Экспэрты ня бачаць вялікага патэнцыялу для разьвіцьця беларуска-індыйскіх стасункаў і лічаць, што візыт індыйскага лідэра ў Менск беларускія ўлады выкарыстоўваюць у прапагандысцкіх мэтах.
Прэзыдэнт Індыі Пранаб Мукерджы прыбыў у Беларусь учора ўвечары, а сёньня правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Візыт прэзыдэнта Індыі быў у Беларусі абстаўлены як «гістарычная падзея»: цырымонія сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пранаба Мукерджы перад Палацам Незалежнасьці трансьлявалася ў жывым эфіры на канале «Беларусь-1». Мукерджы сустракалі фанфарамі, перад прэзыдэнтамі дзьвюх краін маршам прайшлася рота ганаровай варты.
Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з Мукерджы заявіў, што ў палітычнай сфэры і дыпляматыі ў Беларусі і Індыі ніколі не было праблемаў.
«Спробы ізаляваць Беларусь, неяк паставіць на месца, націснуць — беспэрспэктыўныя, пакуль мы маем адносіны з такімі гіганцкімі дзяржавамі, як ваша», — сказаў ён.
Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода назваў гэтыя словы Лукашэнкі адметнымі:
«Справа ў тым, што літаральна тры тыдні таму, як пад капірку, такая ж фраза прагучала, калі ў Менску гасьцяваў кітайскі кіраўнік.
То бок тут я бачу, што беларускае начальства, так бы мовіць, камплексуе ад таго, што няма нармальных дачыненьняў з разьвітымі заходнімі краінамі, дзейнічаюць візавыя абмежаваньні.
І таму тут найперш такая спроба псыхалягічнага самазаспакаеньня, і плюс піяраўская задача паказаць насельніцтву, што насамрэч, бачыце, у нас такія разьвітыя дачыненьні зь вялікімі краінамі і няма чаго надта перажываць.
Але самі гэтыя рэфрэны паказваюць, што ўсё ж такі беларускаму кіраўніцтву муляе пачуцьцё нейкай уласнай палітычнай непаўнавартасьці».
Паводле слоў Класкоўскага, піяраўскія спробы беларускай улады ў гэтым кірунку выглядаюць даволі наіўнымі.
«Беларускае насельніцтва, магчыма, праз свой патэрналізм сапраўды надзяляе індыйскага прэзыдэнта такімі ж царскімі паўнамоцтвамі, якія мае Аляксандар Лукашэнка. Хоць насамрэч у Індыі, як і шмат яшчэ ў якіх краінах, існуе падзел уладаў, і прэзыдэнт там болей сымбалічныя функцыі выконвае. Так што гэта ня тая пэрсона, якая ўсё вырашае, як гэта ў Беларусі робіць аўтарытарны беларускі кіраўнік. Так што я думаю, што тут спроба ў пэўнай ступені пусьціць пыл у вочы. Бо калі казаць пра эканамічны складнік, то, зважаючы на вялікае насельніцтва Індыі — 1 млрд 250 млн, гандаль двухбаковы даволі сьціплы — каля 400 млн даляраў, і няма вялікага патэнцыялу для разьвіцьця. Стратэгія беларускага кіраўніцтва сёньня (ну, калі за дужкі вынесьці калій, які добра ідзе) — гэта, як некалі сказаў Лукашэнка, па чайнай лыжцы прадаваць трактары, аўтамабілі і г.д. Таму ніякіх прарываў ня будзе, і гэты звон пераважна такі прапагандысцкі», — кажа экспэрт.
На перамовах у Менску паміж Беларусьсю і Індыяй была падпісана «дарожная мапа» двухбаковага супрацоўніцтва з асаблівым упорам на гандлёва-эканамічную сфэру. Таксама падпісалі некалькі мэмарандумаў аб супрацоўніцтве паміж рознымі міністэрствамі і ведамствамі.
На сустрэчы з кіраўніком Беларусі Пранаб Мукерджы заявіў, што Індыя мае намер выдзеліць для сваіх кампаніяў крэдытную лінію ў 100 млн даляраў для рэалізацыі сумесных зь Беларусьсю праектаў у тых галінах, якія будуць вызначаныя ў ходзе беларуска-індыйскіх перамоваў на вышэйшым узроўні.