Грамадзкага ды прафсаюзнага актывіста Рыгора Грыка вінавацяць у брыдкаслоўі на працоўным месцы ў дзень, калі ён прыйшоў на працу ў канцлягернай робе.
Судзіць яго будуць 23 кастрычніка а 14-й гадзіне ў баранавіцкім судзе.
Спадар Грык апавёў Свабодзе, што наняў адваката:
«Мне шыюць, што я хадзіў па залі крамы і брыдкасловіў, абражаў людзей. Дырэктар і намесьнік дырэктара быццам чулі, што я брыдкасловіў».
У канцы верасьня Рыгор Грык прыйшоў на працу ў паласатай вопратцы, стылізаванай пад канцлягерную робу. Такім чынам ён выказаў пратэст кіраўніцтву крамы Mart Inn, дзе працаваў грузчыкам, на тое, што яму ня выдавалі працоўнай вопраткі.
У часе акцыі адміністрацыя зачыніла краму і выклікала міліцыю.
У той жа дзень Рыгор Грык быў звольнены з працы з фармулёўкай «за прагул».