Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Бясьпекі ААН не змагла ўхваліць рэзалюцыю пра Сырыю: Расея вэтавала Захад, Захад вэтаваў Расею


Прадстаўнік Расеі Васіль Нябензя, архіўнае фота
Прадстаўнік Расеі Васіль Нябензя, архіўнае фота

На паседжаньні Рады Бясьпекі ААН 10 красавіка правалілася прыняцьце трох варыянтаў рэзалюцыяў аб ужываньні ў Сырыі хімічнай зброі: два прапанаваныя Расеяй атрымалі галасы супраць ад краінаў Захаду, прапанаваная ЗША — галасы супраць ад Расеі і Балівіі.

Амэрыканскі варыянт рэзалюцыі, піша ААН, стварыў бы новы мэханізм расьсьледаваньняў атак з ужываньнем хімічнай зброі на адзін год, а таксама вызначыў адказных за ўжываньне такой зброі. Такі варыянт атрымаў 12 галасоў за, два супраць (ад Расеі і Балівіі). Кітай устрымаўся.

Напярэдадні галасаваньняў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш чарговы раз заклікаў да еднасьці ў Радзе, каб нормы аб забароне хімічнай зброі выконваліся, а адказныя за парушэньні былі пакараныя. Нават аднаго голасу ад пастаяннага чальца Рады (Вялікая Брытанія, ЗША, Кітай, Расея, Францыя) хапіла бы для адхіленьня рэзалюцыі. Расея, якая падтрымлівае Башара Асада і афіцыйныя ўлады Сырыі, галасавала супраць дзеяньняў Рады па Сырыі ўжо ў 12-ы раз.

Быў адхілены і прапанаваны Расеяй варыянт, які вызначыў бы «альтэрнатыўны» мэханізм вызначэньня адказных за атакі самой Радай Бясьпекі. За гэты варыянт прагаласавалі Балівія, Казахстан, Кітай, Расея, Экватарыяльная Гвінэя і Этыёпія, супраць — усе астатнія акрамя Кот-д’Івуару і Кувэйту, якія ўстрымаліся.

Яшчэ адзін расейскі варыянт рэзалюцыі, які тычыўся працы дасьледчай місіі Арганізацыі прадухіленьня выкарыстаньня хімічнай зброі (OPCW FFM), быў адхілены. За яго прагаласавалі тыя ж, хто за вышэйшы варыянт, без Экватарыяльнай Гвінэі, якая ўстрымалася, а супраць былі Вялікая Брытанія, ЗША, Польшча і Францыя.

ЗША ўсклалі на Расею адказнасьць за хімічныя атакі ў Сырыі яшчэ ў студзені. Прадстаўніца ЗША ў ААН ​Нікі Гэйлі 10 красавіка казала, што «кроў сырыйскіх дзяцей — на руках Расеі». Прадстаўнік Расеі Васіль Нябензя тады паставіў пад сумнеў сам факт ужываньня хімічнай зброі.

Тым часам ударная група ВМС ЗША на чале з авіяносцам Harry Truman ужо накіроўваецца ў бок Сырыі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абмяркоўваў узьніклую сытуацыю і магчымыя сцэнары дзеяньняў з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Тэрэзай Мэй і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Пасьля гэтага Трамп заявіў, што разглядаюцца «розныя сцэнары дзеяньняў». Увечары 9 красавіка Трамп казаў, што «жорсткае рашэньне наконт Сырыі будзе прынята на працягу 24-48 гадзінаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG