Судзьдзя Павал Главацкі прызнаў фэрмэра Мікалая Бельчука вінаватым у тым, што ён укусіў супрацоўніка ДАІ.
Мікалаю Бельчуку прызначана пакараньне ў выглядзе арышту тэрмінам на 2 месяцы. Аднак з улікам таго, што ён адседзеў у СІЗА, фэрмэр мае выйсьці на волю праз 10 дзён.
Суд прызнаў Мікалая Бяльчука вінаватым паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу — у тым, што 9 траўня 2014 году ён укусіў інспэктара ДАІ (цяпер — начальніка ДАІ Камянецкага раёну) Сяргея Неліповіча.
Фэрмэр сваёй віны так і не прызнаў. З 1 лістапада на знак пратэсту ён трымае галадоўку ў СІЗА. 29 лістапада ў выніку гэтага ён трапіў у лякарню. Бацька Мікалая Бельчука, Іван, сказаў карэспандэнту Свабоды, што цягам галадоўкі Мікалай скінуў 18 кіляграмаў і важыць цяпер усяго 55 кіляграмаў.