У расейскім Валгадонску пачалі вырабляць рэактар для Беларускай АЭС. Іншае абсталяваньне для яе вырабляюць у Петразаводзку.
На прадпрыемстве ў расейскім Валгадонску пачалі вырабляць рэактарны корпус для Беларускай АЭС, паведаміў сёньня начальнік упраўленьня ацэнкі бясьпекі сыстэм і абсталяваньня ядзерных установак Дзяржатамнагляду Сяргей Зайцаў.
На наступным тыдні дэлегацыя Дзяржатамнагляду Беларусі правядзе праверку выкананьня працаў, бо «парушэньні ёсьць заўсёды», — заявіў Сяргей Зайцаў на брыфінгу ў Менску.
Прадстаўнікі Дзяржатамнагляду плянуюць таксама наведаць прадпрыемства ў Петразаводску, дзе вырабляюць іншае абсталяваньне для Беларускай АЭС.
Тым часам пытаньне захоўваньня радыяцыйных адкідаў застаецца нявырашаным. Радыяцыйныя адкіды будуць заставацца на Беларускай АЭС да 10 гадоў, заявіў намесьнік начальніка Дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС (Дзяржатамнагляду) Рыгор Асташка. Пасьля гэтага тэрміну неабходна будзе вырашаць пытаньне пабудовы пункту захаваньня.
«Што тычыцца збудаваньня пункту захаваньня адкідаў і іншых пытаньняў, зьвязаных з гэтай тэмай, то гэтая праца ў нас яшчэ наперадзе», — падкрэсьліў Рыгор Асташка.
Беларуская АЭС — праект будоўлі атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006, які рэалізоўваецца за 18 кілямэтраў ад Астраўца на Гарадзеншчыне. Беларуская АЭС будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю да 2400 (2×1200) МВт. У адпаведнасьці з генэральным кантрактам на будоўлю станцыі першы энергаблёк плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў 2018 годзе, другі — у 2020 годзе.