Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка амэрыканскім кангрэсмэнам: мы нікога сьлезацечным газам ня труцілі


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў у інтэрвію міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» адкрыты ліст чатырох амэрыканскіх сэнатараў. Дэмакраты Рычард Дэрбін і Джын Шахін ды рэспубліканцы Марка Рубіё і Джон Маккейн заклікалі Лукашэнку павярнуць палітычны курс у бок дэмакратыі і Захаду, каб абараніць тэрытарыяльную цэласьць і сувэрэнітэт Беларусі ад замаху Расеі.

У адказ Лукашэнка параіў ім «паглядзець на дэмакратыю ў заходніх краінах»:

«Сёньня мне прыйшоў ліст ад групы кангрэсмэнаў Злучаных Штатаў, у тым ліку там і вядомы пэрсанаж Маккейн, які дэмакратыю ў Беларусі шукае, што мы тут некага затрымалі і гэтак далей, і таму падобнае. Я яму пішу адказ: няхай яны паглядзяць на дэмакратыю ў заходніх краінах — зусім нядаўна і бамбілі, і труцілі, і сьлезацечны газ, і вадамёты, і дубінкі і ў Брусэлі, і ў Лёндане, і ў Парыжы, і ў Нямеччыне.

Куды ўжо далей? Апора дэмакратыі. Паглядзіце, што адбывалася пасьля выбараў, падчас выбараў Дональда Трампа ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Таму я яму падказваю, што трэба спачатку туды паглядзець, на гэтую „дэмакратыю“. Прынамсі, мы нікога сьлезацечным газам ня труцілі. Зразумелая іх мэта», — цытуе БелТА Аляксандра Лукашэнку.

Лукашэнка таксама распавёў, што амэрыканскіх кангрэсмэнаў хвалюе і пытаньне вучэньняў «Захад-2017», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі.

«Гэтыя спадары закранаюць і пытаньне вучэньняў: для іх гэта нейкая небясьпека. А для нас не небясьпека, што сёньня NATO актывізавалася каля нашых межаў? Расейцы любяць казаць, што гэта ля межаў Расеі. Калі гэта Калінінград, то так. Але трэба разумець, што гэта перш за ўсё ля беларускіх межаў. І трэба, каб эўрапейцы, натаўцы і Злучаныя Штаты разумелі, што ў процівагу калісьці мы стварылі сумесную групоўку на тэрыторыі Беларусі і на захадзе Расеі. Гэтая групоўка жывая, яна гатовая дзейнічаць дзеля абароны нашых інтарэсаў. Мы пры гэтым ні на кога не зьбіраемся нападаць, нам гэтага ня трэба. Ды і ня здольныя мы сёньня ваяваць супраць усяго сьвету. І Пуцін, і я гэта выдатна разумеем. Але свайго не аддамо. Таму яны павінны нас разумець», — сказаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG