Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбол на глыбіні 420 мэтраў: пад Салігорскам — унікальная спэлеабальніца


Падземны футбол у Салігорску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:44 0:00

Падземны футбол у Салігорску

Нават мясцовыя дактары ня могуць дакладна патлумачыць, як дапамагаюць саляныя шахты. І ўсё ж спэлеалячэньне лічыцца ці ня самым дзейным спосабам лекаваньня астмы, бранхітаў і алергіяў. Чытач Свабоды пабываў у падземным шпіталі на глыбіні 420 м, які можа трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса.

Бальніца, санаторый і гатэль — тры ў адным

Спэлеабальніца ў Салігорску ўнікальная ва ўсіх сэнсах. Гэта й самая глыбокая ў сьвеце лякарня такога кшталту, і адзіная, якая працуе на дзейным рудніку, і адзіная, дзе лячэньне адбываецца стацыянарна і падзелена на заезды.

Першае падземнае аддзяленьне спэлеашпіталя ў Салігорску адкрылі ў 1990 годзе. Спачатку спускаліся толькі нанач, а ўдзень хворых разьмяшчалі ў гатэлі. У 1997 годзе збудавалі бальніцу на 130 месцаў. У 2012 годзе побач узьвялі другі корпус на 120 месцаў, тады ж зьявілася і другое падземнае аддзяленьне. А ў 2013-м да бальніцы дадаўся філіял «Зялёны бор», дзе лекуюцца 200 дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 17 год. Вось жа, разам у адзін заезд тут могуць прыняць да 450 пацыентаў.

Галоўны корпус бальніцы пабудаваны ў 1997 г.
Галоўны корпус бальніцы пабудаваны ў 1997 г.

Хоць установа афіцыйна лічыцца бальніцай, яна працуе па прынцыпе санаторыя — з заездамі па 18 дзён. У новым корпусе нават ёсьць адміністратарская стойка, як у гатэлях. Але вытрымліваецца строгі бальнічны графік з адбоем і закрыцьцём корпусу а 22-й гадзіне. Ва ўсіх пакоях стаяць тэлевізары, ёсьць платны вай-фай (цягне, праўда, толькі ў холе).

У дзень заезду да адміністратарскай стойкі (яна тут, як у гатэлях, называецца «рэсэпшэн») прыходзіць прадстаўнік velcom і прапаноўвае наведнікам мабільны інтэрнэт. 3G ад MTC тут ня цягне, бо лякарня за горадам, у лесе.

Выгляд з вокнаў новага корпуса
Выгляд з вокнаў новага корпуса

Летам прыяжджае шмат бацькоў, бабуляў і дзядуляў зь дзецьмі. Тым, каму па стане здароўя цяжка спускацца ў глыбокія шахты, прапануюць наземныя галякамэры. Таму нямала людзей прыяжджае сюды проста як на адпачынак: прымае ванны, шпацыруе па сасновым бары вакол бальніцы, ходзіць у грыбы ды ягады, па ваду ў лясной крыніцы ды на гарадзкі пляж, да якога з паўгадзіны ходу.

Тазікі для праньня ў люкс-нумарах

Каб трапіць у бальніцу бясплатна, у паліклініцы па месцы жыхарства трэба стаць на ўлік у алерголяга ці пульманоляга, і калі надыдзе чарга, доктар прапануе паехаць у салігорскія шахты.

Харчаванне — толькі «над зямлёй», браць ежу ў шахты не рэкамэндуюць
Харчаванне — толькі «над зямлёй», браць ежу ў шахты не рэкамэндуюць

​Як хутка можна дачакацца чаргі — залежыць ад гораду. Можна чакаць некалькі месяцаў, а можна й цэлы год. Захочацца раней — у любы час можна аплаціць пуцёўку й прыехаць, калі ёсьць вольныя месцы, хоць на наступны месяц. «Бюджэтнікі» жывуць у нумарах на дваіх. Калі ехаць за свае грошы, можна выбраць нумар і на дваіх, і на аднаго. Для грамадзянаў Беларусі поўны курс каштуе ад 3,7 да 8,5 мільёна. Калі ўзяць меншую колькасьць дзён, гэта будзе каштаваць адпаведна таньней.

Дадаткова ў кошт уваходзяць тры фізіяпрацэдуры, якія можна падабраць, пракансультаваўшыся з тэрапэўтам ужо на месцы. Магнітатэрапія, масажы, ванныя, басэйны — усё як у санаторыі.

У Эўропе натуральных спэлеабальніц вобмаль, у Расеі іх зусім не засталося, а ва Ўкраіне захавалася адзіная — у Данецкай вобласьці. Таму ў Салігорск прыяжджае шмат замежнікаў. Ня стрымлівае іх і кошт, у два разы вышэйшы, чым для нашых грамадзянаў — 940 даляраў у пакоі на аднаго і 700 — на дваіх. Большасьць замежнікаў звычайна расейцы. Але даводзіцца чуць і ўкраінскую мову. Як распавядаюць дактары, да іх прыяжджаюць расейскамоўныя пацыенты зь Літвы, Латвіі і Малдовы, з Заходняй Эўропы. А летась прылятала са Штатаў беларуская эмігрантка, дык адразу аплаціла яшчэ дзьве пуцёўкі — на будучыню.

Праз гатэльна-санаторны кірунак бальніцы кажуць і нумары-люкс, якія тут прапануюць. Для замежнікаў такі нумар каштуе больш як тысячу даляраў. Дзіўна глядзіцца ў звышдарагім нумары тазік праць бялізну. Пасьцельную бялізну і ручнікі тут мяняюць штотыдзень, а вось пральні, каб аддаць сваю адзежу, няма.

У адным ліфце з шахцёрамі

Кожны пацыент мае адно месца ў будынку бальніцы і адно месца ў падземным аддзяленьні. Спускі адбываюцца штодзень, акрамя першага і апошняга дня заезду.

Усё гэта — натуральная калійная соль з праслойкамі каменнай
Усё гэта — натуральная калійная соль з праслойкамі каменнай

У кожным нумары падрыхтаваныя каскі і працоўная роба. Бязь іх на тэрыторыю дзейнага рудніка, дзе месьцяцца падземныя аддзяленьні бальніцы, ня пусьцяць.

Руднік за горадам, і пацыентаў туды адвозяць аўтобусам. Можна абраць дзённы ці начны спуск. Дзённы доўжыцца каля пяці гадзінаў, дакладны час залежыць ад таго, як хутка спусьцяць пацыентаў у шахту. Абодва падземныя аддзяленьні месьцяцца на глыбіні 420 м. Спускаюцца туды ў звычайным шахцёрскім ліфце — клеці. У кожнай — да 30 чалавек. Едуць безь сьвятла з хуткасьцю 2 м/с.

Часам пацыенты перасякаюцца з шахцёрамі, якія па тым самым ствале і ў той самай клеці спускаюцца на ніжэйшыя ўзроўні, дзе здабываюць соль.​

За пацыентамі пад зямлёй глядзяць доктар і мэдсёстры
За пацыентамі пад зямлёй глядзяць доктар і мэдсёстры

Ад спускавога ствала да аддзяленьня — каля кілямэтра. Гэты шлях пацыенты праходзяць у суправаджэньні мэдсястры й доктара, якія павінны сачыць і за тым, каб пацыенты не заблукалі ў падземных лябірынтах. У некаторых праходах можна пабачыць рэйкі для ваганэтак і нават горназдабыўную тэхніку.

Само аддзяленьне — гэта квартал калідораў, паабапал якіх — «саляныя палаты», накшталт кельляў, высечаных у гарах. У некаторых «кельлях» — пакоі адпачынку, більярдная і кабінэты для пэрсаналу. Усе праходы, ці «ходкі», як іх называюць шахцёры, высечаныя ў пласьце солі. У старым аддзяленьні больш каменнай солі, у новым — калійнай, чырвонага колеру.

Самыя сапраўдныя падземныя палаты
Самыя сапраўдныя падземныя палаты

Акрамя прыбіральні і пакояў для пэрсаналу, сьцены нідзе не апрацаваныя ды не схаваныя пад пліткай. Іншай сольлю — белай натрыевай — пасыпана падлога ў аддзяленьні.

А 19-й гадзіне «дзёньнікі» выходзяць з аддзяленьня, каб пасьпець на вячэру а 20-й гадзіне ўжо ў стацыянары на зямлі. Па дарозе яны звычайна сустракаюцца з «начнікамі», якія застаюцца пад зямлёй ад 19-й да 6-й гадзіны раніцы. Кожны пацыент, і «начнік», і «дзёньнік», мае ў падземных палатах свой ложак з чыстай бялізнай, падушкай і коўдрай.

