Каля сьцяны забаўляльнага комплексу ў Курапатах зноў зьбіраюцца праціўнікі адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим». Гэта ўжо пяты дзень «курапацкай вахты» — пратэстоўцы не змаглі прадухіліць адкрыцьцё рэстарацыі, але замінаюць ёй працаваць.
Свабода вяла жывы рэпартаж з акцыі.
Павал Севярынец праз кнігу скаргаў зьвярнуўся да ўласьніка рэстарацыі
Паводле Паўла Севярынца, адным з вынікаў сёньняшняга дня пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў стала перадача звароту да ўласьніка рэстарацыі.
«У канцы нашага сёньняшняга пікетаваньня разам з актывістам Аляксеем Туровічам я прайшоў у рэстарацыю, ахоўнікі прапусьцілі безь перашкод, і зьвярнуўся да ўласьніка. Давялося зрабіць гэта не наўпрост, а праз кнігу скаргаў, якую прынесьлі на нашу просьбу.
У запісе заклікаў уласьніка, а сёньня стала вядома ягонае прозьвішча, да перамоваў аб бескаштоўнай перадачы будынка рэстарана грамадзкасьці. Мы прапануем ім не хавацца далей, як робіцца ўжо тыдзень, а абмеркаваць умовы такой перадачы.
Усё роўна кабака тут, у Курапатах, у сьвятым для кожнага беларуса месцы, ня будзе. Гэты будынак можна выкарыстаць для музэю, ці для іншай мэты, ці зьнесьці ўвогуле — гэта будзе вырашаць грамадзкасьць. Але трэба знайсьці цывілізаваны выхад з тупіку пад назвай „кабак на костках“. Вось наша прапанова», — сказаў Павал Севярынец карэспандэнту Свабоды.
Пакуль, паводле Паўла Севярынца, ані адміністрацыя Менскага раёну, ані ўласьнікі рэстарана «Поедем поедим» да пікетоўцаў з прапановамі не зьвярталіся.
Павал Севярынец дадаў, што ня бачыў у залі рэстарана наведнікаў, хоць грала музыка і працавалі афіцыянткі.
«Яны не хавалі расчараваньня, што іх праца дарэмная, бо няма наведнікаў, і калі гэтак будзе далей, яны прагараць», — сказаў Павал Севярынец.
8 чэрвеня пікетоўцы працягнулі пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў, якое пачалося з 31 траўня.
Міліцыянты акцыі не перашкаджалі, але папярэдзілі актывістку Ніну Багінскую, што на яе будзе складзены пратакол за парушэньне артыкула 17 п.1 Правілаў дарожнага руху.
Напачатку акцыі на дзьве гадзіны затрымалі Дзяніса Урбановіча. У Бараўлянскім пастарунку на яго склалі два пратаколы. Пасьля гэтага актывіст зноў далучыўся да пікетаваньня рэстарацыі.
А 18 гадзіне каля свайго дому была затрыманая актывістка Вольга Мікалайчык, якую міліцыянты адвезьлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі. Актывісту Леаніду Кулакову стала вядома, што яе затрымалі паводле пратаколу аб парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Ён мяркуе, што гаворка ідзе пра адну з ранейшых вулічных акцый, у якіх брала ўдзел Вольга Мікалайчык.
Каля 20-й гадзіны Вольгу Мікалайчык выпусьцілі з пастарунку, склаўшы два пратаколы.
Перад сыходам з акцыі Вольга Мікалайчык казала, што ў суботу, 9 чэрвеня, пікетаваньне рэстарацыі працягнецца. Пікетоўцы запрасілі мастакоў правесьці «пленэр супраць „кабака на костках“».
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.