Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня маюць прызначыць прэзыдэнцкія выбары


30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў абмяркуе дату чарговых выбараў прэзыдэнта Беларусі. Чакаецца, што выбары будуць прызначаныя на 11 кастрычніка 2015 году.

У папярэднім раскладзе працы дэпутатаў на сёньня пытаньне аб прызначэньні прэзыдэнцкіх выбараў стаіць пад нумарам 1. Абгрунтоўваць дату правядзеньня выбараў улады даручылі старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

Хоць выбары кіраўніка беларускай дзяржавы афіцыйна яшчэ не прызначаныя, але пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у іх ужо заявілі як найменей восем чалавек. Гэта — дзейны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, старшыні трох палітычных партыяў: Аб’яднанай грамадзянскай — Анатоль Лябедзька, лібэральна-дэмакратычнай — Сяргей Гайдукевіч, «Справядлівага сьвету» — Сяргей Калякін. Тацьцяна Караткевіч вылучаецца ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум», Алена Анісім — ад Таварыства беларускай мовы, беспрацоўнага Юрыя Шульгана падтрымліваюць беларускія «зялёныя». Шэраг партыяў і грамадзкіх арганізацыяў абвясьцілі, што гатовыя зьбіраць подпісы за палітвязьня Мікалая Статкевіча.

«Усё выглядае на тое, што асноўнымі кандыдатамі ад дэмакратычнай апазыцыі будуць Анатоль Лябедзька і Тацяна Караткевіч», — лічыць палітоляг Юры Чавусаў:

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

«Хоць кідаецца ў вочы, што ў кааліцыях, якія былі сфармаваныя даволі даўно, яшчэ два гады таму, — „Талака“ і „Народны рэфэрэндум“ — ня ўсё так гладка. З „Талакі“ і Калякін, і Лябедзька заяўляюць пра намер балятавацца, а іхнія партыі прынялі адпаведныя рашэньні. Зь іншага боку, у „Народным рэфэрэндуме“ дзьве структуры афіцыйна падтрымалі Караткевіч, а дзьве (БСДП (Грамада) і рух „За свабоду“), скажам так, — пасіўна.

Такім чынам, бачна, што асаблівага імпэту ў дэмакратычных сілаў для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах няма. І можа так атрымацца, што гэтая кампанія стане найменш заўважнай за ўсю гісторыю прэзыдэнцкіх выбараў.

Тут накладаюцца некалькі фактараў. З аднаго боку, фактычна зьнікае дзяржаўнае фінансаваньне агітацыі. З другога боку, заўважаецца істотная апатыя насельніцтва. І з трэцяга, збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў прыпадае на ліпень. А гэта — самы неспрыяльны месяц у сэнсе прысутнасьці выбарцаў у тых кватэрах, абход якіх становіцца асноўным сродкам збору подпісаў. І тут у найбольш выгодным становішчы, мабыць, будзе прадстаўніца „Народнага рэфэрэндуму“. У яе каманды ёсьць досьвед збору подпісаў па пытаньнях „Народнага рэфэрэндуму“. Ім можна абыйсці падпісантаў яшчэ раз і прапанаваць ім падпісацца за кандыдата, які ўвасабляе ў сабе пытаньні, якія гэтыя людзі ўжо падтрымалі».

«Найперш я хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што Цэнтральная выбарчая камісія не прызначае дату выбараў. Мы яе толькі прапануем», — кажа Свабодзе сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік

«Заканадаўства вызначае крайнюю дату, пасьля якой ужо нельга праводзіць выбары. Гэта — два месяцы да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта. Гэта, калі можна так сказаць, буйкі, за якія заплываць нельга.

А вось бліжэйшую дату можа вызначаць парлямэнт. І, я думаю, ён гэтым правам скарыстаецца. Прычым гэта яго суб’ектыўнае права, то бок ён можа прызначыць дату і на 15 лістапада, і на 11 кастрычніка. А можа, нават і раней.

Што тычыцца зручнасьці даты 11 кастрычніка, то трэба адзначыць, што адзін з аргумэнтаў за прызначэньне выбараў на гэтую дату — гэта тое, што тады можна не праводзіць пазачарговую сэсію Палаты прадстаўнікоў і зэканоміць бюджэтныя грошы.

Што зьбіраць подпісы цяжка, мы гэта ведаем. Але я думаю, што тым людзям, якім цяжка іх сабраць у ліпені, будзе цяжка зрабіць гэта і ў верасьні. І ў лістападзе, і ў сьнежні нават. Таму што сёньня людзі, перад тым як паставіць дзесьці свой подпіс, падумаюць. Аднак трэба працаваць. Калі ў патэнцыйнага кандыдата ёсьць добрая каманда, то гэтая праца яму пад сілу».

Каб зарэгістравацца кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі, неабходна сабраць сама меней 100 тысяч сапраўдных подпісаў грамадзянаў, якія валодаюць выбарчым правам. Зьбіраць подпісы могуць толькі сябры ініцыятыўнай групы, якая афіцыйна рэгіструецца ў ЦВК. Мінімальная колькасьць групы — 100 чалавек. Верхняга абмежаваньня няма.

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына сказала Свабодзе, што гатовая прымаць сьпісы ініцыятыўных груп кандыдатаў ужо 1 ліпеня. Аднак зьбіраць подпісы зарэгістраваным зборшчыкам закон дазваляе не раней як за 80 дзён да даты выбараў. І адводзіцца на гэтую працэдуру роўна 30 дзён.

Прэзыдэнцкія выбары ў Рэспубліцы Беларусь праводзіліся ў 1994, 2001, 2006 і 2010 гадах. На ўсіх іх, паводле дадзеных ЦВК, перамагаў Аляксандар Лукашэнка.

Усе выбары ў Беларусі пасьля 1994 году не прызнаваліся апазыцыяй і міжнароднай супольнасьцю вольнымі, празрыстымі і дэмакратычнымі. Супраць старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, яе сакратара Мікалая Лазавіка і іншых сябраў камісіяў за фальшаваньне вынікаў выбараў Эўразьвяз і ЗША ўвялі санкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG