Расейскае агенцтва «ТАСС» паведаміла, што ў расейскім праекце рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН аб стварэньні міратворчай місіі для ўкраінскага Данбасу гаворыцца, што гэтая ўзброеная стралковай зброяй місія ААН будзе упаўнаважаная «выключна гарантаваць бясьпеку групаў назіральнікаў місіі АБСЭ», якія ажыцьцяўляюць «кругласутачны маніторынг у зонах разьвядзеньня сілаў і сродкаў бакоў».
Як піша агенцтва, якое азнаёмілася з асобнікам расейскага праекту, дакумэнт прапануе ўвесьці такую місію на першапачатковы пэрыяд 6 месяцаў «пасьля поўнага разьвядзеньня сілаў і сродкаў бакоў ад фактычна наяўнай лініі кантакту».
Рэкамэндацыі наконт місіі, якія павінен падрыхтаваць генэральны сакратар ААН для разгляду на Радзе Бясьпекі ААН, павінны быць узгодненыя «з урадам Украіны і з прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны», гаворыцца ў расейскім праекце.
Пры гэтым у расейскім дакумэнце таксама гаворыцца пра «поўную павагу сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны» і заяўлена, што ўрэгуляваць канфлікт на Данбасе можна шляхам поўнага выкананьня толькі апошняй з трох менскіх дамоўленасьцяў, Менскага комплексу мерапрыемстваў ад 12 лютага 2015 году.
Напярэдадні, у аўторак, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у тэлефоннай размове з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель пагадзіўся зьмяніць сваю прапанову наконт міратворчай місіі ААН на акупаванай часткі ўкраінскага Данбасу з тым, каб яна разьмяшчалася ня толькі выключна на лініі кантакту «і ні на якіх іншых тэрыторыях», як ён заяўляў спачатку. Цяперашняя фармулёўка — у месцах, дзе назіральнікі АБСЭ ажыцьцяўляюць «кругласутачны маніторынг у зонах разьвядзеньня сілаў і сродкаў бакоў», — усё роўна моцна адрозьніваецца ад патрабаваньня Ўкраіны, якую падтрымалі Нямеччына і Францыя, што такая місія мае прысутнічаць на ўсёй акупаванай тэрыторыі, уключна зь цяпер непадкантрольнай Кіеву лініяй расейска-ўкраінскай мяжы.
Так сама Кіеў і Бэрлін ужо адхілілі патрабаваньне Масквы ўзгадняць падрабязнасьці місіі зь незаконнымі ўзброенымі сэпаратысцкімі групоўкамі «ДНР» і «ЛНР», якія падтрымлівае Расея і якія прызнаныя ва Ўкраіне тэрарыстычнымі.
Акрамя таго, ва Ўкраіне назвалі абсурднай ідэю ўводзіць узброеную місію ААН з адзінай задачай — аховы няўзброенай місіі АБСЭ.
Яшчэ адзін момант цяперашняга расейскага праекту — згадка пра «фактычна наяўную лінію кантакту», якая ўзьнікла пасьля другога масавага ўварваньня на ўсход Украіны расейскіх войскаў. Тады ўкраінскія сілы былі вымушаныя ў некаторых мясцовасьцях адступіць далёка за зафіксаваную першымі менскімі дамоўленасьцямі ўвосень 2014-га лінію кантакту; Украіна заяўляе, што менавіта тая, вызначаная дакумэнтальна, лінія павінна стаць асновай для поўнага разьвядзеньня сілаў бакоў, зь вяртаньнем пад кантроль Кіева, у прыватнасьці Дэбальцава, Дакучаеўску і да т. п.
Акрамя таго, у расейскім дакумэнце гаворыцца толькі пра Менскі комплекс мерапрыемстваў ад 12 лютага 2015 году — ён выгадны Маскве, у прыватнасьці, тым, што прама вызначае пачатак вяртаньня мяжы пад кантроль Украіны толькі пасьля мясцовых выбараў на акупаваных тэрыторыях, а завяршэньне гэтага працэсу — толькі пасьля «поўнага ўрэгуляваньня» ў рэгіёне. Між тым Масква пазьбягае згадак пра другую менскую дамоўленасьць, Менскі пратакол ад 5 верасьня 2014 году, на выкананьні якой настойвае Кіеў — там гаворыцца пра больш хуткае ўвядзеньне маніторынгу і кантролю АБСЭ на цяпер непадкантрольным участку расейска-ўкраінскай мяжы і стварэньне там зоны бясьпекі па абодва яго бакі.
Ва Ўкраіне пасьля заяваў Расеі аб згодзе на місію ААН на сваіх умовах паведамлялі, што Кіеў распрацаваў свой праект рэзалюцыі Рады Бясьпекі аб увядзеньні міратворчай місіі ў Данбас, у якім пазначана, што ўдзел у місіі прадстаўнікоў Расеі як дзяржавы-агрэсара немагчымая, а самі міратворцы павінны разьмяшчацца ў першую чаргу на расейска-ўкраінскай мяжы. Але пакуль Украіна ня стала падаваць гэты праект, бо ў Радзе Бясьпекі працягваецца абмеркаваньне расейскага і ёсьць спадзяваньне, што яго зьменяць да прымальнага для Кіева стану ці адпрэчаць.