Мастацкі пленэр «Пачаткі» ў Друі стаў самым галоўным мастацкім мерапрыемствам Браслаўшчыны, лічыць айцец Сяргей Сурыновіч. Разам з мастачкай Вольгай Куваевай другі год запар ён зьбірае мастакоў з усёй Беларусі на тыдзень у кляштары бэрнардынцаў 1643 года пабудовы.
Мястэчка Друя месьціцца на поўначы Беларусі — на мяжы з Латвіяй. Чацьвёрты год у парафіі Найсьвяцейшай Тройцы служыць пробашчам айцец Сяргей Сурыновіч.
«Сам я раней займаўся жывапісам. Але цяпер мала часу, каб пісаць самому, таму мы вырашылі арганізоўваць мастацкі пленэр», — сказаў Сурыновіч Свабодзе.
На ўдзел у пленэры падалі заяўкі 82 мастакі, зь якіх адабралі 32-х. Сярод іх Вольга Сазыкіна, Марта Шматава, Алесь Пушкін, Дзьмітры Сурыновіч, Алег Іларыёнаў.
«Друя на мяне зрабіла вялікае ўражаньне, — сказала Свабодзе мастачка Марта Шматава. — Тут ёсьць месца, каб застацца сам-насам са сваімі думкамі, паразважаць і пра вечнае, і пра Друю, і пра сябе, і пра сваё мастацтва. Атмасфэра, якая спрыяе творчасьці».
Другая мэта пленэру — прыцягнуць увагу да Друі. Касьцёл і кляштар — помнікі архітэктуры XVII стагодзьдзя — патрабуюць тэрміновага рамонту. Агульная плошча ўсіх памяшканьняў — каля 2 тысяч квадратных мэтраў. І каб аднавіць усё, трэба сабраць каля 500 тысяч даляраў.
«Сродкі знайсьці вельмі цяжка, — кажа Сурыновіч. — Каб нешта атрымалася, трэба прыцягнуць увагу да Друі».
Сёлета 32 мастакі за тыдзень працы ў Друі стварылі 160 палотнаў. 50 прац яны пакінулі ў Друі. Астатнія палотны мастакі прапанавалі прадаваць, а выручаныя грошы накіроўваць на аднаўленьне касьцёла.
З карцін, якія засталіся зь мінулага і сёлетняга пленэраў, айцец Сяргей Сурыновіч плянуе стварыць галерэю ў памяшканьні кляштара.
На заканчэньне пленэру ў нядзелю, 24 ліпеня, у кляштарных мурах адбыўся вэрнісаж. На яго прыехала больш за 500 чалавек. Сярод вядомых гасьцей — біскуп Алег Буткевіч, Уладзімер Някляеў і Піт Паўлаў.
«Калі занятыя лаўкі, гэта 400 чалавек, — кажа Сурыновіч. — А тут былі занятыя ўсе месцы, людзі стаялі каля ўваходу, на пляцы перад касьцёлам. Гэта чалавек 500-600».
Пленэр, на думку Сяргея Сурыновіча, можна лічыць адным з галоўных сьвятаў у Друі.
«Я думаю, у пляне мастацтва, мастацкай падзеі гэта, можа, самы буйны фэст на Браслаўшчыне», — кажа ксёндз.