Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што варта паглядзець на кінафэстывалі «Лістапад» у Менску


З 3 па 10 лістапада пад дэвізам «Ісьціна, любоў і прыгажосьць» пройдзе 24-ы Менскі міжнародны кінафэстываль «Лістапад»​.

У праграме фэстывалю каля 150 карцін, гэта гульнявое і дакумэнтальнае кіно. Пройдзе дзіцячы конкурс «Лістападзік» і нацыянальны конкурс.

Што раяць паглядзець адмыслоўцы?

«Рахманая» (Францыя, Расея, Нямеччына, Літва, Нідэрлянды, Украіна. 2017, 143 хв.)

Рэжысэр карціны Сяргей Лазьніца, які двойчы атрымліваў гран-пры «Лістапада». Апошні раз — за экранізацыю аповесьці Васіля Быкава «Ў тумане». «Рахманая» была ў сёлетняй конкурснай праграме Канскага фэстывалю. «Гэта спроба ў іранічнай, саркастычнай форме, у форме фантасмагорыі распавесьці пра крыміналізаваную прастору былога СССР. Гэта тое, што робіцца на сучаснай расейскамоўнай прасторы: вертухайская культура, непавага да асобы чалавека. Лазьніца гэта выказаў у сатырычнай, іранічнай форме. Гэта вельмі значная стужка, якую вельмі раю паглядзець», — сказаў Свабодзе кінакрытык Антон Сідарэнка. Сцэнар напісаны па матывах аднайменнага апавяданьня Фёдара Дастаеўскага.

«Вэстэрн» (Нямеччына, Баўгарыя, Францыя. 2017, 119 хв.)

Чарговы фільм «бэрлінскай школы» рэжысэркі Валескі Грызебах. Гэта гісторыя пра групу нямецкіх рабочых, якія пачынаюць працу над складаным праектам у Баўгарыі. На сёлетнім Канскім фэстывалі фільм сабраў выдатную крытыку.

«Лістапад» (Эстонія, Нідэрлянды, Польшча. 2017, 115 хв.)

Фільм-казка для дарослых рэжысэра Райнра Сарнэта. Яго дзеяньне адбываецца ў паганскай эстонскай вёсцы. «Мы часта кажам, што такое нацыянальны код, як вызначыць нацыянальны пачатак у чалавеку. Праз такую фантастычную гісторыю мы можам адчуць эстонскі характар і душу», — сказаў Свабодзе праграмны дырэктар фэстывалю Ігар Сукманаў.

«Хібула» (Грузія, Нямеччына, Францыя. 2017, 99 хв.)

Фільм грузінскага рэжысэра Георгія Авашвілі прысьвечаны апошнім дням жыцьця Зьвіяда Гамсахурдзія. Гэта гісторыя пра чалавека, які застаўся без улады. «„Хібула“ завяршае кінатрылёгію Авашвілі, што пачалася фільмам «Іншы бераг» у 2009 годзе і працягнулася ў 2014 годзе драмай «Кукурузны востраў», які атрымаў галоўную ўзнагароду Карлаварскага кінафэстывалю», — сказала Свабодзе кінакрытык Людміла Саянкова.

«Заўтра» (Беларусь. 2017, 63 хв.)

Упершыню ў конкурснай праграме «Маладосьць на маршы» — беларуская карціна рэжысэркі Юліі Шатун. «У актуальным стылі пастдок кінастужка распавядае пра гісторыю сям’і правінцыйных беларусаў у нашы дні. Гэта вельмі трапная мэтафара ўсяго нашага беларускага жыцьця. Краіна, якая застыла ў нейкай правінцыйнай прасторы. Гэтую стужку чакае фэстывальная будучыня. Гэта ўдача і адкрыцьцё арганізатараў фэстывалю», — сказаў Свабодзе кінакрытык Антон Сідарэнка.

«Янка Купала» (Беларусь. 2017, 26 хв.)

Гэта фільм лідэра беларускай дакумэнталістыкі рэжысэра Віктара Асьлюка. Паводле Антона Сідарэнкі, «гэта вельмі трапны калектыўны партрэт беларускай нацыі на фоне юбілею Янкі Купалы».

«Цар гары» (Беларусь, Польшча. 2017, 46 хв.)

Стужка беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы ў конкурсе «Дакумэнталістыка ў Беларусі». «Я б адзначыў некалькі стужак, якія фінансаваліся тэлеканалам „Белсат“ і былі ў эфіры гэтага тэлеканалу. Гэта своеасаблівая сэнсацыя — белсатаўскія стужкі ў праграме „Лістапада“. Па першае, гэта стужка Андрэя Куцілы пра маладых беларусаў, якія жывуць на далёкім хутары. І якія спрабуюць быць аўтаномнымі ад сыстэмы, дзяржавы, ад сваіх бацькоў. І вось цікава назіраць, што ў іх атрымліваецца, што не», — кажа Антон Сідарэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG