Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пры ім разагналі гісторыкаў у Горадні»: Казулін і Краўцэвіч камэнтуюць замену рэктара БДУ


Андрэй Кароль, архіўнае фота
Андрэй Кароль, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 28 верасьня зьняў з пасады рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту акадэміка Сяргея Абламейку і прызначыў на гэтае месца былога рэктара Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Андрэя Караля. Як гэтую адстаўку і прызначэньне камэнтуюць вядомыя дзеячы навукова-адукацыйнай сфэры?

«Кароль арганізоўваў разгон нацыянальна сьвядомых гісторыкаў»

Алесь Краўцэвіч, прафэсар, доктар гістарычных навук, выкладаў у ГДУ на пачатку 2000-х гадоў:

Алесь Краўцэвіч, архіўнае фота
Алесь Краўцэвіч, архіўнае фота

— Асабіста я са спадаром Андрэем Каралём незнаёмы, але дакладна ведаю, што гэта чалавек, пры якім разагналі гісторыкаў з Гарадзенскага ўнівэрсытэту, што нават ён асабіста арганізоўваў гэтыя расправы над навукоўцамі-гісторыкамі. То бок тут ён выявіўся як прыслужнік рэжыму, для мяне гэта адназначна.

А што яшчэ пра яго сказаць? Як пра навукоўца я нічога пра яго ня чуў, ведаю, што доктарам навук ён стаў па пэдагогіцы, але наколькі глыбокі ён навуковец, мне цяжка меркаваць.

Выкладчыкі ГДУ, прафэсары, зь якімі я кантактаваў апошнім часам, даволі нэгатыўна ацэньвалі сытуацыю ў іх ВНУ
Алесь Краўцэвіч

Выкладчыкі ГДУ, прафэсары, зь якімі я кантактаваў апошнім часам, даволі нэгатыўна ацэньвалі сытуацыю ў іх ВНУ. Казалі, што ідзе імітацыя навучальнага працэсу.

Адзін выказаўся нават гэтак, што ад Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту засталася толькі гучная назва, адукацыя там — толькі дах, а якія насамрэч там робяцца справы, невядома.

«Калі меркаваць па шанхайскім рэйтынгу, дык БДУ незаўважны»

Аляксандар Казулін, рэктар БДУ ў сярэдзіне 2000-х гадоў, кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2006 году.

Аляксандар Казулін, архіўнае фота
Аляксандар Казулін, архіўнае фота

— Для мне адстаўка Сяргея Абламейкі ня стала нечаканасьцю, ужо месяцы тры пра гэта казалі ў навукова-адукацыйных колах. Наколькі ведаю, у БДУ была сур’ёзная праверка, і, магчыма, па яе выніках яму сказалі пісаць заяву аб адстаўцы.

Вядома, некарэктна выказвацца дрэнна пра сваіх наступнікаў, але заўважу: цяжка адзначыць станоўчае, што зьявілася ў БДУ за час кіраваньня Сяргея Абламейкі. Ён добры навуковец, але, на маю думку, пры ім узровень БДУ як вышэйшай навучальнай установы краіны відавочна зьнізіўся.

А тое, што ў БДУ спасылаюцца на рост міжнароднага рэйтынгу, дык трэба паглядзець, якія гэта рэйтынгі. Бо, прыкладам, калі ўзяць шанхайскі рэйтынг паводле спэцыяльнасьцяў, дык БДУ ў ім можна і не заўважыць.

І гэта ня дзіва, бо, скажам, матэрыяльна-тэхнічная база ўнівэрсытэту безнадзейна састарэла, новае абсталяваньне не закупляецца, галоўны корпус БДУ за 50 год не рамантаваўся. На маю думку, вынікі, зь якімі БДУ падыдзе да свайго стагодзьдзя, будуць вельмі сумныя.

Пра сытуацыю ў БДУ можна меркаваць і па ўзроўні заробкаў прафэсарска-выкладчыцкага складу
Аляксандар Казулін

Пра сытуацыю ў БДУ можна меркаваць і па ўзроўні заробкаў прафэсарска-выкладчыцкага складу. У параўнаньні з тым жа Тэхналягічным унівэрсытэтам выкладчыкі БДУ зарабляюць на 40–50% меней — хіба гэтак можна?

Раней штогод у лютым рабілася справаздача пра гаспадарча-фінансавую дзейнасьць, усе лічбы былі адкрытыя, было бачна, колькі атрымлівае рэктар, колькі прарэктар, дэкан, загадчык катэдры — усе. Цяпер усе дадзеныя закрытыя, і гэта ненармальна.

Пра акадэмічныя свабоды, пра студэнцкае самакіраваньне таксама гаварыць не выпадае. Іх няма. За маім часам рэктар абіраўся аб’яднанай радай унівэрсытэту, у якую ўваходзіла 625 чалавек, дэканы абіраліся навуковымі радамі. Цяпер — усе прызначаюцца, і за час кіраваньня Сяргея Абламейкі нічога ў лепшы бок не зьмянілася. У тым ліку адлічваюць студэнтаў, якія заўважаныя ў апазыцыйнай дзейнасьці.

Лукашэнка дазволіў студэнтам быць вальнадумнымі, а міністру інфармацыі забараніў памыляцца​

Ці такая рэч: за маім часам студэнты маглі браць удзел у ацэнцы ўзроўню выкладчыкаў. Калі дзе выкладчык выкладаў па старых канспэктах, гэта станавілася вядома, узьнікала пытаньне адносна такога выкладчыка. Складаліся рэйтынгі выкладчыкаў, і пры гэтым улічваліся ацэнкі студэнтаў. А цяпер гэтага зноў няма, як у савецкія часы.

Што да прызначэньня на пасаду рэктара БДУ спэцыяліста з Гародні і ўпершыню за пасьляваенныя часы не выпускніка БДУ— гэта мяне зьдзівіла. І ня толькі таму, што на ўзровень рэктара нацыянальнага ўнівэрсытэту ставяць чалавека з пэрыфэрыі.

Ён што, выдатны навуковец, бліскучы пэдагог, выключны мэнэджэр? Але такога я пра Андрэя Караля ня чуў. Што ён добры служака, выканаўца — гэта магчыма, бо, па маіх зьвестках, ягоная кандыдатура ўжо фігуравала падчас прызначэньня міністра адукацыі. Але хіба гэтай якасьці дастаткова?

Трэба зыходзіць з таго, што нацыянальны ўнівэрсытэт — гэта флягман, што ён павінен паказваць іншым ВНУ прыклад таго, як разьвівацца, у якім кірунку рухацца
Аляксандар Казулін

Трэба зыходзіць з таго, што нацыянальны ўнівэрсытэт — гэта флягман, што ён павінен паказваць іншым ВНУ прыклад таго, як разьвівацца, у якім кірунку рухацца. Прычым ня толькі ў адукацыі і навуцы, але і ў падыходах да разьвіцьця грамадзтва. І таму галоўнае, каб рэктар БДУ адпавядаў гэтым крытэрам.

А ў нас атрымліваецца з кожным разам усё горш. І ў выніку БДУ з флягмана і лякаматыва, ці ледакола, калі магчыма гэтак сказаць, ператвараецца ў звычайны шараговы інстытут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG