Былы прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі адпушчаны дамоў з-пад варты ў ноч на 22 сакавіка, зьмешчаны пад судовы нагляд, піша AFP са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Супраць Нікаля Сарказі працягнулі фармальнае расьсьледаваньне па незаконным атрыманьні грошай на выбарчую кампанію ў 2007 годзе.
Пасьля чатырох год расьсьледаваньня і двух дзён допытаў 63-гадоваму экс-прэзыдэнту выставілі абвінавачаньне ў карупцыі, нелегальным фінансаваньні выбарчай кампаніі і ўтойваньні факта атрыманьня грошай ад лібійскіх уладаў і Муамара Кадафі, таксама выставілі яшчэ два неназваныя абвінавачаньні.
У Сарказі ёсьць шэсьць месяцаў, каб падаць апэляцыю. Раней ён адрынаў абвінавачаньні ў атрыманьні грошай, фактычна скрадзеных у лібійскага народу — называлася сума ў 50 млн эўра. Улады Лібіі заяўлялі, што дакумэнты па справе сфабрыкаваныя.