Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сельгаспасёлак: выгнаць бедных, каб даць зарабіць багатым


 Сельгаспасёлак: зона высокай рызыкі
Сельгаспасёлак: зона высокай рызыкі

Сёньня завяршаецца грамадзкае абмеркаваньне новай рэдакцыі Генэральнага пляну Менску. Выслухоўваць грамадзкія прэтэнзіі аўтары праекту перабудовы сталіцы пачалі месяц таму і першапачаткова зьбіраліся завяршыць прыём заўвагаў 5 лістапада.

На патрабаваньне менчукоў тэрмін быў працягнуты. Але ўцямнага адказу на многія свае запыты людзі так і не пачулі.

Большая частка пытаньняў тычылася зносу сядзібнай забудовы і кампэнсацыі за страту нерухомасьці.

У цэнтры сталіцы — «арганізаванае масавае зьнішчэньне маёмасьці»

У будынак праектнай установы «Менскграда», дзе можна было азнаёміцца з матэрыяламі Генпляну, жыхары Сельгаспасёлку апошні месяц хадзілі як на працу. Збольшага цешыліся думкай, што эканамічны крызіс адкарэктуе намеры гарадзкіх уладаў ператварыць 129 гектараў тэрыторыі, на якой у паваенны час бяздомныя менчукі самастойна вырашалі свае жыльлёвыя праблемы, у чарговы раён стандартнай шматпавярховай забудовы.

Брукаванка на вуліцы Гало
Брукаванка на вуліцы Гало

Але выглядае, што цуду ня здарылася. У адпаведнасьці з праектам дэталёвага плянаваньня ў зоне пад кодам «49 Жм» да 2030 году заплянавана да зьнішчэньня 1090 (!) індывідуальных дамоў у межах вуліц Някрасава, Собінава, Олешава, Усходняй.​

Замест прыватнага сэктару — шматпавярховікі. Так мае выглядаць тэрыторыя Сельгаспасёлку паводле генпляну
Замест прыватнага сэктару — шматпавярховікі. Так мае выглядаць тэрыторыя Сельгаспасёлку паводле генпляну

Прычым бульдозэрнай атакі тутэйшыя жыхары чакаюць ужо на наступны год: згодна з рашэньнем Менгарвыканкаму, да 2017-га не павінна застацца сьлядоў ад 119 дамоў на 11 гектарах. Гэта вуліцы Тыражная, Дастаеўскага, Корш-Сабліна, Гало, Верхняя, Тургенева, Камароўскае кальцо.

У зону зносу трапіла царква. Ці дапамогуць вышэйшыя сілы?
У зону зносу трапіла царква. Ці дапамогуць вышэйшыя сілы?

Для адстойваньня інтарэсаў створана ініцыятыўная група зь ліку мясцовых жыхароў. У Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Савет міністраў, прэзыдэнту краіны разасланыя калектыўныя звароты за подпісам амаль 1500 грамадзянаў з патрабаваньнем спыніць «арганізаванае масавае зьнішчэньне маёмасьці»: «Гэтае „бязьмежжа“ называецца „дзяржаўнай патрэбай“ і прыкрываецца вашымі ўказамі», — зьвяртаюць увагу Аляксандра Лукашэнкі падпісанты.

Вольга Дэйнэкіна
Вольга Дэйнэкіна

Упаўнаважаная прадстаўніца жыхароў Сельгаспасёлку па кантактах зь дзяржструктурамі — Вольга Дэйнэкіна. У ліставаньні з афіцыйнымі органамі яна зьвяртае ўвагу на супярэчнасьці паміж дэкляраванымі намерамі дбаць пра дабрабыт менчукоў і спосабамі іх рэалізацыі. У прыватнасьці, знос дамоў чыноўнікі абгрунтоўваюць будоўляй лініі мэтро ў бок мікрараёну Зялёны Луг. Зь іншага боку, каб дасягнуць неабходнага пасажырапатоку, тэрыторыю Сельгаспасёлку трэба спачатку вызваліць ад малазаселенай прыватнай забудовы і ўшчыльніць высоткамі.

Такі падыход, кажа Вольга Дэйнэкіна, прымушае засумнявацца ў кампэтэнтнасьці кіраўніка творчай групы распрацоўнікаў новага Генпляну, галоўнага архітэктара «Менскграда» Аляксандра Акенцьева. Зь яго слоў вынікае, што жыць у індывідуальных дамах можна, але ня ўсім:

Галоўны архітэктар «Менскграда» Аляксандар Акенцьеў
Галоўны архітэктар «Менскграда» Аляксандар Акенцьеў

«У інтэрвію БелТА і на афіцыйнай прэзэнтацыі 14 кастрычніка ён заявіў: у Менску ў індывідуальных дамах павінны жыць заможныя людзі. Гэта было заяўлена прылюдна. Мы настойваем, што ў правах усе грамадзяне роўныя і ў нас такія ж законныя падставы на індывідуальную забудову. Мы не ўступаем у будаўніцтва, мы маем тое, чым валодаем па праву. Ніхто ў Беларусі не надзелены паўнамоцтвамі абмяжоўваць наша права ўладаньня, распараджэньня ўласнасьцю. Гэта супрацьзаконна. Дык чым людзі кіруюцца, робячы такія заявы? Зыходзячы з практыкі, у краіне шмат што не адпавядае наяўным дакумэнтам. Робім такую выснову на падставе адказаў на свае звароты: з Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі ўсё перанакіроўваецца ў Менгарвыканкам. Гэта азначае, што заканадаўчая ўлада ня мае паўнамоцтваў вырашаць пытаньні законнасьці зьнішчэньня маёмасьці грамадзянаў. Мы гэта не трактуем як асваеньне тэрыторыі, бо яна даўно асвоена, не трактуем як знос, бо гэта ня знос састарэлага жыльля. Ідзе мэтанакіраванае завалодваньне зямельнымі ўчасткамі, якія маюць высокую каштоўнасьць і не кампэнсуюцца годным чынам у выпадку экспрапрыяцыі».

Абсалютна відавочна: расчышчаецца поле пад камэрцыйны інтарэс

Сельгаспасёлак пачалі будаваць на забалочанай мясцовасьці ў 1945 годзе — менчукі вярталіся ў разбураны горад і мусілі разьлічваць толькі на ўласныя сілы. Без асаблівай дапамогі вырашалі жыльлёвую праблему, тым самым скідаючы цяжар кватэрнага пытаньня зь дзяржаўных структураў.

Першыя трывожныя сыгналы пачалі паступаць на пачатку 1970-х, калі ласыя кавалкі асвоенай тэрыторыі зьвярнулі на сябе ўвагу горадабудаўнікоў. Жыхарам забаранілі пашырацца, прырастаць новымі памяшканьнямі, праводзіць капітальны рамонт. Праўда, пагрозы зносу збольшага абмяжоўваліся размовамі, хоць кропкавае ўшчыльненьне і вялося. Новы Генплян катэгарычны — памілаваньня ня будзе. Людзі не разумеюць, чым заслужылі такую «ўдзячнасьць» — перасяленьне з бацькоўскіх дамоў у тыпавыя панэльныя «каробкі».

Першыя дамы на прыгарадным балоце паўсталі пасьля вайны
Першыя дамы на прыгарадным балоце паўсталі пасьля вайны

Дарэчы, памер кампэнсацыі за страчанае жыльлё не дазваляе нават тэарэтычна разглядаць магчымасьць пабудавацца ў прыгарадзе, ня кажучы пра рысу гораду — 500 даляраў за квадратны мэтар. Нават з улікам абвалу рынку нерухомасьці забудоўшчыкі закладаюць суму ўдвая большую. «Бартэр» у выглядзе пераезду ў спальны раён вымяраецца з такога разьліку: 15 квадратных мэтраў на чалавека або стандартная двухпакаёўка на сям’ю з трох чалавек. Паказальна, што з 1478 чалавек, якія падпісаліся пад калектыўным зваротам ва ўладныя структуры, толькі 5 пагадзіліся на ўмовы гарадзкіх уладаў. Перадусім гэта жыхары беспэрспэктыўных «халупаў», для якіх любы варыянт лепшы за цяперашні.

Аляксандар Пецярымаў — пра псыхалягічны стрэс вымушаных перасяленцаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:48 0:00
Наўпроставы лінк

Прафэсійны архітэктар Аляксандар Пецярымаў — з дому № 100 па вуліцы Гало. Тут жывуць чатыры пакаленьні ягонай сям’і: найстарэйшаму — 90 гадоў, найменшаму — 8 месяцаў. Спробу пусьціць пад каток усё, што створана на некалі беспэрспэктыўным балоце за папярэднія дзесяцігодзьдзі, тлумачыць адназначна:

У доме Аляксандра Пецярымава — чатыры пакаленьні ягонай сям’і
У доме Аляксандра Пецярымава — чатыры пакаленьні ягонай сям’і

«Іншага выйсьця ўжо няма: калі нас чыноўнікі не пачуюць — а не пачуць пастараюцца — прымусіць іх гэта зрабіць. Абсалютна відавочна: расчышчаецца поле пад пэўны камэрцыйны інтарэс. У канкрэтных структур, канкрэтных прозьвішчаў ёсьць інтарэс у будаўнічым бізнэсе. Усё робіцца выключна пад такія мэты. Што цікава: ёсьць новы генплян, згодна зь якім закладзена будаўніцтва раёну „Минск Мир“. У гэтым раёне прадугледжаны прыватны сэктар. Патлумачце: як гэта ў горадзе не хапае тэрыторыі пад будаўніцтва, калі закладаюць новы прыватны сэктар? Я ўжо не кажу пра пабудаванае — на Кальцова, на Філімонава, у Мядзьвежыне. Тэрыторыя ёсьць, а нас зносяць. Месца няма толькі нам. На самой справе ўсё заключаецца ў простай эканамічнай рэчы: на сёньня квадратны мэтар жыльля ў Савецкім раёне каштуе 1300 даляраў. А, скажам, у Шабанах — 900. Пры аднолькавым кошце будаўніцтва атрымліваецца, што тут маржа значна большая. Таму і гатовыя пайсьці на знос. Паўтаруся, людзі маюць камэрцыйны інтарэс. Але пардон: чаму мы павінны губляць сваё жыльлё дзеля таго, каб нехта зарабіў грошай? Зусім незразумела».

Расчароўвае, што ты ў гэтай дзяржаве не абаронены нікім і нічым

Аляксандар Самусеў — пра тое, як чыноўнікі вырашылі лёс жыхароў пасёлку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:10 0:00
Наўпроставы лінк

Аляксандар і Анжаліка Самусевы да пераезду ў Сельгаспасёлак жылі ў прыватным доме ў Бараўлянах і мелі кватэру ў сталіцы. Але з малымі дзецьмі стала складана разрывацца паміж вёскай і працай у горадзе. Урэшце прынялі рашэньне пераехаць у Менск. Паколькі ў кватэру вяртацца не хацелася, прадалі нерухомасьць і набылі дом на вуліцы Крыловіча. Як кажа Аляксандар, — «каб мець пэрспэктыву і больш добраўпарадкаванае жыльлё». А літаральна празь некалькі гадоў апынуліся перад фактам: да 2020 году навакольная тэрыторыя разам з домам Самусевых пойдзе пад знос. Матывацыя ўсё тая ж — «патрэбы гораду»:

Аляксандар і Анжаліка Самусевы каля свайго дому
Аляксандар і Анжаліка Самусевы каля свайго дому

«То бок мы думалі, што перасяляемся сюды назаўжды, таму сьвядома ішлі на немалыя затраты, стваралі камфортныя ўмовы. А ў выніку аказалася, што нейкія іншыя людзі ўжо даўно наш лёс вырашылі за нас. Сказалі: не, не назаўсёды, ваша існаваньне тут пад вялікім пытаньнем. І гэта вельмі сумна, бо няма пэрспэктывы ні ў нас, ні ў нашых дзяцей. Цяпер мы ня ведаем, дзе ўрэшце можам апынуцца. Улічваючы, што на вуліцы крызіс, у такія складаныя часы недзе ўладкавацца будзе надзвычай цяжка. Нас папросту выкідваюць, інакш мы гэта не расцэньваем. Да таго ж узрост — да пэнсіі, разумееш, што больш зарабляць ня зможаш. У чалавека ўзьнікае страх: а як жыць далей? Няпэўнасьць забівае. Самае крыўднае, што прыходзяць і хочуць забраць тваё. Нават не пытаючыся, ці гатовы ты, ці хочаш гэтага. Прычым мы пра гэта даведваемся з уласнай ініцыятывы. Бо каб не было ініцыятывы, то нават і ня ведалі б, што за нас ужо ўсё вырашана: прыйшлі б у апошні момант і проста загадалі б адсюль вымятацца. Расчароўвае, што ты ў гэтай дзяржаве не абаронены. Не абаронены нікім і нічым».

Ад імя жыхароў Сельгаспасёлку Вольга Дэйнэкіна накіравала скаргу ў Міністэрства інфармацыі на дзеяньні адказных асобаў беларускага падразьдзяленьня тэлеканалу «РТР Беларусь». 22 кастрычніка ў якасьці прадстаўніцы ініцыятыўнай групы яна брала ўдзел у запісе праграмы «Что происходит», прысьвечанай карэктаваньню Генпляну разьвіцьця гораду Менску. Былі запрошаныя прадстаўнікі дзяржаўных органаў, інвэстары-забудоўшчыкі, праектанты і жыхары.

Высоткі ўпэўнена наступаюць на «гароды»
Высоткі ўпэўнена наступаюць на «гароды»

Аднак, піша спадарыня Дэйнэкіна, вядучы Ягор Хрусталёў даваў слова ўсім, апроч патэнцыйных ахвяраў маштабнай перабудовы — гаспадарам дамоў, вызначаных пад зьнішчэньне. У выніку 26 кастрычніка перадача выйшла з удзелам толькі аднаго боку, бо нават сэкундныя рэплікі, якія ўдалося ўставіць абураным насельнікам, былі выразаныя: «Аднабаковым абмеркаваньнем Генпляну нанесеная шкода жыхарам краіны. Яны атрымалі непраўдзівую інфармацыю, якую можна трактаваць як згоду на „бязьмежжа“, узаконенае гэтым плянам, у выніку чаго можа адбыцца масавае арганізаванае зьнішчэньне маёмасьці грамадзянаў». У лісьце на імя кіраўнікоў каналу патрабуецца ўдакладніць сутнасьць таго, што адбылося, і растлумачыць, што ня ўсе прысутныя на запісе падзяляюць пазыцыю дзяржаўных органаў і што ў іх ёсьць свае контраргумэнты.

Калі прэзыдэнт падпіша Генплян, змагацца са зносам бессэнсоўна

Сьвятлана і Алег Кучэрыны — пра сумнеўныя «сацыяльныя патрэбы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:44 0:00

З балькона дыхтоўнага дому Алега і Сьвятланы Кучэрыных, што на 2-м Тыражным завулку, від на асуджаны пад знос раён адкрываецца як на далоні.

Від на пасёлак з балькона Кучэрыных
Від на пасёлак з балькона Кучэрыных

Паводле гаспадароў, надзел быў набыты ў 2006 годзе, у прыватную ўласнасьць аформлена зямля, на што ёсьць афіцыйны дзяржаўны акт. Даючы дазвол на будоўлю, адказныя асобы запэўнівалі: мінімум да 2030 году ніхто гаспадароў турбаваць ня будзе. Аднак праз пару гадоў пляны рэзка зьмяніліся: раён патрывожаць, але забудова будзе кропкавай. А сёлета паправіліся яшчэ раз: будзем зносіць усё! Цяпер кажуць, што прыватная забудова можа тут дастаяць сама больш да 2020 году, пасьля чаго на вызваленай тэрыторыі павінны паўстаць 16 шматпавярховых дамоў. Спадар Алег кажа, што ў Сельгаспасёлку нарадзіўся, правёў усё сваё жыцьцё і капітуляваць не зьбіраецца:

Заказчык, архітэктар і дызайнэр свайго дому Алег Кучэрын
Заказчык, архітэктар і дызайнэр свайго дому Алег Кучэрын

«Зямля, на якой стаіць гэты сэктар і наш дом, ня мае ніякага дачыненьня да „сацыяльных патрэбаў“. Мы не ўваходзім у зону зносу пад мэтро. Для чаго тады зносіць, калі гэта не сацыяльныя патрэбы? Акенцьеў кажа: зносім, каб паставіць шматпавярховыя дамы і такім чынам загрузіць будучую лінію мэтро. Разумееце, які абсурд? Трэба ўсё ж градзіраваць сэктары зносу, калі плянаваць, што мэтро — гэта сацыяльна значны аб’ект. Запытваю ў Акенцьева: чаму не пракласьці мэтро па Лагойскім тракце, дзе ўжо нармальная шчыльнасьць забудовы? Любая „ветка“ мэтро павінна некуды выходзіць з далейшай кропкай разьвіцьця. На Бараўляны, скажам, лягічна? У нас яна тупіковая, упіраецца ў вуліцу Багдановіча, далей няма куды. Акенцьеў тлумачыць: Лагойскі тракт блізка да праспэкту Незалежнасьці, нерацыянальна будаваць „веткі“ побач. Падказваю ідэю. Даўгінаўскі тракт: пашыраны, стаяць цудоўныя дамы, выхад на Паперню, якраз па цэнтры паміж дзьвюма лініямі. Чаму ня робіце там, дзе ня трэба нікога зносіць? У адказ маўчаньне. А тым часам адсюль выжываюць».

