Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады спалохаліся, што пратэст супраць іх выходзіць на новы ровень — пэрсанальны», — Скрабец


Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец, у мінулым намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў і палітвязень, пракамэнтаваў Свабодзе новыя захады ўлады аб стварэньні сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі:

«Я не разумею, навошта ўсё гэта рабіць. Што, няма куды грошы падзець? У нашай краіне і бяз гэтага існуе сыстэма татальнага сачэньня. Чаго толькі варта тое, што фактычна амаль усіх мужчын вымусілі (дарэчы, насуперак закону) здаць адбіткі пальцаў. Дзіўна, што яшчэ жанчын прапусьцілі.

А вазьміце тэлефоны. Размовы праслухоўваюцца. Пра гэта сьведчаць і падзеі пасьля Плошчы-2010, калі тэлефонныя апэратары перадалі спэцслужбам інфармацыю пра тых, хто ўключаў тэлефон на Плошчы. Дый цяпер, асабліва апошні тыдзень, тэлефонныя размовы і мае, і майго малодшага брата таксама праслухоўвалі. Прычым ужо не саромеюцца, каб нават неяк замаскіравацца. Праслухоўваньне вялося настолькі груба, што мы яго хутка заўважылі.

Нарэшце, ёсьць жа спэцыяльны цэнтар пры прэзыдэнце, які падпарадкоўваецца непасрэдна толькі яму і які займаецца пошукам незадаволеных уладай. Няўжо ўсяго гэтага мала?!

Улада моцна напалоханая. І таму хоча збудаваць новую сыстэму, збудаваць на народныя грошы. А напалохалася яна дзьвюх рэчаў.

Першая — пратэставаць выходзяць не традыцыйныя апазыцыянэры, а самыя звычайныя людзі, той жа электарат Лукашэнкі. Ім залезьлі ў кішэні. А там і так амаль нічога няма.

Другая — народ пачаў выступаць ня супраць дзяржаўных чыноўнікаў наагул, як раней, а супраць канкрэтных асобаў. Цяпер сталі канкрэтна называць тых, хто патрошыць кішэні звычайных людзей, а калі тыя пачынаюць пратэставаць, жорстка карае пратэстоўцаў. Гэта — Мясьніковіч, Шчоткіна, Шуневіч... Наступны тут, я ўпэўнены, будзе Лукашэнка. Людзі, якія яму раней верылі, цяпер зразумелі, хто кіруе ўсёй гэтай пірамідай зьдзекаў і гвалту.

Пратэст генэрала Фралова, алімпійскага чэмпіёна Парфяновіча і мой супраць таго, што Лукашэнка зможа бясконцую колькасьць разоў абірацца прэзыдэнтам, беларусы ў свой час не падтрымалі. Тады яны ня зьвязвалі пажыцьцёвае кіраваньне аднаго чалавека з жабрацкім жыцьцём, да якога яны цяпер набліжаюцца. Цяпер яны пачынаюць разумець, да чаго вядзе неабмежаванае па паўнамоцтвах і тэрмінах кіраваньне аднаго і таго ж чалавека. Вось з гэтай прычыны найперш улада і шукае цяпер новыя спосабы паставіць усё пад татальны кантроль».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG