Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд на дваіх







ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ


"Калі зьбіраеш пасылку ў калёнію, думаеш, дзе б абрабаваць банк"

Так напісала слухачка зь Менску Марына, чый муж сядзіць у адной зь беларускіх калёніяў. Жанчына распавяла, у якую суму ёй абыходзіцца сабраць перадачу для сужэнца.

Марына піша:

"Вядома, хтосьці і ня шле пасылак у калёнію. Часам бачыш, як на спатканьні прыяжджаюць жонкі з бутэлькай вады і пакетам семак, ды яшчэ і зь дзіцем (сама бачыла), але я так не магу, мне хочацца, каб у яго там была ежа, і я ведала, што да наступнага спатканьня ён будзе неяк накормлены.

Разам — 3 мільёны 595 тысяч беларускіх рублёў, і гэта ўлічваючы, што кошты ўжо заўтра будуць іншыя. Магу накіраваць у зону чатыры пасылкі ў год. Часам хочацца абрабаваць банк.

Хачу пералічыць тое, што імкнуся адвезьці мужу на спатканьне або накіраваць з пасылкай. Сядзець яму яшчэ доўга. Нягледзячы на тое, што ён там шмат працуе, заробкі аніякія. А фінансаваньне ўтрыманьня зьняволеных зьмяншаецца. Калі не дапамагаць з волі, лёгка працягнуць ногі.

Такім чынам, вось ён, сьпіс.

1. Цыгарэты "Winston" — ад 10 блёкаў, улічваючы цяперашнія цэны — ад 550 000.
2. Гарбата. Мой муж любіць "Lipton" у заварачных пакеціках — 1 пакунак 100 пакецікаў, нават ня ведаю, колькі ўжо цяпер каштуе, напэўна, дзесьці 45—50 тысяч, а трэба 10—15 пакункаў — ад 500 000.
3. Кава — я набываю распушчальную "Nescafe", якая па 200 г. у пачцы, адзін пачак каштуе каля 40 тысяч, трэба 10—15 пачкаў — ад 400 000.
4. Сала з пражылкамі мяса (паджарка) — ад 10 кг, купляю сырое, салю сама дома, 1 кг цяпер дзесьці 35 тысяч — ад 350 000.
5. Алей сланечнікавы — 3—4 бутэлькі — ад 75 000.
6. Арэхі, сухафрукты — тут колькі можаш, столькі і купляй, вітаміны там патрэбныя вельмі-вельмі — ад 200 000.
7. Каўбаса — таксама колькі можна, столькі і купляеш, чым больш, тым лепш — ад 300 000.
8. Сыр — хоць цэлую галоўку, мой муж любіць яго — ад 100 000.
9. Цыбуля, часнык — гэта таксама вітаміны для іх, таму максымальна шмат — ад 100 000.
10. Шакаляд — цяпер купляю цукеркі, таньней і разнастайней — ад 150 000.
11. Печыва рознае — ад 100 000.
12. Пюрэ бульбянае, вытворца "Мівіна" — таксама максымальна магчымая колькасьць — ад 250 000.
13. Шматкі аўсяныя, грачаныя, ячныя, рысавыя, якія не патрабуюць гатаваньня — ад 150 000.
14. Мыла туалетнае - 10-20 кавалкаў – ад 50 000.
15. Мыла гаспадарчае — 10—20 кавалкаў — ад 60 000.
16. Шампунь — 2 бутэлькі як мінімум — ад 50 000.
17. Парашок пральны — ад 3 кг — ад 60 000.
18. Зубная паста, шчоткі — ад 50 000.
19. Ну і ўсялякая драбяза, кшталту крэму для твару, шкарпэтак і г.д. — ад 100 000.


Разам — 3 мільёны 595 тысяч беларускіх рублёў, і гэта ўлічваючы, што кошты ўжо заўтра будуць іншыя. Магу накіраваць у зону чатыры пасылкі ў год. Часам хочацца абрабаваць банк.

Пра сямейны бюджэт думаць не даводзіцца, яго проста няма. І гэта толькі перадача, а яшчэ ж трэба сабрацца на спатканьне — купіць ежы на трое сутак, а яшчэ кожны месяц адправіць мужу на рахунак грошай на атаварку. Увогуле я сама ня вельмі разумею, як я жыву і дзе на ўсё грошы бяру — імкнуся зарабіць, дзе толькі магу, здаю плязму ўжо 6 гадоў (затое ўжо ганаровы донар), навучылася разам з дачкой здавольвацца малым і неяк выжываю, вось толькі гэты крызіс падкасіў канчаткова".

Працяг размовы пра тое, чаго каштуе сваякам зьняволеньне іх блізкіх – пры канцы праграмы.

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


Прысуд на дваіх

Сучасныя цяжарныя беларускія жанчыны трапляюць за краты ня так ужо і рэдка. Сярод даволі распаўсюджаных злачынстваў, зьдзейсьненых імі ў чаканьні нараджэньня дзіцяці — крадзяжы, махлярства, захоўваньне ды распаўсюджваньне наркотыкаў, забойства ў стане афэкту — найчасьцей мужа або сужыцеля. Цяжарнымі становяцца жанчыны і за кратамі. Найчасьцей у калёніі, калі маюць спатканьне з мужам.
Наш расказ пра гэтых жанчын, а таксама пра тое, дзе адбываюць першыя тры гады жыцьця іх дзеці.

Цяжарныя жанчыны за кратамі ў РБ і ВКЛ

Упершыню ў прававых дакумэнтах беларуская цяжарная жанчына за кратамі ўзгадваецца ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Сьмяротная кара ў дачыненьні да цяжарнай у тагачаснай Беларусі не ўжывалася, нават калі тая і зьдзяйсьняла самае цяжкае, як на тую пару, злачынства — мужазабойства. Жанчыну-злачынку, аднак, арыштоўвалі, трымалі пад вартай да нараджэньня дзіцяці, а потым ужо каралі сьмерцю. Найчасьцей — закопвалі зажыва.

Трэба адзначыць, што гэты закон ВКЛ быў найбольш гуманным у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі. На тэрыторыі тагачаснай Расеі адтэрміноўку сьмяротнага пакараньня для жанчыны-мужазабойцы дазволілі толькі ў 1649 годзе згодна з такім прававым дакумэнтам, як "Саборнае ўлажэньне".

У цяперашняй Беларусі, адзінай у Эўропе краіне, дзе існуе сьмяротнае пакараньне, жанчын, тым больш цяжарных, сьмерцю не караюць. Такое правіла дзейнічае ад 1961 году. Што да асуджаных цяжарных жанчын ды маці з малалетнімі дзецьмі, то беларускае заканадаўства рэглямэнтуе для гэтых арыштантак некаторыя прэфэрэнцыі. Найперш гэта адтэрміноўка пакараньня для цяжарных і жанчын зь дзецьмі ва ўзросьце да 3 гадоў. Аднак гэта ў выпадку, калі тыя маюць першую судзімасьць і прысуджаны тэрмін не перавышае 5 гадоў. Таксама такія жанчыны-зьняволеныя маюць права на палепшаныя матэрыяльна-бытавыя ўмовы, спэцыялізаванае мэдычнае абслугоўваньне, павышаныя нормы харчаваньня і забесьпячэньне неабходнымі рэчамі.

Месца нараджэньня – Гомель

Народжаныя ў няволі. Фота з сайту Віктара Стралкоўскага http://svsphoto.com/turdet.php
Народжаныя ў няволі. Фота з сайту Віктара Стралкоўскага http://svsphoto.com/turdet.php

Сваіх дзяцей асуджаныя жанчыны нараджаюць у вольных радзільных дамах Гомелю. Потым ужо разам з маці немаўлятак вязуць на вуліцу авіятара Івана Антошкіна, у тамтэйшую калёнію № 4, дзе і месьціцца адзіны ў краіне Дом для дзяцей арыштантак. Вось тут, сапраўды за кратамі, і праходзяць першыя тры гады жыцьця гэтых дзетак.

Сёньня ў адным з гомельскіх радзільных дамоў нарадзіўся новы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, якога 28-гадовая маці вырашыла назваць Славікам. У мэтрыцы ў графе "месца нараджэньня" пазначаць горад Гомель. Дакумэнты хлопчыка нічым ня будуць адрозьнівацца ад мэтрык іншых дзетак, народжаных у шчасьлівых сем’ях.

Хлопчык, які ў сувязі з мэдычнымі паказчыкамі зьявіўся на сьвет пры дапамозе кесаравага сячэньня, важыць 2,5 кг, а яго рост — 45 см. Гэта цалкам даношанае дзіця. Недахоп росту і вагі зьвязаны з высокай ступеньню гіпатрафіі: у немаўляткі зусім няма падскурнага тлушчавага слою. Аналізы паказваюць нізкі ўзровень цукру і бялку ў крыві. Такія дзеці дрэнна супраціўляюцца інфэкцыям. Гіпатрафія наўпрост зьвязаная з кепскім станам плацэнты парадзіхі. Як мяркуюць лекары, праўдападобна, што падчас цяжарнасьці жанчына не адмаўлялася ад шкодных звычак — выпівак (яе разам з сужыцелем п'янаю, ужо з жыватом, арыштавалі падчас рабаваньня сельскай крамы), курэньня.


Фота з сайту Віктара Стралкоўскага http://svsphoto.com/turdet.php
Фота з сайту Віктара Стралкоўскага http://svsphoto.com/turdet.php

“Нават перад родамі пасьпела пакурыць”

"Нават перад апэрацыяй дзесьці пасьпела пакурыць", кажа хтосьці з мэдычнай брыгады пра маці Славіка Людмілу.

Тым ня менш вынікамі першых аналізаў немаўляткі мэдыкі задаволеныя. ВІЧ, які мае жанчына, не перадаўся яе дзіцёнку.

Адна зь лекарак гаворыць:

"Такіх жанчын мы заўсёды кесарым, каб дзіця не заразілася. Хоць, па вялікім рахунку, рызыка заражэньня ёсьць і бяз гэтага. Напрыклад, кроў маці можа трапіць. Яшчэ гэтым жанчынам забаронена карміць дзіця грудзямі. Пасьля нараджэньня ва ўсіх дзетак абавязкова бяруць аналіз на СНІД, дасьледуюць дзейнасьць розных унутраных органаў".

Такіх жанчын мы заўсёды кесарым, каб дзіця не заразілася. Хоць, па вялікім рахунку, рызыка заражэньня ёсьць і бяз гэтага

Для Людмілы, гэта ўжо пятыя роды. Двое дзетак памерлі неўзабаве пасьля нараджэньня. Лёс дваіх астатніх, хочацца спадзявацца, складзецца шчасьліва. Жанчына "падаравала" іх дзяржаве, і іх усынавілі іншыя людзі. Калі гэтым разам у СІЗА ёй прапанавалі спыніць цяжарнасьць, будучая маці адмовілася і пачала бажыцца, што пра свайго чарговага дзіцёнка будзе клапаціцца як мае быць. Тыя ж клятвы гучалі і ў раддоме...

…На трэці дзень пасьля родаў Людмілу ў суправаджэньні дзьвюх дужых жанчын-канваірак, якія ўвесь гэты час дзяжурылі ля яе палаты, адвозяць назад у калёнію. Хлопчыка пакідаюць у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі для нованароджаных. Яго чакаюць харчаваньне праз кропельніцу, а таксама дадатковыя дасьледаваньні. Магчыма, лячэньне працягнецца тыдні тры. Магчыма — больш, магчыма — менш. Калі няма нейкай схаванай глыбокай паталёгіі, то такіх дзетак звычайна выцягваюць. Спачатку ў шпіталі, а потым у турэмным доме дзіцяці.

“Назваць гэтае дзіця жаданым язык не паварочваецца”

Ад вымушанай часовай разлукі з Славікам Людміла пачынае рыдаць…

Людзі, якія сутыкаюцца з такімі жанчынамі паводле працы, да такіх сьлёз прызвычаіліся.

Дзіцячы псыхоляг Галіна:

"Назваць гэтае дзіця жаданым у мяне язык не паварочваецца. Для асноўнай часткі такіх мамак дзіця — гэта сродак маніпуляцыі. Нішто іншае, як толькі маніпуляцыя, дзеля таго каб атрымаць пэўныя палёгкі падчас зьняволеньня”.

Фота з сайту Віктара Стралкоўскага http://svsphoto.com/turdet.php
Фота з сайту Віктара Стралкоўскага http://svsphoto.com/turdet.php

Супрацоўніца органаў апекі Валянціна:

"Яны, нарадзіўшы дзіця, імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу. Маўляў, глядзіце, я маці, у мяне непаўналетняе дзіця. А таму і суд, і іншыя інстанцыі, разглядаючы маё пытаньне, павінны быць да мяне ляяльнымі".

Бізнэсоўка Тацяна, якая цягам апошніх гадоў падтрымлівала праект "Жаночыя калёніі ў Беларусі", мае іншую думку:

"Сапраўды, ёсьць і такая катэгорыя жанчын, ёсьць і такія выпадкі. А што на волі? Хіба некаторыя мамашы не нараджаюць, каб атрымаць сацыяльную дапамогу? А потым адмаўляюцца ад гэтых дзяцей, прадаюць іх. За алькаголь, наркотыкі. А што мы, ня ведаем выпадкаў, калі яны зацяжарваюць толькі дзеля таго, каб утрымаць мужа? А потым муж кідае яе, а яна кідае дзіця. Бо непатрэбнае... “

Vox Populi: “Разлучаць маці і дзіця нельга”

"Хачу вас запэўніць, — дадае Тацяна, — што такіх жанчын, пра якіх ідзе гаворка, ня большасьць. Я магу рабіць такую выснову на падставе свайго пяцігадовага досьведу супрацоўніцтва з домам дзіцяці ў Гомельскай калёніі".

І Галіна, і Валянціна, і Тацяна сыходзяцца ў адным: дзіцёнку вельмі пашанцавала, што першыя гады жыцьця ён правядзе ў такім доме, а не ў сям’і нездаляшчай маці.

А як па-іншаму, калі жанчына нараджае ў турме? Куды дзіця? У дзіцячы дом на волі — гэта яшчэ горш

А цяпер невялікае апытаньне гамельчукоў: як яны ставяцца да таго, што дзяцей разам за маці трымаюць за кратамі?

Маладзіца: "А як па-іншаму, калі жанчына нараджае ў турме? Куды дзіця? У дзіцячы дом на волі — гэта яшчэ горш. А тут, як я разумею, яна выйдзе з турмы, забярэ сваё дзіця й будзе жыць нармальным жыцьцём. Розныя ж меры пакараньня ёсьць. Калі, дапусьцім, за забойства, то неяк павінна гэта карацца. Толькі хіба сям’і дзіця аддаць, а не трымаць тут пры турме".

29-гадовы гамяльчук, сам бацька, лічыць, што на выхаваньне немаўляці жанчыне трэба даваць адтэрміноўку, а не садзіць за краты:

"Калі гуманна ставіцца да гэтага, то можна рабіць па-людзку: маці з малалетнім дзіцем не забіраць пад варту, а пакінуць на самаўтрыманьне з абмежаваньнем волі. Хаця б на год ці два, пакуль дзіця корміцца грудзьмі, адтэрмінаваць пакараньне. А потым ужо, калі артыкул пакараньня цяжкі, дзіця зьмясьціць у звычайны дзіцячы дом, а жанчыну зь цяжкім злачынствам ізаляваць".

Жанчына сярэдняга веку: "Для дзіцяці ж умовы створаны. Мне падаецца, лепей маці быць зь дзіцем. Гэта ж яе дзіця, і яна будзе, падаецца, самавыхоўвацца з-за дзіцяці. Ёй будзе спакайней, і адказнасьць перад дзіцем будзе выпрацоўвацца. Магчыма, даваць адтэрміноўку, каб быць зь дзіцем. Але толькі не разьдзяляць іх паасобку. Гэта ўжо самае крайняе, калі маці ня хоча дзіцяці. А так трэба, каб разам былі".

“Мама" і мама

…Адзіны ва ўмовах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы дом для дзяцей асуджаных мацярок быў заснаваны яшчэ ў 1961 годзе. Разьлічаная ўстанова на малых ад нуля да трох гадоў. Месьціцца ў адным з шэрых будынкаў на тэрыторыі “чацьвёркі”.За час існаваньня Дома дзіцяці празь яго прайшло больш за дзьве тысячы дзетак.

Усярэдзіне дом дзіцяці выглядае зусім інакш, чым звонку. Паводле прадпрымальніцы Тацяны, ня так даўно тут быў праведзены вельмі якасны рамонт. Установа цяпер нават нагадвае прыватны дзіцячы садок. Сьцены пакояў размаляваныя казачнымі пэрсанажамі, у пакоях — драўляныя дзіцячыя ложкі. Ёсьць музычная заля і памяшканьні для гульняў, дзіцячы дворык з альтанкамі, клюмбы з кветкамі, пляцоўка з арэлямі. Два разы на месяц дзетак вывозяць у гомельскі парк падыхаць паветрам свабоды.

Цяпер малых менш за паўсотні, хаця часам бывае і істона больш. Найбольш праблемныя дзеткі — у самых першых групах: грудной ды паўзунковай. Усе гэтыя малыя патрабуюць вялікай працы нэўроляга, пэдыятра, мэдсястры, выхавацеляў. Тым ня менш у сярэдняй, а тым больш старэйшай групах гэтыя малыя ўжо мала адрозьніваюцца ад тых, хто нарадзіўся без паталёгіяў. Усё, як кажуць, адбудоўваецца.

Такія, як наш знаёмы Славік, — зьява для дому дзіцяці нярэдкая. Проста яму будзе патрэбны больш пільны дагляд, кажа адна з супрацоўніц.

Супрацоўніцы саду кормяць дзіця з лыжачкі, кладуць спаць, устаюць уночы, калі яно плача, выходжваюць, калі хварэе, вучаць яго першым словам, у тым ліку і слову "мама", якім дзеткі пачынаюць называць і выхавацельку, і лекарку, і мэдсястру, і няню, і кухарку… Усе гэтыя "мамы" вельмі хвалююцца за лёс дзіцяці на волі:

"Пасьля нашага дому дзеткі трапляюць зусім у іншыя ўмовы. У нас дзіця і пакормяць, і апрануць, а на волі гэта трэба рабіць маці. І яна часам можа забыцца пра тое, што дзіця трэба накарміць, што ім трэба займацца".

Самі мамы, ужо без двукосьсяў, могуць наведваць сваіх дзяцей у садку тры разы на дзень. Калі ж дзіця мае патрэбу ў грудным кармленьні, візыты здараюцца часьцей: часам да 6 разоў на суткі. З малымі мамы могуць таксама пагуляць і на сьвежым паветры, у дворыку.

Стасікава маці Сьвета можа быць з сваім дзіцем цэлы дзень. Яна працуе няней у садку. Пасадзілі за махлярства. Лічыць, што гадаваць дзяцей у калёніі цяжка. Дый далёка ня ўсім мамкам гэта ўдаецца.

"Я працую на групе. Усё бачу і лічу, што ня надта многім маці іх дзеткі патрэбныя. Часам бывае, што на прагулкі нават не прыходзяць. Бывае, дзень няма, бывае, два".

Адразу адзначу, што імёны арыштантак зьмененыя, а самі размовы адбыліся некалькі гадоў таму, калі незалежныя журналісты мелі магчымасьць наведваць жаночую калёнію № 4. Мяркуючы па ўсім, у гісторыях колішніх і цяперашніх асуджаных мала што зьмянілася. Больш за тое, і цяпер у калёніі можна сярод мам сустрэць тагачасных сядзеліц, зразумела, ужо зь іншымі сынком ці дачкой.

Вольга, Аксана, АлаАрына, Марыя, Надзея

…Падчас нашай сустрэчы Вользе было 23 гады. Яе пакаралі за крадзеж. Тады Вольга называла нараджэньне дачкі Арыны самай радаснай падзеяй у жыцьці.

"Вельмі была шчасьлівая ад таго, што ў мяне нарадзілася дачка, бо першая дачка ў мяне памерла. Я была вельмі рада — гэта было ў мяне сапраўднае сьвята. Я яшчэ не пасьпела прыехаць з раддому, а ў мяне ўжо паштоўка на тумбачцы стаяла з нованароджаным. У мяне сяброўка ёсьць, яна напісала майму сябру, што я ў раддоме. Я прыехала з раддому, а ў мяне паштоўка ўжо стаіць".

Увогуле Вольга вельмі шкадавала, што дачка нарадзілася ў калёніі:

"Я сябе вінавачу ў тым, што трапіла сюды цяжарнаю, што маё дзіця нарадзілася тут (цяжка ўздыхае). Шкадую, што трапіла. Думаеш, каб хутчэй вызваліцца і пачаць новае жыцьцё".

У калёніі жанчына пахрысьціла дачку:

"Сьвятар прыйшоў. Хроснай стала сяброўка Аксана. Яна таксама адсюль. Пахрысьцілі, запісалі. Дачцэ падарунак Аксана падарыла — цацку, якую пашыла сама".

Як бы добра да дзіцяці тут ні ставіліся, гэта замкнёная тэрыторыя. Увесь час усьведамляеш, што дзіця практычна адбывае пакараньне з табой

У 25-гадовай, на той момант, сяброўкі Вольгі, маці траіх дзяцей, Аксаны была другая судзімасьць. Першы раз трапіла за краты за крадзеж, калі была цяжарная другім дзіцем. Яе сыну-немаўлятку трэба было есьці, а вечна п'яны муж грошай у дом не прыносіў. Другі раз, у цяжарным стане, Аксану пасадзілі за тое, што забіла прасам мужа-п'яніцу.

"Жыла з мужам, а ён зь мяне зьдзекаваўся. А паколькі ў нас было двое дзяцей, дык пра развод думаць нельга было. Ну вось, я ня вытрымала аднойчы. І вось цяпер і сяджу. З дачкой Машай. У два гады аддам яе дадому. Я з сваякамі ўжо дамовілася. Як бы добра да дзіцяці тут ні ставіліся, гэта замкнёная тэрыторыя. Увесь час усьведамляеш, што дзіця практычна адбывае пакараньне з табой…”

…У тым, што бачыць дзіця за "калючкай" ёй балюча, прызнавалася майму калегу і зьняволеная Ала. Ала зацяжарала ў калёніі падчас спатканьня з мужам. На той час гэта было самай радаснай падзеяй у яе жыцьці. На волі разам з мужам у Алы быў свой сямейны бізнэс. Праверка знайшла шматлікія парушэньні ў паперах. Уся дакумэнтацыя была аформленая на Алу. На сямейнай нарадзе было вырашана, што Ала на судзе возьме ўсю віну на сябе. Напачатку муж вельмі падбадзёрваў, пісаў, прыяжджаў. А потым зьнік. Кажуць, у яго з’явілася новая пасія. Ала паступова пачала ўсё больш перажываць за тое, што жыцьцё дачкі Надзеі пачалося з зоны.

"Вось гэта больш за ўсё ляжыць на душы каменем. Дзіця пачынае з гэтага… Вось гэта цяжэй за ўсё. Спадзяваньні толькі на тое, што яна маленькая й нічога не разумее, дзе яна й што".

Жанчына, аднак, з упэўненасьцю гаварыла, што ўсё ж паставіць дачку на ногі, дасьць ёй і выхаваньне, і адукацыю. Таксама спадзявалася, што падобнага досьведу ў яе жыцьці больш ня будзе. Аднак утойваць яго ад дачкі яна ня стане.

"Так, але ўжо гадоў пасьля трынаццаці, чатырнаццаці, калі яна стане больш дарослая".

Цікава, як склаўся лёс гэтых мам і іх дзетак? Ці разам яны цяпер? Наколькі вартыя былі абяцаньні?

Паводле прадпрымальніцы Тацяны, якая зналася з жанчынамі з гомельскай "чацьвёркі", нічога ніколі прадказаць нельга.

Тацяна: " Зразумела, ёсьць выпадкі, калі жанчыны там у калёніі дрыжаць над сваімі дзецьмі, а потым выходзяць і могуць прапіць усе дзіцячыя рэчы. Бо калі маці зь дзіцем вызваляюць з калёніі, то забясьпечваюць дзіця і вазком, і адзеньнем, і харчаваньнем на першыя тыдні. Бываюць такія маці, якія адразу прапіваюць гэта. Таксама за пяць гадоў, калі я шчыльна займалася гэтымі пытаньнямі, было два выпадкі, калі маці выйшлі на волю і кінулі сваіх дзетак дзесьці на вакзале. Аднак у асноўным, падкрэсьліваю гэтае слова, маці вельмі любяць сваіх дзетак. Дзіцё вельмі стымулюе на тое, каб адказнай за яго лёс, бо іншага добрага як гэтае малое ў іх няма".

Турма і здароўе


"Калі за кратамі дзіця, для ўласнага здароўя няма ані часу, ані сродкаў", кажуць маці зьняволеных. Адна зь іх Натальля працытавала ў сваім лісьце радкі з “Рэквіему” Ганны Ахматавай, дзе вялікая паэтка апісвае ўласныя адчуваньні ад турэмных чэргаў у Ленінградзе ў гады яжоўшчаны.

Эта женщина одна,
эта женщина больна.
Муж в могиле,
сын в тюрьме.
Помолитесь обо мне!

Натальля лічыць, што гэта пра сучасную беларускую маці, у якой у няволі сын ці дачка.

“Мы на волі толькі ўмоўна”

“З кожным годам у краіне ўсё больш людзей, якіх называюць сваякамі асуджаных. Усе мы на волі толькі ўмоўна. – піша Натальля. – Нас шмат. І мы будзем далей. У нас падобныя праблемы. Мы бярэм адгулы або просімся з працы, каб наведаць за кратамі нашых сыноў або дачок. Мы пазычаем грошы, каб даслаць ім пасылку або сабраць перадачу. Мы шукаем апраўданьні сабе і дзецям, і так і ня можам адказаць на пытаньні: чаму менавіта са мной? Чаго я недагледзела, не заўважыла? Мы саромеемся сябе. Мы баімся людзей. Мы — таксама спэцкантынгент, які жыве паводле законаў, якія дыктуюць нам СІЗА, суд, зона.

Любое натуральнае жаданьне аблягчыць лёс дзіцяці ад самага пачатку ўпіраецца ў шматлікія перашкоды, абразы, прыніжэньні. Гэта доўгія і часта беспасьпяховыя паходы па розных кабінэтах дзеля таго, каб перадаць сыну ці дачцэ самае неабходнае, у тым ліку мэдыкамэнты. Гэта цікаўныя позіркі суседзяў, калегаў. Гэта раптоўнае ахаладжэньне стасункаў з сваякамі і колішнімі сябрамі. Усё гэта стала носіш у сябе".

“Хлушу незнаёмым, што сын у войску”

46-гадовую Тамару прывезла ў шпіталь хуткая дапамога. Жанчына страціла прытомнасьць, афармляючы на пошце пасылку сыну ў калёнію.

Калі рэгістратарка ў прыёмным пакоі пацікавілася: "А ваш сын у войску?", жанчына адказала: "Так, у войску".

"Ня ўсе ў нас здольныя гэта зразумець, — тлумачыць Тамара. — Некаторыя пачынаюць задаваць нетактоўныя пытаньні, некаторыя асуджаюць. Ёсьць і тыя, хто пачынае баяцца. Маўляў, маці крымінальніка — сама крымінальніца. Таму і хлушу незнаёмым: у войску".

Падчас абсьледаваньня лекары знайшлі ў Тамары цэлы букет заўчасных для яе ўзросту хваробаў — сэрца, ныркі, эндакрыналёгія ды гінэкалёгія. Пакаранаму за ўдзел у групавым хуліганстве сыну Сашу — 24 гады. Зь дзевяці гадоў няволі засталося сядзець тры.

Усе збольшага даносяць адзін на аднаго. Сын падчас спатканьня кажа: лепш не ў будынку пагаворым, бо падслухоўваюць.

Займацца ўласным здароўем Тамары няма калі і няма за што. Яе пастаянна хвалюе тое, што “за шэсьць гадоў сын з кантактнага хлопчыка ператварыўся ў вельмі закрытага чалавека. Быў экстравэртам — стаў інтравэртам".

"Неяк я прыехала на спатканьне, бачу, у яго разьбітыя рукі, — дзеліцца ўспамінамі маці. — Пытаюся, што гэта. Кажа, прыйшлося пабіцца. Вельмі злымі яны там становяцца, замкнёнымі, недаверлівымі, ня ведаюць, з кім можна сябраваць, каму давяраць. Усе збольшага даносяць адзін на аднаго. Сын падчас спатканьня кажа: лепш не ў будынку пагаворым, бо падслухоўваюць. Ідзем курыць у парк. Там ёсьць такі пад навесам з дроту. Туды выходзім курыць і размаўляем".

Тамара дапамагае Сашу адна. Яе былы муж — даволі распаўсюджаная ў краіне зьява — мае іншую сям’ю і ня хоча мець аніякіх кантактаў з сынам-крымінальнікам. Супрацоўніца навукова-дасьледчага інстытуту бярэцца за самыя розныя падпрацоўкі, ад кампутарных прац да прыбіраньня чужых кватэраў. Грошай хапае ўпрытык — каб заплаціць за кватэру, камунальныя паслугі ды чагосьці па-сьціпламу паесьці.

“Шэсьць гадоў “выпраўленьня” не прынесьлі сыну аніякага досьведу”

Кожнае з двух дазволеных у год спатканьняў абыходзіцца Тамары сама менш у 250 даляраў. Крыху меней каштуюць пасылкі (чатыры на год). Таксама штомесяц даводзіцца пасылаць розныя грашовыя пераводы. Напрыклад, аднойчы на невядомы адрас прыйшлося накіраваць "падзяку" за тое, каб хвораму ў карцэры сыну дазволілі апрануць цяплейшую вопратку. Той адрас, як потым высьветлілася, належаў міліцыянту. Пазьней турэмніка абвінавацілі ў карупцыі.

"Хтосьці перадаў мне ліст, каб выслала дзесьці 100 даляраў кудысьці на Віцебшчыну, а потым высьветлілася, што гэта мянту ў якасьці хабару, — кажа мая суразмоўніца. — У сына была высокая тэмпэратура, і трэба было, каб яму дазволілі надзець цёплыя штаны, бо там належыць быць апранутым паводле формы".

Кормяць пераважна нейкай пустой кашай зь селядцом ды салодкай гарбатай. Раз на тыдзень даюць яйка

Тое, што турма паступова адымае ў сына здароўе, для Тамары відавочна. Саша час ад часу скардзіцца то на суставы, то на страўнік.

"Усе яны там вельмі худыя, — кажа жанчына. — Кормяць пераважна нейкай пустой кашай зь селядцом ды салодкай гарбатай. Раз на тыдзень даюць яйка. Часам даюць баланду зь нейкімі молатымі курынымі касьцямі. Тым, хто не атрымлівае дапамогі, даводзіцца вельмі цяжка".

Паводле Тамары, яе сын па-ранейшаму ў чымсьці застаецца дзіцём. Просіць дасылаць у турму цукеркі і розныя іншыя салодкія прысмакі. Вучыцца прафэсіі яму, хутчэй за ўсё, давядзецца толькі, калі выйдзе на волю. Пасьля 27 гадоў. Тады ж давядзецца пачынаць будаваць стасункі з супрацьлеглым полам. Да арышту ў яго не было дзяўчыны. Усё гэта будзе нялёгка. Шэсьць гадоў так званага выпраўленьня не прынесьлі сыну аніякага досьведу, неабходнага, каб інтэгравацца ў соцыюм.

Тамара: "Зразумела, ён адарваны ад усяго гэтага жыцьця. Займаецца абы-чым. Яны ж там, за выключэньнем 10—20%, не працуюць. Процьма абібокаў. Яны становяцца сапраўднымі сацыяльнымі інвалідамі, а таму завязаныя на гэты крымінальны сьвет. Тое, чаго я найбольш баюся".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG