Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нападніку з бэнзапілой прысудзілі 15 год калёніі агульнага рэжыму


Суд над Уладзіславам Казакевічам, архіўнае фота
Суд над Уладзіславам Казакевічам, архіўнае фота

Суд Маскоўскага раёну Менска 3 сакавіка абвясьціў вырак Уладу Казакевічу. Ён прызнаны вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасьцю, замаху на забойства з хуліганскіх намераў, нанясеньні траўмаў. Праз складаньне пакараньняў усяго Казакевічу суд прызначыў 15 год калёніі агульнага рэжыму. Грамадзянскія пазовы пацярпелых задаволеныя амаль у поўным памеры — на суму ў 200 тысяч рублёў.

Фотагалерэя:

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка патлумачыў, што для асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства ў непаўнагадовым узросьце, закон Рэспублікі Беларусь прадугледжвае прызначэньне агульнага, а ня строгага рэжыму:

«Менавіта таму Ўлад Казакевіч будзе адбываць 15 год ва ўмовах агульнага, а ня ўзмоцненага, строгага ці асаблівага рэжыму», — сказаў Сапелка.

Муж загінулай Аляксандр Аляксандронец
Муж загінулай Аляксандр Аляксандронец

Муж загінулай Аляксандр Аляксандронец сказаў, што задаволены прысудам, «у межах сёньняшняга закону ён справядлівы, але ўсё ж 15 гадоў за такое злачынства, гэта мала, закон трэба карэктаваць».

Пракурор Алег Буйленкоў задаволены прысудам. «Гэта максымум паводле закону для непаўнагадовага на момант злачынства: 12 за забойства і 3 за хуліганства». Пры гэтым пракурор пагадзіўся, што гэтая справа можа стаць падставай для тых, хто мае права на заканадаўчыя ініцыятывы.

Пракурор не пагадзіўся з тым, што бацькі Казакевіча мусяць панесьці нейкую адказнасьць за дзеяньні сына, акрамя маральнай.

8 кастрычніка 2016 году Казакевіч учыніў напад з бэнзапілой на менскі гандлёвы цэнтар «Эўропа», забіў адну жанчыну і параніў дзьвюх.

Сам абвінавачаны прызнаў віну цалкам, але пры гэтым не павініўся, а ў апошнім слове нават заявіў пра жаль, што ня цалкам зьдзейсьніў задуманае. Паводле прызнаньняў у судзе, Улад Казакевіч, якому толькі пасьля злачынства споўнілася 18 гадоў, плянаваў забіць бэнзапілой некалькі чалавек, каб у выніку яго застрэлілі міліцыянты.

У судзе стала вядома, што раней Улад Казакевіч двойчы рабіў няўдалыя спробы суіцыду. Жаданьне пайсьці з жыцьця падсудны тлумачыў расчараванасьцю ў сабе і людзях. Дасудовая экспэртыза прызнала Ўлада Казакевіча псыхічна здаровым у момант зьдзяйсьненьня дзеяньняў, якія яму інкрымінавала сьледзтва. Між тым да нападу на ГЦ «Эўропа» малады чалавек лячыўся ў псыхіятрычным шпіталі і прымаў адмысловыя лекі.

На працэсе высьветлілася, што з 14 гадоў Улад Казакевіч фактычна жыў адзін, без бацькоў. Ягоныя бацькі разьвяліся, маці зьехала жыць у Нямеччыну, бацька, які жыве ў Менску, таксама ня жыў з сынам. На працэсе бацькі Ўлада Казакевіча прысутнічалі на судовых дэбатах, якія адбываліся 27 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG