Фрунзенскі суд Менску аштрафаваў сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца на 50 базавых (1050 рублёў). Яго зьвінавацілі ў арганізацыі акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў, якая прайшла 12 верасьня ў Менску, і ва ўдзеле ў ёй.
У пратаколе сутнасьць правапарушэньня сфармулявалі так: «Стаяў на фоне расьцяжкі „Лукашэнка, сыходзь!“, выкрыкваў „Жыве Беларусь!“ і публічна выказваў сваё меркаваньне адносна выбараў у Палату прадстаўнікоў».
У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Павал Севярынец назваў вырак суду беззаконьнем:
«Калі людзі выходзяць абараняць закон, выходзяць пратэставаць супраць фальсыфікацыяў, а іх за гэта штрафуюць — гэта беззаконьне ў квадраце. Сёньняшняму рэжыму не хапае грошай, таму штампуюць штрафы. Звычайна на такія суды ўжо не хаджу, бо ведаю вырак — 50 базавых. Ну, і прыйдзе час, калі новая, дэмакратычная ўлада дасьць ацэнку ўсяму гэтаму беззаконьню».