Дзяржаўны акт на валоданьне зямлёй
Дзяржаўны акт на валоданьне зямлёй

Сьвятлана Кучэрына падзяляе заклапочанасьць мужа: дом будаваўся з разьлікам на доўгае сямейнае жыцьцё, прыдумляўся арыгінальны дызайн, укладзеныя немалыя сродкі ў падвядзеньне камунікацыяў. А цяпер усё выразьней маячыць пэрспэктыва дажываць гады ў цеснай кватэры — больш як 400 квадратных мэтраў наўрад ці хто кампэнсуе:

Сьвятлана Кучэрына. З пэрспэктывай на навабуды
Сьвятлана Кучэрына. З пэрспэктывай на навабуды

«Мы доўгі час жылі ў няведаньні, лічачы, што Канстытуцыя — закон, якім наша права на ўласнасьць абаронена і падтрымліваецца дзяржавай. Але калі паўстала пытаньне са зносам, аказалася, што ўсё ня так проста. Існуе куча заканадаўчых пралазаў, знаходзяцца варыянты, як людзей перасяліць у аддаленыя раёны, даць ім мінімальную кампэнсацыю і ўрэшце вызваліць дарагую зямлю пад шматпавярховую забудову. Пры гэтым мэта ўшчыльненьня досыць спрэчная: стаіць вялізная колькасьць дамоў, дзе прадаюцца свабодныя кватэры, і зусім незразумела, навошта будаваць яшчэ 16 дамоў у такім добрым раёне. Цяпер рыхтуецца на подпіс да прэзыдэнта вельмі важны дакумэнт — Генплян Менску. Ён мае вялікую значнасьць для будаўнікоў, ён для іх фактычна асноўны. І калі прэзыдэнт гэты дакумэнт падпіша, то змагацца потым з уладамі адносна зносу, думаю, практычна бессэнсоўна. Калі тэлефануеш галоўнаму архітэктару раёна і запытваеш, на якой падставе плянуецца знос, той адказвае, што на падставе Генпляну. Размаўляеш з Акенцьевым — ён кажа, што мясцовыя ўлады могуць нешта вар’іраваць. Але калі Генплян прапісвае шчыльную шматпавярховую забудову, як мясцовы архітэктар можа тут пакінуць прыватны сэктар?».

Патрабаваньне Сельгаспасёлку: пакіньце нас у спакоі!

Пасьля актывізацыі праектантаў усялякае будаўніцтва спынілася
Пасьля актывізацыі праектантаў усялякае будаўніцтва спынілася

​У калектыўным звароце да прэзыдэнта, органаў выканаўчай і заканадаўчай улады амаль паўтары тысячы жыхароў Сельгаспасёлку выкладаюць свае патрабаваньні:

— Захаваць жылую індывідуальную забудову і адмяніць праект дэталёвага плянаваньня, зацьверджаны рашэньнем Менгарвыканкаму № 1770 ад 20.07.2010.

— Зьняць забарону на рэканструкцыю, рамонт, пераабсталяваньне індывідуальных дамоў і іншыя абмежаваньні правоў уласьнікаў па карыстаньні, валоданьні і распараджэньні ўласнасьцю.

— Аформіць праваўсталёўваючыя дакумэнты на рэканструкцыі, перапляніроўкі, пераабсталяваньне, паляпшэньне ў дамах, выкананыя ў больш як 40-гадовыя пэрыяды забароны.

Дамы Сельгаспасёлку
Дамы Сельгаспасёлку

— Завяршыць ільготную прыватызацыю зямельных участкаў для тых домаўладальнікаў, якія мелі на гэта права пры распадзе СССР, і прызнаць на заканадаўчым узроўні: калі дом прыватны, то і зямля пад ім прыватная.

— Пры ўнясеньні зьменаў у Генплян разьвіцьця прадугледзець рэзэрваваньне зямельных надзелаў у Менску для прадстаўленьня на замену ўчасткаў, забраных у «выключных выпадках» для дзяржаўных патрэбаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG