкага і Бендзіна, якіх просіць выклікаць і выслухаць як спэцыялістаў. Бендзін — гісторык, які мае ўзнагароды ад Расейскай праваслаўнай царквы.
Пракурор супраць
Пракурор Аляксандар Кароль выказаўся супраць іх далучэньня як спэцыялістаў, тое самае і адносна сябраў Рэспубліканскай экспэртнай камісіі пры Мінінфарме. Да адвакаткі падсуднага Шыптэнкі далучылася адвакатка Паўлаўца, якая таксама мяркуе, што «да гэтых людзей вельмі шмат пытаньняў. Яны сталі ініцыятарамі крымінальнай справы».
Судзьдзя не задаволіў большасьць хадайніцтваў пра выклік спэцыялістаў
Судзьдзя параіўся з засядальнікамі і вырашыў: задаводіць хадайніцтва часткова. Падатковага Інспэктара Дудко выклікаць як сьведку, а сябраў камісіі, у тым ліку Матусевіча — не, Карчынскага і Бендзіна — таксама не выклікаць як спэцыялістаў.
Абарона Паўлаўца хоча вызваліць падсуднага з-пад варты
Адвакат Паўлаўца Крысьціна Марчук хадайнічае, каб яму зьмянілі меру стрыманьня. Паводле абаронцы, Юрыя Паўлаўца ўтрымліваюць ужо год пад вартай незаконна.
«Кожная з цытат, якія інкрымінуюць Паўлаўцу, ёсьць у афіцыйных крыніцах. Гэта надуманае абвінавачаньне».
Пракурор супраць таго, каб мянялі меру стрыманьня: «Ня бачу падставаў для зьмены меры стрыманьня».
Суд выйшаў, каб вырашыць, ці задавальняць хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для Паўлаўца.
Паўлаўца пакінулі пад вартай
Пасьля 40-хвіліннага перапынку суд адмовіў адвакату Паўлаўца ў зьмене для яго меры стрыманьня. Такім чынам Юры Паўлавец застаўся пад вартай, у судзе яго па-ранейшаму будуць трымаць у жалезнай клетцы.
Паўлавец удае, што сьпіць
Пасудны Паўлавец у клетцы дэманстрацыйна паклаў галаву на рукі, нібыта сьпіць седзячы. Ахоўнікі ня робяць яму заўваг.
Зачытваюць звароты з Расеі пра «невінаватасьць» падсудных
Судзьдзя зачытвае дакумэнты з Расеі, у тым ліку зь Дзярждумы, дзе сказана пра невінаватасьць падсудных, адсутнасьць законых падставаў для іх арышту. Таксама судзьдзя зачытвае скаргу Шыптэнкі, накіраваную з «Валадаркі», на адказ, які ён атрымаў зь Міністэрства адукацыі.
Зачытваюць абвінавачваньне Паўлаўца
Пачалося судовае сьледзтва. Пракурор Аляксандар Кароль пачаў зачытваць абвінавачваньне на падсуднага Паўлаўца.
У ім адзначаецца, што Юры Паўлавец ня быў зарэгістраваны як журналіст для асьвятленьня падзей у Беларусі. Між тым займаўся прадрымальніцкай дзейнасьцю па зборы і рэдагаваньні друкаваных матэрыялаў, «аказваў паслугі» на рэсурсах «Regnum.ru» ды іншых. Атрымаў незаконны прыбытак усяго на суму ня меней за 40 тысяч рублёў. Эпізоды пачаліся з 2011 году.
Потым пералічылі эпізоды за 2012 год — кожны месяц прыкладна па 2 тысячы расейскіх рублёў. Часам атрымліваў грошы ў далярах.
За красавік 2013 году — 100 даляраў ЗША, у траўні 2013 году — таксама 100 даляраў і яшчэ каля 2-3 тысяч расейскіх рублёў.
У канцы 2014 году — 500 і 800 даляраў. Сумы ў расейсіх рублях тыя ж — па 2-3 тысячы, ганарар. У красавіку 2015 году — 500 даляраў. У траўні яшчэ 500, 300, у чэрвені — 600, 300, 600, 480, жніўні — 300, верасьні — 300, кастрычнік — 480, 300, лістапад — 375, 300, сьнежань — 300, 400 даляраў.
Усяго ня менш за 40 тысяч беларускіх рублёў, што зьяўляецца буйным памерам.
«Такім чынам Паўлавец зьдзейсьніў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць», — заявіў пракурор.
У чым пракуратура выявіла распальваньне нацыянальнай варожасьці Паўлаўцом
Паводле пракурора, да 6 траўня 2016 году Юры Паўлавец, знаходзячыся ў Прылуках пад Менскам, разам з групай нявысьветленых асобаў з дапамогай інтэрнэту рыхтаваў артыкулы «Ідэнтычнасьць беларусаў. Мінулае і сучаснасьць» ды іншыя, чым «чыніў дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне варожасьці паводле нацыянальнай прыналежнасьці».
Паводле пракурора, у артыкулах Паўлавец выказваў сумненьні ў нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, казаў, што ўсе пэрыяды фармаваньня беларускай нацыі адрозьніваюцца русафобіяй і, маўляў, гэтая русафобія нікуды ня зьнікла, цяпер яна перайшла і ў падручнікі гісторыі. Гэта назіраецца у тым ліку ў звальненьні некаторых дзяржаўных чыноўнікаў, лічыць Паўлавец.
Ідэалягічны шантаж, паводле Паўлаўца, палягае ў сьцьвярджэньнях, што беларусы ніяк не зьвязаныя са славянствам. Ідэя адзінства славянскіх народаў стала замяняцца ідэяй асаблівасьці беларускай нацыі, мяркуе абвінавачваны.
Ён сьцьвярджае, што беларуская мова «наступае», і прыводзіць у прыклад шыльды ў мэтро па-беларуску. Паўлавец піша, што беларуская мова «мёртвая» і спасылаецца на вынікі перапісу, паводле якіх больш за 90 працэнтаў дома не карыстаюцца беларускай мовай.
Паводле пракурора, Паўлавец адмаўляе гістарычную спадчыну ВКЛ, «зьмяншае» значнасьць беларускай мовы, штучна трактуе стаўленьне беларусаў да расейцаў як варожае, «выклікае ў расейскіх грамадзянаў пачуцьцё абурэньня тым, што адбываецца ў Беларусі».