Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Баль падчас чумы»


Ці паверыць народ Усебеларускаму народнаму сходу?

Глод: Усебеларускі народны сход у недзяржаўных сродках масавай інфармацыі часьцей за ўсё называюць «балем падчас чумы». Адчуваньне сьвята пачынаецца на менскіх вуліцах. Два дні дарожны рух у сталіцы рэгулююць мілыя дзяўчыны — інспэктары дарожна-патрульнай службы, якіх апранулі ў новую парадную форму. Там-сям паставілі вялікія экраны, зь якіх можна пачуць, што ўсе беларусы, як адзін, надзвычай зацікаўленыя народным сходам. У мэтро нязьменна аб’яўляюць: сёньня праходзіць адзін з найважнейшых форумаў у жыцьці нашай краіны.


Вось такое сьвята ў час, калі сярэдні заробак у краіне параўнальна з мінулым годам абваліўся ўдвая. Але дэлегаты Ўсебеларускага народнага сходу гэтага як быццам не заўважаюць. А чаго ім нэрвавацца? Кожны з 2500 дэлегатаў атрымаў у падарунак пляншэт Samsung Galaxy Tab коштам звыш чатырох мільёнаў рублёў за адзінку. Падобна, што крызіс, пра які так шмат гаворыць Аляксандар Лукашэнка, не дайшоў ні да яго, ні да намэнклятурнай часткі грамадзтва.

Паводле самых сьціплых разьлікаў, выдаткі на правядзеньне УНС перавысяць мільён даляраў. Але некаторыя аналітыкі цьвердзяць: мяркуючы па зададзеным размаху, цана сходу апынецца ў разы вышэйшай. Пасьля выступу Лукашэнкі на адкрыцьці ЎНС нейкі жартаўнік назваў Усебеларускі Народны Сход «Усебеларускімі ненароднымі казкамі». І сапраўды, экспэрты-эканамісты кажуць: многія тэзы з прэзыдэнцкага выступу нагадваюць ім казкі.

Паводле самых сьціплых разьлікаў, выдаткі на правядзеньне УНС перавысяць мільён даляраў

Напрыклад, першая казка пра замежныя інвэстыцыі, якія за апошнюю пяцігодку вырасьлі ў 2,5 разы і склалі 11 мільярдаў даляраў. Іх Лукашэнка ацаніў, як паказьнік сусьветнай цікавасьці да беларускай эканомікі. Эканаміст Леў Марголін называе гэтую лічбу «абсалютнай лухтой», паколькі афіцыйная беларуская статыстыка здольная ператварыць у інвэстыцыі ўсе грошы, якія паступаюць у краіну: крэдыты, кароткатэрміновыя крэдыты, доўгатэрміновыя крэдыты, якія трэба аддаваць.

Другая казка пра тое, што па памерах ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці Беларусь ужо ўвайшла ў лік краінаў з сярэднім узроўнем прыбытку. Кіраўнік праекту «Кошт Ураду» Ўладзімер Кавалкін кажа: «Парытэт пакупніцкай здольнасьці» — гэта параўнаньне таго, колькі можна набыць у рамках пэўнай прадуктовага кошыку. Адразу ўзьнікае шэраг пытаньняў: хто і якім чынам складае гэты кошык і што ў яго ўключаюць? У рамках нашага праекту мы прыдумалі беларускі варыянт парытэту пакупніцкай здольнасьці «чарка-скварка». Па ім Беларусь займае ў сваім рэгіёне другое месца з хваста — пасьля Украіны, прайграючы Расеі, краінам Балтыі, Польшчы«.

Яшчэ адна казка — пра заробак і пэнсію. «Пастаўленая задача ў бягучай пяцігодцы забясьпечыць узровень пэнсій у 40% ад заробку, гэта — сусьветны стандарт» — падкрэсьліў Лукашэнка. Эканамісты на гэта кажуць, што і 2016, і 2017 гады — гэта гады рэцэсіі, гады скарачэньня працоўных месцаў. Таму ніякіх добрых навінаў наконт росту заробкаў у бліжэйшыя паўтара года дакладна не прадбачыцца.

Вось з такіх абяцанкаў і казак і складаецца справаздача пра мінулую і праграма на новую пяцігодку. А як адрэагуюць на гэта ў грамадзтве, калегі?

Карней: Глядзець на Ўсебеларускі народны сход і яго «гістарычныя рашэньні» можна ці са сьлязьмі, ці са сьмехам. Але ў абодвух выпадках гэта адлюстроўвае стан безвыходнасьці і маральнага тупіку, паколькі для ХХІ стагодзьдзя, для краіны, якая прэтэндуе прынамсі на месца ў геаграфічным цэнтры Эўропы, такая падзея сама па сабе ёсьць нонсэнсам.

Глядзець на Ўсебеларускі народны сход і яго «гістарычныя рашэньні» можна ці са сьлязьмі, ці са сьмехам

Сёньня раніцай ехаў па праспэкце Пераможцаў побач з навабудам музэю Вялікай айчыннай вайны. Ва ўсе бакі ад яго ўздоўж праезнай часткі стаяла пад сотню ці больш аўтобусаў з розных рэгіёнаў — дэлегаты прыехалі аддаць даніну памяці ахвярам «карычневай чумы». Менавіта пра «юбілей пачатку вайны» і яе катастрафічныя наступствы патасна гаварыў учора з трыбуны Аляксандар Лукашэнка. Напрошваецца аналёгія: як за савецкім часам камандзіраваных за мяжу спартоўцаў ці творцаў прымушалі разьвітацца ў маўзалеі зь Леніным, так цяперашніх «засядацеляў» вязуць пакланіцца партызанам ды камісарам.

У сеціве гуляе багата ілюстрацый, якія даюць зразумець, дзе рэальнае месца сёньняшняй Беларусі. Карыстальнікі выкладаюць здымкі савецкіх партыйных зьездаў, хуралаў у Сярэдняй Азіі, канечне ж, маштабных палітычным шоў кіроўнай Працоўнай партыі ў Паўночнай Карэі. Фактычна гэтым пералік скончаны, бо «вышэйшая форма дэмакратыі», як называе сваё ноў-хаў Лукашэнка, у такім выглядзе нідзе больш ў сьвеце не прыжылася.

Да таго ж, ніякага практычнага сэнсу такія «сходкі» ня маюць, паколькі не замацаваныя ніводным артыкулам беларускай Канстытуцыі. Затое два дні пачуваеш сябе сапраўдным «слугой народу»: з банкетамі, дарагімі падарункамі, увагай дзяржаўнай прэсы. Падзяка за ляяльнасьць і гарантыя таго, што прыняты ў «сэкту абраных» дэлегат ужо ня збочыць з зададзенай генэральнай лініі.

Асаблівая размова пра дэлегатаў: старыя партыйцы і новыя камсамольцы, адыёзныя дзеячы і прыдворная абслуга, узьнятыя і з такой жа лёгкасьцю «апушчаныя» палітыкі

Асаблівая размова пра дэлегатаў: старыя партыйцы і новыя камсамольцы, адыёзныя дзеячы і прыдворная абслуга, узьнятыя і з такой жа лёгкасьцю «апушчаныя» палітыкі. Іх мандаты — адлюстраваньне сучаснай сыстэмы, якая вось ужо больш за два дзясяткі гадоў цягне краіну «наперад у мінулае». Усё прымаецца аднагалосна, паводле прынцыпу «одобрям-с»; ніводнага, хто засумняваўся б у прыняцьці нейкага рашэньня. 2,5 тысячы чалавек, якія ў найменшай ступені заклапочаныя глябальнымі праблемамі, задаволіўшыся тым, што ўжо ўвайшлі ў гісторыю. А зь якім знакам — пытаньне для іх другараднае.

Дракахруст: Гэта сапраўды вельмі падобна да з’ездаў КПСС, якія мы з вамі, як людзі немаладыя, памятаем. Аднак разьлік менавіта на ўзьдзеяньне гэтай яшчэ савецкай традыцыі. Бо калі глядзець на прамовы выступоўцаў, на іх інтэрвію, то ў іх я не ўбачыў нейкай хай праўладнай, хай за Лукашэнку, але ўласнай пазыцыі. Мы чулі толькі славаслоўі, толькі размовы пра тое, як правільна сказаў Аляксандар Рыгоравіч, і ніякай сваёй думкі.

Аказваецца, што гэта такая дарагая масоўка для выступу аднаго актора. Можна было зэканоміць грошы, проста выступіць Аляксандру Лукашэнку. Даволі агідна выглядаў эпізод з раздачай пляншэтаў. Гэта публічная карупцыя. Іншая справа, што гэтыя людзі былі б рады прагаласаваць за ўсё гэтае і без пляншэтаў, але такі подкуп, тым больш у даволі беднай краіне, быў непрыстойным.

Даволі агідна выглядаў эпізод з раздачай пляншэтаў. Гэта публічная карупцыя

Калі казаць аб’ектыўна, не становячыся ані на бок улады, ані апазыцыі, то сытуацыя насамрэч даволі простая. Беларусь — сярэдняя краіна, не Нямеччына, але і не Бангладэш, яна жыве лепш, чым жыла ў 1996 годзе — тады 100 даляраў было сярэднім заробкам, зараз усё ж такі 300. Але Беларусь — краіна, якая жыве горш, чым жыла пару гадоў таму. Сутнасьць не ў маніпуляваньні лічбамі, ВУП на душу насельніцтва, а ў тым, што рабіць.

Дык вось з прамовы кіраўніка дзяржавы гэта незразумела, прычым нават з пункту гледжаньня ляяльнага да яго чалавека. «Распраніцеся і працуйце» — каб кінуць такі заклік, можна было б і не губляць столькі грошай. Ад аднаго актора ўсё ж такі чакалася выразнае выкананьне ролі, дэклярацыя курсу. Хай нават такога, які б не спадабаўся нам з вамі. А тое, што было заяўлена, цяжка сказаць, ці спадабаецца хоць каму-небудзь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG