Жыхары дамоў 26 і 28 на вуліцы Малініна ды 170 на праспэкце Ракасоўскага ў менскім мікрараёне Серабранка пагражаюць не ісьці на выбары ў адказ на дзеяньні адміністрацыі Ленінскага раёну, Менскага гарвыканкаму ды кампаніі «Парфум Трэйд».
Больш за 500 жыхароў гэтых дамоў зьвярнуліся ў пракуратуру з пратэстам супраць высяканьня дрэваў у двары гэтых дамоў і будаваньня на іх месцы крамы побытавай хіміі і парфумы «Міла».
Як паведамілі Свабодзе жыхары, яны выклікалі міліцыю, калі пабачылі, як невядомыя людзі неспадзявана пачалі пілаваць дрэвы на панадворку. Гэтыя дрэвы людзі садзілі самі, калі засяляліся. На інцыдэнт зьявіўся намесьнік старшыні Ленінскага райвыканкаму Андрэй Бандарэнка. Ён сказаў, што месца ачышчаюць для крамы «Міла», а грамадзкае абмеркаваньне гэтага праекту ды яго ўзгадненьне адбылося яшчэ ў 2013 годзе. Гараджане не паверылі словам чыноўніка ды зьвярнуліся ў пракуратуру са скаргай на неправамерныя дзеяньні ўладаў і забудоўшчыка.
Паводле словаў жыхароў, падчас сустрэчы зь імі Бандарэнка паабяцаў прыпыніць высяканьне дрэваў да правядзеньня грамадзкіх слуханьняў. Аднак, назаўтра раніцай будаўнікі сьпешным парадкам прыбралі дрэвы.
Абураныя людзі заявілі афіцыйным лістом, што адмаўляюцца ісьці на выбары, калі забудоўшчык не спыніць будоўлі самой крамы, паведаміў адзін з актывістаў Васіль Плаўскі:
«Я асабіста зьбіраў подпісы жыхароў трох дамоў пад заявамі, што мы пратэстуем супраць высяканьня дрэў і будаваньня крамы ды адмаўляемся ад выбараў у палату прадстаўнікоў, калі будоўлі ня спыняць. Пад кожнай з заяў стаіць па 500 подпісаў. Бо адміністрацыя Ленінскага раёна сваімі дзеяньнямі прыводзіць да таго, што людзі трацяць давер да дзейнай улады. Калі дзьвесьце чалавек просяць яго спыніць высяканьне дрэваў, і ён кажа „так“, а літаральна назаўтра прыбягаюць людзі зь піламі і валяць дрэвы, то, відаць, пракуратура мусіць даведацца, колькі чыноўнікам за гэта заплацілі. Бо іншым, акрамя як дзеяньнем карупцыйных схемаў, людзі ня могуць растлумачыць, чаму гэтак адбываецца».
Жыхары Серабранкі кажуць, што ім трэба дзіцячая пляцоўка, бо дзецям няма дзе гуляць. А за некалькі мэтраў ад іх дамоў і так працуюць ужо дзьве крамы «Міла». Няма ніякай патрэбы будаваць яшчэ адну.