Уладзімір Пуцін 26 ліпеня падпісаў закон аб абʼяднаньні расейскіх і армянскіх войскаў у адмысловую групоўку дзеля «забесьпячэньня ваеннай бясьпекі ў Каўкаскім рэгіёне».
Групоўка войскаў павінна будзе прыкрываць сухапутную частка межаў Армэніі і абараняць іх у паветранай прасторы. Два гады таму краіны дамовіліся аб стварэньні супольнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА), а пазьней Расея разьмясьціла ў Армэніі сыстэму СПА «Іскандэр».
Пагадненьне заключанае на тэрмін да пяці гадоў, але можа аўтаматычна працягваецца на наступныя пяць гадоў, калі ніводзін з бакоў за паўгода да заканчэньня дамовы не накіруе контрагенту адпаведную заяву.
Пры гэтым агульнай мяжы ў Расеі і Армэніі няма.
«Заходняя мяжа Армэніі, то бок мяжа з Турэччынай, супольна ахоўваецца памежнымі падразьдзяленьнямі і Расеі, і Армэніі з канца 1991 году. Гэта быў даволі працяглы этап фармаваньня парадку супольнай аховы мяжы, — тлумачыць RFI незалежны журналіст, супрацоўнік „Інстытуту Каўказ“ Давід Петрасян. — Іншая справа, што цяпер гэта ўжо абʼяднана ў адну групоўку, якая будзе адпрацоўваць супольныя задачы».
Паводле Петрасяна, гэта будзе «наймацнейшая вайсковая групоўка Паўднёвага Каўказу па сваіх вайсковых магчымасьцях». Ён мяркуе, што групоўка створаная для аховы ня толькі мяжы з Турэччынай, а і ўсіх межаў Армэніі, але не наўпрост. Армэнія мае вайсковыя пагрозы з розных бакоў, а абʼяднаная групоўка з турэцкага боку вырашыць пытаньне абароны з аднаго з гэтых бакоў праз расейскую базу, а ня толькі праз свае ўласныя сілы.
Лінія канфлікту ў Нагорным Карабаху і мяжа з Азэрбайджанам, дзе час ад часу здараюцца ваенныя інцыдэнты, не ўваходзіць у зону адказнасьці абʼяднанай групоўкі, дадае ён.