Жанна Пцічкіна, маці памерлага вязьня СІЗА № 1 Ігара Пцічкіна, учора дала паказаньні ў судзе на працэсе.
Паводле маці, яе сын ня быў «бездакорным», але і «ня быў алькаголікам і наркаманам, якім яго выстаўляюць на «Валадарцы». З 16 гадоў Ігар Пцічкін працаваў на МТЗ, зарабляў грошы, у тым ліку і на штрафы за тое, што езьдзіў на аўтамабілі без правоў.
«Сын з хлопцамі з падʼезду выпіваў сьпіртное, такое бывала на выходныя, але гэта не было часта, а за паўгода да СІЗА ён увогуле ня піў, зьбіраўся зусім кінуць. Калі выпіваў, ня быў агрэсіўны, прыходзіў дамоў і клаўся спаць», — казала маці.
Жанна Пцічкіна абвяргае тое, што нібыта яе сын быў наркаманам, што курыў «траўку» — яна прыкмет гэтага ніколі ня бачыла. 30 ліпеня 2013 году Жанна Пцічкіна сама адвезла сына на «Валадарку» адбываць пакараньне — суд пакараў Ігара Пцічкіна 3 месяцамі арышту за паўторную язду за рулём у стане алькагольнага апʼяненьня.
«Была сьпякота да 30 градусаў, а сын дрэнна пераносіў сьпякоту. Але ён узяў з сабой шмат рэчаў на ўсялякі выпадак, я яшчэ зьдзівілася. Сама прысьпешвала яго. Калі б ведала, што там яго забʼюць, ніколі б не аддала, хавала б, як магла», — сказала Жанна Пцічкіна.
Што сын памёр, жанчына даведалася 4 жніўня. Яна была ў царкве на службе, у 11:50 ёй пазваніў чалавек і вельмі спакойным голасам паведаміў, што сын памёр ад спыненьня сэрца.
«Ужо ў 13:30 дачка была ў моргу і ўбачыла Ігара. Яму ўжо зрабілі ўскрыцьцё. Куды так сьпяшаліся?» — абуралася Жанна Пцічкіна.
Ужо а 18 гадзіне яна сама ўбачыла сына ў моргу і кажа, што не пазнала:
«Па-першае, ён быў ад шыі да пояса сіні. А твар — як у мужчыны 40 гадоў і з такім выразам, як быццам яго катавалі — выраз пакутаў. У мяне на руках паміраў муж, і яго твар быў проста як у нябожчыка, а тут — як чалавека доўга катавалі. І яшчэ — галава была закінутая і ногі выцягнутыя, вельмі даўгія. А на запясьцях сінія кругі. Мне потым сказалі людзі, што гэта, пэўна, яго трымалі ў позе „ластаўка“, і ён гэтак і памёр. І яшчэ на твары і на грудзях былі сінякі ад удараў — яго, пэўна, білі», — мяркуе Жанна Пцічкіна.
Паводле маці нябожчыка, праз 3 дні пасьля пахаваньня ім у моргу аддалі рэчы Ігара Пцічкіна — байку, штаны, майку — якія былі «прапітаныя мачой гэтак, што капала».
Адносна віны фэльчара Крылова маці Пцічкіна мяркуе, што той вінаваты ў тым ліку ў пакрыцьці людзей, якія зьбівалі яе сына.
«Сам ён, магчыма, яго і ня бачыў жывым, але ўсё роўна вінаваты і мусіць панесьці самае суровае пакараньне», — мяркуе Жанна Пцічкіна.
Аляксандру Крылову паводле выстаўленага яму абвінавачаньня пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.
19 верасьня ў судзе дала таксама паказаньні Ганна Шпарык, былая дзяўчына Ігара Пцічкіна. Паводле сьведкі, Ігар Пцічкін час ад часу курыў «траўку», а ці былі гэта «спайсы», ці іншыя наркотыкі, яна ня ведае. Але «залежным ад наркотыкаў ён ня быў», — сказала сьведка. Алькаголь Ігар Пцічкін ужываў, паводле ягонай сяброўкі, як усе хлопцы. «Хлопцам ён быў добрым, зарабляў для нас грошы, прыносіў дамоў. Але сваркі ў нас былі», — сказала суду Ганна Шпарык. Сьведка згадала, што аднойчы размаўляла з маці Ігара Пцічкіна пра тое, што ён курыць «траўку».
Жанна Пцічкіна сказала, што такой размовы ня памятае.