Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сівіцкі: «Расейская эліта лічыць, што афіцыйны Менск, які заляцаецца да Захаду, — здраднік»


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсен Сівіцкі.

Ён адказвае на пытаньне, як амэрыканскія антырасейскія санкцыі могуць ударыць па Беларусі, тлумачыць, чаму Менск у любым выпадку будзе дыстанцыявацца ад Масквы, і распавядае, які сцэнар вучэньняў «Захад-2017» самы небясьпечны.

Цыганкоў: Амэрыканскія санкцыі супраць Расеі паставілі пэўную кропку на спадзяваньнях Масквы палепшыць адносіны з ЗША пасьля абраньня новага прэзыдэнта. Як гэта можа адбіцца на Беларусі, на беларуска-расейскіх адносінах?

Самыя цікавыя моманты гэтага новага закону якраз зьвязаныя з тым, што, па сутнасьці, ён абвяшчае пачатак татальнага паляваньня на расейскую эліту.

Сівіцкі: Гэты санкцыйны пакет істотна адрозьніваецца ад тых санкцыяў, якія ўводзіліся супраць Расеі раней. І галоўная задача гэтых санкцыяў у тым, каб кінуць выклік самому палітычнаму рэжыму ў Расеі, які грунтуецца на сыстэме дзяржаўнага алігархічнага капіталізму. Самыя цікавыя моманты гэтага новага закону якраз зьвязаныя з тым, што, па сутнасьці, ён абвяшчае пачатак татальнага паляваньня на расейскую эліту.

Ён прадугледжвае падрыхтоўку некалькіх дакладаў Міністэрства фінансаў ЗША і выведкі, якія дасьледуюць расейскіх алігархаў і іхнія сувязі зь дзяржаўнымі структурамі, прэзыдэнтам Пуціным, іхнія карупцыйныя сувязі, ня толькі на тэрыторыі Расеі. Таксама прадугледжана стварэньне базы дадзеных іхніх актываў і бізнэс-інтарэсаў. Згодна з гэтым законам, нават ствараецца адмысловы фонд па супрацьдзеяньні расейскаму ўплыву — дзеля фінансаваньня гэтых расьсьледаваньняў.

Арсен Сівіцкі
Арсен Сівіцкі

І гэта на самой справе вельмі сур’ёзна б’е па Крамлі, па існым палітычным рэжыме. Канфрантацыя паміж Расеяй і ЗША пераходзіць на новы ўзровень.

Што да Беларусі, то санкцыі ЗША практычна азначаюць наступнае. Па-першае, усе нашы так званыя інтэграцыйныя праекты па лініі «саюзнай дзяржавы» фактычна спыняцца, бо калі інтэграцыя беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў адбудзецца, то яны таксама стануць аб’ектам санкцыяў. Любыя беларускія кампаніі, якія захочуць узяць удзел у прыватызацыі, таксама падпадаюць пад дзеяньне санкцыйнага закону, як і любая інвэстыцыйная актыўнасьць расейскіх кампаніяў (якія пад санкцыямі) на тэрыторыі Беларусі. Нарэшце, значная частка банкаўскіх актываў у Беларусі належыць Расеі. І дзейнасьць гэтых расейскіх банкаў таксама будзе падпадаць пад расьсьледаваньне амэрыканскіх уладаў. То бок тут мы, па сутнасьці, закладнікі гэтых санкцыйных захадаў супраць Расеі.

Цыганкоў: У адным з сваіх апошніх тэкстаў вы напісалі, што найбольш верагодным адказам Крамля будуць нейкія асымэтрычныя дзеяньні Расеі ў вайскова-палітычнай сфэры. Якія гэта могуць быць дзеяньні? І ці можа гэта выклікаць хваляваньне ў Беларусі?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Сівіцкі: У Расеі, сапраўды, ня так і шмат опцыяў у сфэры эканамічна-фінансавай, але даволі шмат варыянтаў рэагаваньня на гэтыя крокі ЗША ў вайскова-палітычным вымярэньні. І тут самая галоўная праблема ў тым, што першыя даклады, якія разглядаюць гэтыя карупцыйныя сувязі расейскіх алігархаў, павінны зьявіцца на пачатку 2018 году. Якраз у разгар прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі — дзень выбараў прызначаны на 18 сакавіка, у гадавіну анэксіі Крыму. Зразумела, што такім чынам санкцыі становяцца часткай парадку дня, зь якім Пуцін ідзе на выбары.

На мой погляд, сёньня існуюць два сцэнары. Гэта сцэнар эскаляцыйнага дамінаваньня і сцэнар абложанай крэпасьці. У варыянце «абложанай крэпасьці» Расея захоўвае статус-кво ў стасунках з Захадам. Праводзіць лінію на самаізаляцыю, паніжэньне сувязяў з заходнімі краінамі. І спрабуе ўцягнуць у гэтую ізаляцыю краіны постсавецкай прасторы, у тым ліку і Беларусь.

Для нас гэта азначае, што Расея будзе патрабаваць ад Беларусі большай ляяльнасьці і абмежаваньня ўзроўню нашага супрацоўніцтва з заходнімі краінамі, бо Крэмль разглядае гэтае супрацоўніцтва як выклік сваім стратэгічным інтарэсам. Пры гэтым Расея будзе па магчымасьці пазьбягаць сур’ёзных канфліктаў з Захадам, каб не правакаваць ЗША на ўвядзеньне новых санкцыяў, бо закон, падпісаны Трампам, адкрывае фактычна бясконцыя магчымасьці ўводзіць новыя санкцыі супраць Расеі.

Іншы сцэнар — эскаляцыйнага дамінаваньня — пры якім Расея абвяшчае канфрантацыю з Захадам у якасьці прыярытэту замежнай палітыкі. І гэта мяняе ўнутраны парадак дня — з эканамічнага разьвіцьця на супрацьстаяньне з заходнімі дзяржавамі. Расея ізалюецца ад астатняга сьвету, але пры гэтым праводзіць агрэсіўную зьнешнюю палітыку. Гэта самы небясьпечны для Беларусі сцэнар, бо мы вяртаемся да сытуацыі канца 2014 году, калі Расея ціснула на Беларусь дзеля разьмяшчэньня на нашай тэрыторыі сваіх вайсковых базаў, каб уцягнуць Беларусь у вайскова-палітычную канфрантацыю з Захадам.

Цыганкоў: Ці могуць усе дасягненьні Менску па нармалізацыі адносінаў з Захадам быць пастаўленыя пад сумнеў апошнім разьвіцьцём падзеяў, пагаршэньнем адносінаў Масквы з Вашынгтонам? Магчыма, Расея паспрабуе паставіць Беларусь у антызаходні шэраг як свайго фармальнага саюзьніка? Ці наадварот, ёсьць шанец, што Захад цяпер пачне зьвяртаць больш увагі на Беларусь, каб спрыяць адыходу, адсоўваньню краіны ад Расеі?

Нягледзячы на той сцэнар, зь якім вызначацца ў Крамлі, Беларусь у любым выпадку будзе імкнуцца дыстанцыявацца ад Расеі

Сівіцкі: Нягледзячы на той сцэнар, зь якім вызначацца ў Крамлі, Беларусь у любым выпадку будзе імкнуцца дыстанцыявацца ад Расеі. Бо абвешчаныя супраць Расеі санкцыі могуць быць вельмі лёгка прынятыя і супраць Беларусі, калі Менск будзе актыўна падтрымліваць Маскву на міжнароднай арэне. Мне падаецца, мы будзем назіраць актыўныя спробы Беларусі дывэрсыфікаваць сваю зьнешнюю палітыку. І тут асноўным партнэрам для нас будуць ЗША, якія і так даволі шмат аддаюць цяпер увагі Беларусі, бо разумеюць стратэгічнае значэньне нашай краіны.

Я мяркую, ЗША будуць спрыяць таму, каб Беларусь заставалася самастойнай, незалежнай і нэўтральнай краінай — у сэнсе, без расейскай вайсковай прысутнасьці на сваёй тэрыторыі. Але ўсё гэта будзе вельмі балюча ўспрымацца ў Крамлі. Аналіз публікацыяў вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі, напрыклад, кіраўніка генэральнага штабу Ўзброеных сілаў ці намесьніка начальніка ГРУ, паказваюць, што сілавая эліта зацікаўленая ў тым, каб пайсьці па найбольш жорсткім сцэнары.

Мне падаецца, што Пуцін цяпер вельмі сур’ёзна залежыць ад гэтых прыхільнікаў жорсткай лініі, якія будуць забясьпечваць стабільнасьць палітычнай сыстэмы падчас выбарчай кампаніі, і гэтая група будзе патрабаваць ад Пуціна жорсткіх адказаў на дзеяньні ЗША. У тым ліку прэвэнтыўных дзеяньняў па блякаваньні заходняга ўплыву на краіны постсавецкай прасторы. І Беларусь тут першая на парадку дня.

Цыганкоў: З гэтага пункту гледжаньня апошнія месяцы асаблівая ўвага беларускіх публіцыстаў і аналітыкаў была зьвернутая на беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017». Ці ўдалося беларускаму боку адстаяць свой сцэнар гэтых вучэньняў, ці прыедзе ў Беларусь менавіта столькі расейскіх вайскоўцаў, колькі дазволіў Менск? Ці тут ёсьць нейкі туман, грамадзтву невядомы?

Акцыя супраць манэўраў «Захад-2017» у Менску, 7 ліпеня 2017 году
Акцыя супраць манэўраў «Захад-2017» у Менску, 7 ліпеня 2017 году

Сівіцкі: Беларускаму боку яшчэ на этапе плянаваньня гэтых вучэньняў удалося настаяць на сваім бачаньні сцэнару, маштабаў і парамэтраў гэтых вучэньняў. Згодна зь лічбамі Міністэрства абароны мы бачым, што парамэтры гэтых вучэньняў не адрозьніваюцца ад тых, якія праходзілі ў 2013 годзе. Але Расея відавочна хацела іншы сцэнар, і гэта было бачна па той колькасьці вагонаў, якую заплянавала расейскае Міністэрства абароны для паставак на тэрыторыю Беларусі.

Беларусь не зацікаўленая ў тым, каб страціць статус донара рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці. Згодна з гэтай устаноўкай і плянаваліся гэтыя вучэньні. Яны будуць праводзіцца максымальна празрыста, прэтэнзіяў да беларускага боку тут быць не павінна.

Ёсьць толькі адзін сцэнар, калі ўсё можа пайсьці незаплянавана. Гэта калі супраць расейскіх вайскоўцаў адбудуцца нейкія правакацыі на тэрыторыі Беларусі

Заплянаваныя на вучэньні 3 тысячы расейскіх вайскоўцаў не нясуць ніякай прамой пагрозы беларускай незалежнасьці. Нават калі штосьці пойдзе не па пляну і нашыя расейскія калегі вырашаць падкінуць нам нейкія сюрпрызы — відавочна, што беларускі бок будзе рэагаваць на гэта вельмі жорстка.

Мне здаецца, ёсьць толькі адзін сцэнар, калі ўсё можа пайсьці незаплянавана. Гэта калі супраць расейскіх вайскоўцаў адбудуцца нейкія правакацыі на тэрыторыі Беларусі. І Расея тады выкарыстае гэтыя правакацыі як нагоду для таго, каб перагледзець сцэнар і парамэтры вучэньняў, узмацніць свой кантынгент і застацца пасьля вучэньняў да «стабілізацыі сытуацыі». Гэта адзіны крызісны сцэнар, які нясе пэўную небясьпеку для Беларусі.

Расейскія вайскоўцы ў аэрапорце Сымфэропаля, 28 лютага 2014 году
Расейскія вайскоўцы ў аэрапорце Сымфэропаля, 28 лютага 2014 году

Калі ўсё пойдзе па пляну, зразумела, што расейскія вайскоўцы пакінуць Беларусь. Тое. што вучэньні праходзяць у максымальна транспарэнтным рэжыме, зьвязана і з тым, каб стварыць страховачны мэханізм ад правакацыяў падчас вучэньняў.

Але нягледзячы на тое, як пройдуць вучэньні, Расея будзе працягваць ціснуць на Беларусь.

Цыганкоў: З гэтага пункту гледжаньня як стратэгічна мае паводзіць сабе афіцыйны Менск? Наколькі прымальныя цяперашнія дзеяньні беларускіх уладаў?

Сівіцкі: Стратэгія Менску пакуль што выглядае, як мне падаецца, аптымальнай. Беларусь спрабуе балянсаваць. Пры гэтым не ўсталёўваць стасункі з Захадам на шкоду расейскім інтарэсам. Зь Менску пэрыядычна гучаць самыя саюзьніцкія запэўніваньні. Гэта таксама дэманстрацыя ляяльнасьці.

Але праблема ў тым, што ў Маскве крамлёўскімі стратэгамі гэта ўжо так не ўспрымаецца. Любыя спробы палепшыць адносіны з Захадам там успрымаюцца з падазрэньнем. Масква будзе імкнуцца абмежаваць уплыў Захаду на Беларусь, пры гэтым не пытаючыся ў афіцыйнага Менску.

Я лічу, што асноўныя праблемы пачнуцца бліжэй да выбараў у Расеі. Варта чакаць узмацненьня ціску на нашу краіну.

Цыганкоў: Але ж наадварот, ёсьць такое назіраньне, што выбары ў Расеі заўсёды праходзяць на фоне адносна спакойных адносінаў зь Беларусьсю. Вось і зараз бакі скончылі газавую і малочную вайну яшчэ вясной, за год да выбараў. Так было заўсёды ў перадвыбарчы год у Расеі. Звычайна на выбарах Крэмль хваліцца добрымі адносінамі зь Беларусьсю.

Сівіцкі: Так было да 2014 году, да Крыму і Данбасу. Узровень канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам ніколі не дасягаў таго, што цяпер. Беларускі чыньнік проста перастаў уплываць на ўнутраную палітыку ў Расеі. Больш за тое, расейская эліта (асабліва сілавы блёк) лічыць, што афіцыйны Менск, які заляцаецца да Захаду, — здраднік. І спадзявацца на Беларусь як на надзейнага хаўрусьніка проста нельга. Мы бачым лінію на самаізаляцыю Расеі ад астатняга сьвету.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG