Як можна ацаніць вынік менскага саміту? Наколькі трывалым стане спыненьне агню ва Ўкраіне, пра якое на ім дамовіліся? Хто пераможа ў «вайне інтэрпрэтацыяў» наконт сэнсу падпісаных пагадненьняў?
Удзельнікі: з Кіева — палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў, і зь Менску — палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.
Слухаць перадачу цалкам:
Тэкст праграмы ў скароце
Як можна ацаніць вынікі саміту?
Портнікаў: Гэта былі перамовы пра замірэньне. Ніякіх іншых перамоваў з Пуціным весьці немагчыма ў прынцыпе. Ягоная мэта — зьнішчэньне дзяржаўнасьці Ўкраіны, і таму дамаўляцца зь ім нерэалістычна. Таму галоўнае — гэта дасягненьне спыненьня агню з 15 лютага. Цяпер галоўнае — як бакі выкарыстаюць замірэньне, наколькі яны будуць гатовыя да далейшых выпрабаваньняў, зьвязаных з канфліктам цывілізацыйнага характару.
Быкоўскі: Якія ёсьць інструмэнты, каб прымусіць выконваць гэтую дэклярацыю аб спыненьні агню, пакуль не зразумела. Калі гэта толькі жаданьне варожых бакоў — то няма падставаў лічыць, што гэтае замірэньне адбудзецца. Акрамя таго, фармальна Пуцін ня ёсьць адным з бакоў канфлікту, і важна, ці будуць сэпаратысты выконваць дамову аб спыненьні агню.
На чыю карысьць замірэньне?
Портнікаў: Замірэньне і фіксацыя тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны — цалкам нармальны сцэнар, якога магчыма было дасягнуць да гэтага моманту. Альтэрнатывай была б «гарачая вайна» ня толькі на тэрыторыі Ўкраіны. Але я ўвогуле лічу, што Ўладзімер Пуцін і ягоная краіна асуджаныя на паразу, і гэта адбылося тады, калі яны далучылі Крым. І цяпер толькі застаецца паскараць альбо аддаляць гэтую паразу. Сёньняшняе замірэньне аддаляе гэтую паразу. Бо калі Пуцін будзе выконваць гэтыя дамоўленасьці, то летам можа быць пастаўлена пытаньне пра аслабленьне санкцыяў, і Расея будзе ісьці да эканамічнага краху ня так хутка.
Быкоўскі: Зараз абавязкова пачнуцца розныя інтэрпрэтацыі дасягнутых дамоўленасьцяў, бо гэта традыцыйны варыянт гульні з нулявой сумай, калі праціўнікі ня могуць сабе ўявіць ніякай іншай сытуацыі, акрамя сваёй перамогі. І пакуль ня будзе нейкага інструмэнту «прымушэньня да міру», то гэтыя розныя інтэрпрэтацыі будуць толькі павялічвацца. Пакуль я ня бачу прычынаў, дзеля якіх будуць выконвацца менскія дамоўленасьці, бо пакуль толькі паўтараюцца ранейшыя выказваньні пра спыненьне агню, абмен палоннымі і гэтак далей.