Кіраўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту перанесла сёньняшні сход, на якім павінны былі абраць новага рэктара ВНУ.
«Мы спадзяваліся скончыць працэс пошуку да 1 сакавіка, але абмен думкамі ўсё яшчэ працягваецца», — зазначыў з гэтай нагоды старшыня Кіроўнай рады ЭГУ Дэніэл Таршыс.
Прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніс Кучынскі ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што ў адміністрацыі ВНУ застаецца магчымасьць прыняць легітымнае рашэньне, даўшы права голасу і студэнтам. У такім выпадку, кажа Дзяніс Кучынскі, спатрэбіцца правесьці яшчэ адну сустрэчу прэтэндэнтаў на пасаду рэктара са студэнцкай супольнасьцю.
— Дзяніс, ці ведаеце вы прычыны, чаму адклалі прызначэньне новага рэктара?
— Для таго каб новая асоба была прызначаная на гэтую пасаду, павінна адбыцца паўнавартаснае паседжаньне Кіроўнай рады. Меркавалася, што яно пройдзе ў віртуальным фармаце і імя новага рэктара будзе агучанае. Але літаральна ў апошнія дні некаторыя сябры Кіроўнай рады запратэставалі з гэтай нагоды і заявілі, што такое важнае рашэньне павінна прымацца на сапраўдным і паўнавартасным паседжаньні. Паводле статуту яно павінна адбыцца не пазьней як праз два тыдні.
— Ці бяруць удзел у паседжаньнях Кіроўнай рады прадстаўнікі студэнтаў?
— На ўсіх паседжаньнях Кіроўнай рады прысутнічаюць два чалавекі ад студэнцкай супольнасьці. Але мы знаходзімся там як назіральнікі, ня маем права голасу. Я лічу, што пара прапанаваць унівэрсытэту — тым больш перад такім лёсавызначальным рашэньнем, як выбары новага рэктара — даць права голасу і прадстаўнікам студэнтаў. Гэта вельмі моцна легітымізавала б рашэньне, якое будзе прынятае. Якраз зараз і будзе абмяркоўвацца, відаць, як праводзіць сход Кіроўнай рады, у якім фармаце. Але тое, што рашэньне пра абраньне новага рэктара не было прынятае хутка, без сапраўднага сходу і дыскусіі, — гэта добры знак.
— Калі б у вас як прадстаўніка студэнтаў было права галасаваць, каму б пайшоў ваш голас?
— Гэта быў бы голас за Тацяну Шчытцову, якая перамагла па выніках галасаваньня сярод студэнтаў пасьля сустрэчы зь імі ўсіх кандыдатаў. Але калі дазваляе час, то трэба паўтарыць перадвыбарчую працэдуру і запрасіць да студэнтаў усіх кандыдатаў на пасаду. Трэба, каб яны яшчэ раз сустрэліся з Сэнатам і са студэнтамі. Тыя сустрэчы, якія арганізоўваліся ўнівэрсытэтам зімой, ня выканалі сваёй функцыі. Гэта ня быў той фармат, які б задаволіў студэнтаў. Імёны прэтэндэнтаў сталі вядомыя за дзень да сустрэчы. Сустрэчы былі па 30 хвілін і ў той час, калі студэнты былі на занятках. А пасьля адміністрацыя яшчэ і прэтэнзію выказала, што ўдзел бралі толькі 20 студэнтаў.
— То бок пакуль выбары фактычна адбываюцца без удзелу студэнтаў?
— На жаль. Хоць, напрыклад, у Віленскім унівэрсытэце і ва Ўнівэрсытэце Мікаласа Ромэрыса студэнтам загадзя вядомыя ўсе біяграфіі кандыдатаў на кіроўныя пасады. Там студэнты ўдзельнічаюць у выбарах на роўных правах з выкладчыкамі, заснавальнікамі і іншымі заангажаванымі суб’ектамі. Усё праходзіць празрыста і адкрыта. Дзіўна, бо ЭГУ дзейнічае паводле тых жа законаў, што і гэтыя ўнівэрсытэты, але ў нас такога няма.
— Правост Дэвід Полік ужо працяглы час выконвае абавязкі рэктара. Ці задаволеныя студэнты вынікамі ягонай працы?
— Я нават ня буду нічога казаць ад сябе. Скажу толькі, што чарговая акрэдытацыя нашага ўнівэрсытэту была падоўжаная на тры гады замест шасьці. Падчас праверкі міжнародная камісія выстаўляла адзнакі за розныя пазыцыі. Нэгатыўныя адзнакі выстаўленыя за «стратэгічны мэнэджмэнт». Тыя хібы, якія адзначыла камісія, — гэта хібы менавіта адміністрацыі.