Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пра заканчэньне справы «Белага легіёну»: «Яшчэ ёсьць тыдзень»


Справа «Белага легіёну», заведзеная сёлета ў сакавіку, дагэтуль не завершаная, сказалі карэспандэнту Свабоды ў Сьледчым камітэце Беларусі.

У адказ на напамін, што старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч абяцаў завяршыць справу цягам восені, прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч сказаў:

«Яшчэ ёсьць тыдзень. Як сказаў Іван Наскевіч, што ўсе кропкі па справе да зімы будуць расстаўленыя, гэтак і будзе».

Справу «Белага легіёну», названую яшчэ «справай патрыётаў», завялі ў сакавіку, пасьля таго як супрацоўнікі КДБ арыштавалі больш за 30 актывістаў былой спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», дзейнага бабруйскага клюбу «Патрыёт», незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт», а таксама іншых асобаў.

Спачатку арыштаваных абвінавацілі ў арганізацыі падрыхтоўкі масавых беспарадкаў. Празь месяц частку затрыманых вызвалілі, а справы больш як 10 чалавек перакваліфікавалі на ўдзел у незаконным узброеным фармаваньні.

У траўні расьсьледаваньне з КДБ перадалі ў Сьледчы камітэт, а ў канцы чэрвеня выйшлі на волю пад падпіску апошнія фігуранты справы, хто яшчэ заставаўся ў вязьніцы. У верасьні стала вядома, што ў канцы лета зьмяніліся некаторыя сьледчыя, якія адпачатку вялі справу «Белага легіёну». У кастрычніку старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч распавёў журналістам пра лёс справы «Белага легіёну».

«Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягвецца, але падстаў разьбірацца да бясконцасьці няма. Думаю, цягам восені мы паставім кропку. Не магу прагназаваць, у які бок. Але мы вынесем абгрунтаванае рашэньне», — сказаў Іван Наскевіч.

У лістападзе зноў выклікалі на допыт

Міраслаў Лазоўскі
Міраслаў Лазоўскі

У лістападзе некаторых фігурантаў справы зноў выклікалі на допыты ў Сьледчы камітэт. У прыватнасьці, у допыце браў удзел адзін з былых кіраўнікоў «Белага легіёну», фігурант справы Міраслаў Лазоўскі.

«Гэта было нядаўна — зноў паклікалі на допыт. Удакладнялі некаторыя ранейшыя моманты, але што пэўна, сказаць ня маю права — падпіска. Вёў допыт новы сьледчы. Мне пра тое, ці закрыюць справу наогул, сьледчы нічога не сказаў. Ведаю, што іншых фігурантаў справы зараз таксама выклікалі да сьледчых, а зь якой прычыны, сказаць не магу», — кажа колішні актывіст «Белага легіёну».

Паводле Міраслава Лазоўскага, ён адразу не прызнаваў сябе вінаватым у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і потым не прызнаў віны ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім. Пра лёс справы Міраслаў Лазоўскі выказваўся гэтак:

«Хацелася б спадзявацца на лайт-варыянт разьвіцьця падзей, але ж вы самі разумееце, якое адценьне мае справа».

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG