Відэаблогерка Лера Яскевіч і сьпявак Пётра Клюеў (цяпер іграе ў гурце «ЛСП») выканалі песьню Дэвіда Боўі «Space Oddity» па-беларуску ў перакладзе паэта Андрэя Хадановіча для беларускай агучкі фільму «Таемнае жыцьцё Ўолтэра Міці».
Лера Яскевіч выклала кліп на песьню на свой Youtube-канал. Відэа зьнятае на даху «вежы velcom» на менскай Кастрычніцкай плошчы, мабільны апэратар падтрымлівае праект «Беларускія ўікэнды», у межах якога і адбывалася агучка «Таемнага жыцьця Ўолтэра Міці». Рэжысэрам кліпу быў Мітры Сямёнаў-Алейнікаў. Праектам «Беларускія ўікэнды» кіруе перакладчык фільмаў Андрэй Кім. Паглядзець фільм па-беларуску можна будзе 27 і 28 красавіка, а таксама 1 траўня ў менскіх кінатэатрах «Масква» і Silverscreen у «Дана-моле».
«Space Oddity» — адна з самых вядомых песень Дэвіда Боўі, які пайшоў з жыцьця ў 2016 годзе. Запісаная ў 1969 годзе, песьня дагэтуль захоўвае папулярнасьць: кліп на яе раней запісаў на борце міжнароднай касьмічнай станцыі канадзкі астранаўт Крыс Гэдфілд. Песьня таксама гучыць у машыне Ілана Маска Tesla, запушчанай у космас пры дапамозе ракеты-носьбіта Falcon Heavy.