Перадумовы для Кнігі рэкордаў Гінэса

Падчас дзённага спуску на паўтары гадзіны адключаюць сьвятло, каб паспаць. Пасьля ціхай гадзіны — дыхальная гімнастыка й час на шпацыр ці гульні. Ёсьць некалькі пакояў адпачынку ды сталоў у калідорах-ходках, дзе можна засесьці з кнігай ці настольнымі гульнямі. Адзінае, што часам замінае, — гэта зусім не санаторны рэпэртуар з расейскай папсы. Такая ж музыка, дарэчы, гучыць і ў шмат якіх працэдурных кабінэтах у надземным корпусе.

Ці ня самы глыбокі ў сьвеце футбол?
Ці ня самы глыбокі ў сьвеце футбол?

У двух праходах падземнага аддзяленьня — спартовыя пляцоўкі. Футбольная брама, баскетбольныя кашы, валейбольная сетка, сталы для настольнага тэнісу — ва ўсе гэтыя гульні штодня гуляюць пацыенты на глыбіні 420 м. Выходзіць, пад Салігорскам — самыя глыбокія ў сьвеце футбольная, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі. Можна нават паспрабаваць заявіцца ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

У падземных аддзяленьнях намагаюцца максымальна захаваць антыбактэрыяльнае асяродзьдзе, таму просяць ня браць з сабой ежы, сама больш — тэрмасы з гарбатай ці кавай. Але людзі праносяць, пра што кажа пах гуркоў ці каўбасы, які імгненна разносіцца па сутарэньні.

Соль — паўсюль: ад падлогі да столі
Соль — паўсюль: ад падлогі да столі

Працаўнікі ж кажуць, што ў такім салёным безжыцьцёвым асяродзьдзі са сталай вэнтыляцыяй і сярэдняй тэмпэратурай 16 градусаў вышэй за нуль ніякія бактэрыі ня могуць існаваць. Тут, маўляў, нават мошкі не заводзяцца.

Абавязковы тут і зьменны абутак, які пакідаюць пад зямлёй. Як кажуць дактары, паміж заездамі два дні ў шахты ніхто не спускаецца, каб асяродзьдзе магло самааднавіцца.

Лекавыя шахты

Лячэбны эфэкт дасягаецца ня столькі праз саляныя сьцены, колькі праз паветра, якое падаецца праз кілямэтровыя саляныя вэнтыляцыйныя шахты. На шляху да аддзяленьняў яно іянізуецца солямі, што, як лічыцца, і ўплывае на лёгкія і бронхі.

Паляпшэньне стану здароўя адзначаюць у 97% пацыентаў
Паляпшэньне стану здароўя адзначаюць у 97% пацыентаў

Самі дактары ня могуць дакладна патлумачыць, якім чынам солі ўплываюць на арганізм. Але абсалютна ўсе, хто прыяжджае сюды ня першы раз, кажуць, што ім палепшала ўжо пасьля аднаго наведваньня. Шмат хто езьдзіць па дзесяць і пятнаццаць гадоў, каб замацаваць эфэкт. Камусьці хапае адной паездкі на некалькі гадоў, нехта стараецца прыяжджаць штогод.

«Я меў пяць-шэсьць розных інгалятараў, безь якіх проста ня мог пражыць і дня, — кажа хлапец з Масквы. — А пасьля Салігорску вось толькі адным інгалятарам раніцай і ўвечары карыстаюся».

Іншы пацыент, мужчына 50 гадоў з Крычава, езьдзіць сюды з 2000 году. Па ягоных словах, ужо некалькі год як астма ў яго зусім прайшла. Што гэта магчыма, пацьвярджаюць дактары — і на прыкладах, і статыстыкай: паляпшэньне стану наступае ў 97% выпадкаў, а ў 32% — значнае паляпшэньне.

Спэлеатэрапія ў Эўропе:

Бад-Гаштайн (Аўстрыя)​

Вялічка (Польшча)

Златэ Горы (Чэхія)

Салядар (Украіна)​

Сыстэма пячораў Барадла-Доміца (Вугоршчына і Славакія)​

Сяжана (Славенія)​

Тыргу-Окна (Румынія)

Энэпэталь (Нямеччына)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG