Чарговы раз на плошчу ў Берасьці выйшлі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Людзі кармілі галубоў, ды зьбіралі подпісы пад новым зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб адстаўцы чыноўнікаў, «якія прапіхваюць» гэтую будоўлю.
Акцыі супраць акумулятарнага заводу праходзяць у Берасьці штонядзелю з канца лютага. Звычайна людзі ня выкрыкваюць ніякіх лёзунгаў, не трымаюць плякатаў. Яны тлумачаць, што проста выходзяць на плошчу каб пакарміць галубоў і такім чынам паказаць, што ў Берасьці ёсьць незадаволеныя будаўніцтвам заводу «АйПаўэр».
15 красавіка апроч кармленьня галубоў прадстаўнікі ініцыятыўнай групы пратэстоўцаў супраць заводу зьбіралі подпісы пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адхіліць ад пасадаў чыноўнікаў, адказных за дазвол будаўніцтва шкоднай, на іх думку вытворчасьці.
Рашэньне аб новым зборы подпісаў было прынятае напярэдадні на прэсавай канфэрэнцыі ў Берасьці.
Раней берасьцейцы ўжо сабралі больш за 37 тысячаў подпісаў за спыненьне будаўніцтва заводу «АйПаўэр». Людзі непакояцца, што завод нанясе шкоду іх здароўю і навакольнаму асяродзьдзю. Улады ж завяраюць, што завод будуецца паводле бясьпечных тэхналёгіяў, і нічым не пагражае. Будаўніцтва прадпрыемства працягваецца, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці.