Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея прыляціць, а мы даведаемся пра гэта ў апошнюю чаргу», — экспэрт


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Мінабароны прызнала, што тыдзень таму ў Беларусь прыляталі расейскія бамбавікі для «сумеснай трэніроўкі».

21 чэрвеня на сайце Мінабароны Беларусі зьявілася інфармацыя пра палёты ў небе Беларусі расейскіх ваенных самалётаў Су-27 і Су-34. Ваеннае ведамства назвала гэта «сумеснай трэніроўкай».

«У ВПС і войсках СПА Рэспублікі Беларусь завяршыўся этап сумеснай камандна-штабной трэніроўкі па кіраваньні авіяцыяй і воінскімі часткамі супрацьпаветранай абароны, якія ўваходзяць у адзіную рэгіянальную сыстэму супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі.

У трэніроўцы былі задзейнічаны самалёты Су-27 і Су-34 Паветрана-касьмічных сіл Расейскай Фэдэрацыі», — паведаміў сайт Мінабароны.

Расейскі Су-34 у небе над Баранавічамі. Фота: Інтэкс-прэс
Расейскі Су-34 у небе над Баранавічамі. Фота: Інтэкс-прэс

Месца, дзе ў Беларусі разьмяшчаліся расейскія самалёты падчас сумеснай трэніроўкі зь беларусамі, афіцыйная крыніца ня ўказвае. Між тым, дзень перад тым баранавіцкі недзяржаўны партал навінаў intex-press.by высьветліў, што расейскія лётчыкі жылі ў Баранавічах у гатэлі «Гарызонт», а іх самалёты разьмяшчаліся на 61-й зьнішчальнай авіяцыйнай базе, якая знаходзіцца на ўскраіне гораду.

Адзін з расейскіх вайскоўцаў, якога партал назваў Дзянісам, нават перапісваўся з карэспандэнткай Intex-press і дасылаў ёй свае фотаздымкі, зь якіх вынікала, што ён прыехаў з Варонежу.

Таксама ўдалося сфатаграфаваць расейскія самалёты ў небе над Баранавічамі. Паводле бартавых нумароў гэтых машын, яны належаць гвардзейскай авіяцыйнай Барысаўска-Памэранскай базе, якая месьціцца на аэрадроме ў Варонежы.

Расейскіх вайскоўцаў, якія бралі ўдзел у трэніроўцы ў Баранавічах, было ня меней за 16 чалавек, паведамляе intex-press.by. Паводле выданьня, 16 чэрвеня ўвечары Дзяніс напісаў у інтэрнэце, што яны з Баранавічаў зьяжджаюць, і больш на кантакт не выходзіў.

У той жа дзень у 61-й авіябазе журналістам парталу паведамілі, што на базе знаходзіліся расейскія самалёты, якія бралі ўдзел у сумесных палётах. Мінабароны Беларусі спачатку гэтых зьвестак не пацьвердзіла, але у другой палове 21 чэрвеня ўсё ж прызнала, што расейскія ваенныя самалёты ў Беларусі былі.

Чаму афіцыйныя крыніцы Беларусі паведамілі пра палёты расейскіх бамбавікоў над Беларусьсю толькі праз 5 дзён?

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін называе гэты факт «праколам» беларускага вайсковага ведамства і тлумачыць палітычнымі прычынамі:

— Мяркую, яны ўвогуле не хацелі розгаласу ці хацелі мінімуму галоснасьці ў такой справе. У Мінабароны не было ад вышэйшага кіраўніцтва тлумачэньня, што ім казаць, калі высьветліцца, што сюды прыляцелі расейскія самалёты. А без шпаргалкі ад Лукашэнкі яны ня могуць.

— Фігуруе тры вэрсіі зьяўленьня тут расейскіх самалётаў. Гэта афіцыйная пра сумесныя палёты ў межах трэніроўкі, другая — што гэта адказ на манэўры НАТА «Анаконда», якія як раз у тыя дні праходзілі ў Польшчы. І яшчэ, што гэта падрыхтоўка да ўдзелу ў авіяцыйным парадзе, які заплянаваны на 3 ліпеня. Якую з гэтых вэрсій вы лічыце больш імавернай?

— Не выключаю, што тут прысутнічаюць усе тры вэрсіі. Калі пачаць з вэрсіі пра парад, дык расейцы ў нашых парадах будуць удзельнічаць ужо трэці раз, і гэта невыпадкова. Раней былі «Іскандэры», былі С-400, у паветранай частцы параду ўжо бралі ўдзел цяжкія бамбавозы, ды і СУ-34 мы ўжо бачылі на парадзе. Мяркую, гэта ўсё ня дзеля таго, каб разам зь беларусамі адзначыць іх дзяржаўнае сьвята, а каб паказаць, што ў любы момант сюды могуць перакінуць вялікія сілы расейскіх сухапутных і авіяцыйных войскаў. А парад — гэта толькі падстава. Мяркую, пакуль «Іскандэры» да нас ехалі, яны вывучылі дарогі і добра ўяўляюць, як можна і іншым часткам сюды прыехаць. То бок, як адказ на пагрозу НАТА гэта таксама можна разглядаць. Плюс трэніроўка, пра якую кажа Мінабароны Беларусі. Адзіны «пракол», мякка кажучы, што ніяк не папярэдзілі беларускае грамадзтва, што такая трэніроўка адбудзецца і сюды прыляцяць ресейскія самалёты. Мусілі гэта анансаваць, бо ўсё ж гэта сурʼёзныя самалёты. Тым больш, мяркую, іх усё роўна ўбачыла спадарожнікавая выведка ЗША.

У любы момант сюды могуць перабазіраваць сухапутныя сілы і авіяцыю, а мы даведаемся пра гэта ў апошнюю чаргу

А яшчэ гэтая трэніроўка магла быць зьвязана з манэўрамі, якія былі абвешчаныя ў Расеі. Іх мэтай было прывядзеньне ў стан баявой гатоўнасьці, праверка арсэналаў, частковая мабілізацыя запасьнікоў, дый сама перадысьлякацыя расейскай авіяцыі на перадавыя аэрадромы таксама адпрацоўвалася. Паводле саюзьніцкіх абавязацельстваў, яны сапраўды могуць сюды залятаць на час манэўраў, але ўся «фішка» ў тым, што манэўры ў небе над Беларусьсю не былі абвешчаныя. Вось гэта засмучае. Гэта паказвае, што ў любы момант сюды могуць перабазіраваць сухапутныя сілы і авіяцыю, а мы даведаемся пра гэта ў апошнюю чаргу.

— Ці можа гэта быць адказам Пуціна на адмову Лукашэнкі разьмяшчаць тут сталую расейскую авіябазу?

— Не, гэта і без саступкі Лукашэнкі дзейнічае — у нас існуе пагадненьне пра адзіную рэгіянальную сыстэму СПА. Ёсьць адзіны камандуючы, структура, і ў межах гэтай сыстэмы такія палёты магчымы. Такое і раней было, юрыдычнае права на гэта ёсьць. Нашы лятаюць на манэўры ў Расею, на палігон Ашулук, а яны сюды лятаюць. Але трэба гэта рабіць галосна, папярэджваць грамадзкасьць загадзя, а не пасьля манэўраў. Таму цяпер у Мінабароны і кажуць, што гэта былі не манэўры, а трэніроўка.

— Паводле баранавіцкіх журналістаў, на фота зьнятыя расейскія самалёты. Але на іх такія ж зоркі, што і на беларускіх. Ці ўсё ж чымсьці сымболіка на самалётах з Расеі адрозьніваецца ад беларускай?

— Так, адрозьненьне ёсьць. У нас зоркі як былыя савецкія, цалкам чырвоныя, а ў іх вакол чырвонай зоркі блакітна-белы контур. І на здымках ён добра відаць, таму асабіста ў мяне ня ўзьнікла ніякіх сумненьняў, што гэта расейскія самалёты.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі ў 2015 годзе ўжо разьмяшчаліся расейскія ваенныя самалёты, якія пасьля правядзеньня сумеснага дзяжурства вярнуліся ў Расею. Ці прыляталі расейцы ў Беларусь з таго часу яшчэ — акрамя трэніроўкі ў Баранавічах ў чэрвені 2016 году? Кіраўнік управы інфармацыі Мінабароны палкоўнік Уладзімер Макараў на гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды адказаў: «Гэта было плянавае мерапрыемства, пра якое інфармацыя разьмешчаная ў нас на сайце. Гэта тое, што ёсьць, глядзіце на сайце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG