Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску адказала на абурэньне жыхароў з нагоды плянаў пабудаваць хімічную лябараторыю для вытворчасьці акрылятных манамэраў у Зялёным Лузе. Камісія палічыла будаўніцтва немэтазгодным, піша Onliner.by.
Раней мясцовыя жыхары перадалі ў адміністрацыю сьпіс заўвагаў і прапановаў да праекту будаўніцтва. Пад анлайн-пэтыцыяй супраць хімзаводу падпісаліся больш як 2600 чалавек. У адказе прадстаўніцы ініцыятыўнай групы намесьнік кіраўніка адміністрацыі раёну спасылаецца на матэрыялы грамадзкага абмеркаваньня, але пэтыцыю ня згадвае — ды й адказ менавіта на пэтыцыю пакуль не далі.
Хімічная вытворчасьць дадала б выкідаў да тых, што дае шчыльны рух машын па Лагойскім тракце і вуліцы Каліноўскага, а таксама завод «Тэрмапляст», што паміж вуліцай Каліноўскага і паркам, меркавалі мясцовыя жыхары.
Гэта ўжо чацьвёрты масавы пратэст супраць заводаў у Беларусі за бягучы год
Нядаўна зьбіралі подпісы супраць двух заводаў: супраць будаўніцтва заводу «Амкадор» у Калодзішчах пад Менскам падпісаліся на Petitions.by больш як 2 тысячы чалавек, супраць акумулятарнага заводу пад Берасьцем — амаль тысяча на Petitions.by (яшчэ амаль 10 тысяч подпісаў на Change.org і яшчэ амаль 40 тысяч подпісаў, сабраных на вуліцах).
На абедзьве пэтыцыі былі дадзеныя афіцыйныя адказы («праект прайшоў экалягічную экспэртызу» — на пэтыцыю пра Калодзішчы, «грамадзянскае абмеркаваньне ўжо прайшло» — пра Берасьце). Але, мяркуючы па сацсетках, адказы не задаволілі людзей.
Праціўнікі берасьцейскага будаўніцтва выходзілі на некалькі акцыяў пратэсту, на адной рабілі выгляд, што «кармілі галубоў». Берасьцейцам не ўдалося спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу нават праз суд.
Праціўнікі заводу ў Калодзішчах маюць уласны сайт Stop-zavod.by, праціўнікі заводу пад Берасьцем — сайт з падобнай назвай Stopzavod.by. Памочнік Лукашэнкі паабяцаў разабрацца з будаўніцтвам пад Берасьцем.
Тым часам жыхары вёскі на Гомельшчыне падалі ў суд на цэлюлёзны камбінат і кітайскую карпарацыю. Яны патрабуюць спагнаць з адказчыкаў агулам 7,4 мільёна рублёў кампэнсацыі за шкоду здароўю й маёмасьці. Вяскоўцы сабралі зьвесткі, хто і зь якой прычыны прасіў ратунку ў службы МНС, зьвяртаўся па мэдычную дапамогу ў зьвязку з шкоднымі выкідамі новага прадпрыемства. Ёсьць таксама афіцыйныя адказы з розных дзяржаўных установаў. У адказе зь Мінпрыроды пазначана, што за пэрыяд пусканаладачных работ у атмасфэру выкінута 113,7 тоны забруджвальных рэчываў пры гадавым ліміце 5 тон.