Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выкінулі за 20 кілямэтраў ад хаты», — жыхар Бярозаўшчыны пра інцыдэнт з даішнікамі


Сямён Цюшкевіч
Сямён Цюшкевіч

Жыхар вёскі Сасноўка Бярозаўскага раёну Сямён Цюшкевіч кажа, што супрацоўнікі ДАІ вывезьлі яго за 20 кілямэтраў ад вёскі, заломвалі яму рукі ды накідалі кайданкі.

У лістападзе гэтага году 43-гадовы Сямён Цюшкевіч ішоў увечары з пахаваньня. Ён быў нападпітку. На павароце да ягонай хаты, да якой заставалася каля 300 мэтраў, яго спынілі супрацоўнікі ДАІ:

«Ішоў з пахаваньня. І тут каля фэрмы спынілі даішнікі. „Дзе ваш флікер?“ — пытаюць. Іх было двое, бярозаўскія. Тлумачу, што забралі а палове на 9-ю раніцы на пахаваньне, прыехалі мужыкі. Настаўніца мая памерла. Кажу, іду, тры чаркі выпіў. Завезьлі мяне спачатку ў Малеч, а выкінулі ў Осаўцах, кілямэтраў 20 ад хаты», — кажа спадар Цюшкевіч.

Сямён кажа, што міліцыянты яго ня білі, але ён ударыўся аб капот, калі яму закручвалі рукі:

«Яны сілу прымянілі, ужо калі я сказаў, чаго тут мяне выкідаеш, вязі туды, дзе ўзяў, ці дахаты. Заломвалі рукі і тварам у капот клалі. І сказалі, што яшчэ, маўляў, заплоціш за ўмяціну. Я зьняў пабоі. У мяне добра тут на галаве было апухлае. Біць ня білі, проста скруцілі рукі ды аб капот. У мяне і сьведка ёсьць у Осаўцах — бачыў усё гэта. Мужык ішоў, я ў яго пераначаваў, а раніцай ужо патэлефанаваў сябру, той прыехаў, забраў мяне», — кажа суразмоўца.

Вясковец кажа, што дакладна ня ведае, што за пратаколы на яго складалі:

«Там пісалі нешта, я падпісаў, дый... Я ж і прасіўся, казаў, што іду з пахаваньня, але...»

Сямён Цюшкевіч працуе на фэрме ў суседняй вёсцы Малеч жывёлаводам. Кажа, што ў тым самым месяцы ў яго быў яшчэ адзін інцыдэнт, але ўжо зь іншымі міліцыянтамі з ДАІ:

«А перад гэтым у мяне адабралі ровар. Ехаў з працы, заехаў да сябра, ну, чарку выпіў, той і кажа, што ў цябе, маўляў, ліхтарыкаў няма. Кажу, ну ладна ўжо, можа як праеду. А яны забралі і ровар. Два пратаколы нейкія напісалі, што ліхтарыкаў няма. І дагэтуль таго ровара няма. Казалі, трэцяга чысла выклічуць, але выкліку не было».

Спадар Цюшкевіч кажа, што адабраны ровар ды штрафы, якія, верагодна, давядзецца плаціць — значны ўдар па ягоным бюджэце. Зь яго слоў, ён зарабляе ў калгасе прыблізна 300 рублёў:

«А зараз мне трэба будзе аддаць заробак, каб купіць ровар, і на штраф яшчэ мо два заробкі. То куды гэта варта?»

У Бярозаўскім ДАІ сказалі, што па скарзе Сямёна Цюшкевіча нядаўна пачалася праверка:

«Ён напісаў скаргу на двух інспэктараў ДАІ. Яму напісалі пратакол, ніякай фізычнай сілы не прымянялі. Усё было ў рамках закону. Ён усё падпісаў і з усім быў згодны, быў у стане алькагольнага апʼяненьня. Разьбяруцца, хто вінаваты, а хто не».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG