Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец атрымаў адказ ад міністаркі інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч на зварот аб публікацыі тэлеканалам «Беларусь-1» ягонай тэлефоннай размовы зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам у прапагандысцкім фільме «Звонок другу».
Паводле Ананіч, «Беларусь-1» не парушала ніякіх законаў, у тым ліку не парушала права на абарону ад умяшаньня ў прыватнае жыцьцё і замах на тайну карэспандэнцыі, бо «самастойна не рабіла захадаў для атрыманьня запісу», брала матэрыялы «ў адкрытым доступе ў інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі», а таксама матэрыялы, «перададзеныя праваахоўнымі органамі і органамі дзяржаўнай бясьпекі».
Сьледчыя раней адказалі Севярынцу, што запіс быў прадастаўлены «ананімнай крыніцай». Але ці на тэлевізіі атрымалі запіс ад праваахоўнікаў, ці «знайшлі ў інтэрнэце», з адказу незразумела.
У Беларусі проста так праслухоўваць чужыя размовы дэ-юрэ незаконна, але фактычна спэцслужбы могуць законна праслухоўваць любога: санкцыя пракурора не абавязковая, трэба толькі, каб КДБ ці СК атрымалі дазвол на праслухоўваньне ад сваіх начальнікаў.