Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На магілёўскай фабрыцы, якая вырабляе «георгіеўскія» і «беларускія» стужкі, ня ведаюць беларускай мовы


Магілёўская пракуратура вынесла кіраўніцтву акцыянэрнага таварыства «Стужка» папярэджаньне за тое, што на беларускамоўны зварот быў дадзены адказ па-расейску.

У пракуратуру на фабрыку паскардзіўся сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Дзьмітры Люнтаў. Яму адпісалі з прадпрыемства на расейскай мове. Актывіст палічыў, што расейскамоўны допіс парушае ягоныя правы, і зьвярнуўся ў пракуратуру, каб тая іх абараніла.

Дзьмітры Люнтаў, архіўнае фота
Дзьмітры Люнтаў, архіўнае фота

«У ходзе праверкі пракуратурай Магілёва выяўленыя парушэньні заканадаўства аб зваротах грамадзян, — напісалі Дзьмітрыю Люнтаву з пракуратуры. — У сувязі з чым Пракурорам Магілёва на адрас генэральнага дырэктара і намесьніка генэральнага дырэктара акцыянэрнага таварыства „Стужка“ вынесеныя папярэджаньні аб недапушчэньні парушэньня закону».

Пракуратура, аднак, не знайшла падстаў, каб прыцягваць кіраўніцтва фабрыкі да дысцыплінарнай адказнасьці.

«Паводле маіх назіраньняў, адміністрацыі вытворчых прадпрыемстваў спрэс расейскамоўныя, і для іх адказваць на звароты грамадзян зручней па-расейску. Для іх галоўнае — зарабляць грошы, а моўныя пытаньні, пытаньні культуры для іх другасныя. Таму і здараюцца такія канфузы», — пракамэнтаваў сытуацыю Дзьмітры Люнтаў.

Да кіраўніцтва прадпрыемства сацыял-дэмакрат зьвяртаўся з просьбай спыніць выраб «георгіеўскіх стужак», якія, настойваў актывіст, «масава выкарыстоўваюць прарасейскія арганізацыі Беларусі, сэпаратысты Данбасу і іншыя імпэрска-шавінісцкія сілы Расеі дзеля прапаганды і пашырэньня ідэяў так званага «русского мира».

«Прашу вас устрымацца ад выпуску правакацыйнай і неадназначна ўспрыманай у Беларусі прадукцыі ў выглядзе „георгіеўскай стужкі“, якая не аб’ядноўвае, а разьядноўвае беларусаў і прымушае іх дзяліць на сваіх і чужых», — аргумэнтаваць сваю пазыцыю партыец.

Ініцыятыву Люнтава адміністрацыя прадпрыемства не падтрымала. У адказе на расейскай мове, які падпісаў генэральны дырэктар Сяргей Пятроў, гаворыцца, што вырабляецца «георгіеўская стужка» згодна з заяўкамі пакупнікоў.

«Калі вас зьневажае, як выкарыстоўваюць некаторыя чальцы нашага грамадзтва дадзеную стужку, — піша Пятроў, — прапануем вам праявіць актыўную грамадзянскую пазыцыю ў правядзеньні тлумачальнай і выхаваўчай працы з дадзенымі грамадзянамі».

Фабрыка «Стужка» таксама выпускае прадукцыю з нацыянальнай беларускай сымболікай, у тым ліку яна выпускала «беларускую стужку» для «Арт-сядзібы» — стужку з нацыянальным арнамэнтам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG