Судзьдзя Акцябрскага раённага суду Ўладзімер Васілеўскі 1 сакавіка пастанавіў накіраваць на дапрацоўку ў міліцыю адміністрацыйны пратакол аб хуліганстве мясцовага блогера, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Павука.
На «хуліганства» блогера паскардзілася старшыня Любанскага сельсавету Тамара Кароль, а супрацоўнік міліцыі Андрэй Арцюшка аформіў пратакол на падставе артыкула 17.1 КаАП.
Як вынікала з пратаколу, 18 студзеня каля 16.00 Андрэй Павук у кабінэце старшыні сельсавету «беспрычынна, з хуліганскіх памкненьняў, назойліва, неаднаразова прыставаў да Тамары Кароль, патрабаваў ад яе адказаў на пытаньні, якія не датычыліся яе службовых абавязкаў».
«Справа не ў маім нейкім хуліганстве, — кажа блогер Павук, — а ў фанабэрыі і капрызах местачковых чыноўнікаў. Заходзіш у сельсавет, а ў іх ужо прыёмныя гадзіны скончыліся, ім ужо назойлівае прыставаньне мроіцца, яны ўжо „ўзрушаюцца“ ад прысутнасьці чалавека, працаваць ня могуць. Калі такія далікатныя, то трэба ў манікюрныя кабінэты ці фітнэс-клюбы ўладкоўвацца, а не на дзяржаўныя пасады».
Абаронца блогера Кацярына Пятровіч даводзіла, што ніякіх «назойлівых прыставаньняў» зь яго боку да старшыні сельсавету Тамары Кароль не было. І пытаньні Павук задаваў не наконт прыватнага жыцьця старшыні сельскага савету.
У студзені Тамара Кароль ініцыявала ліст бацькоў школьнікаў у аддзел адукацыі з тым, каб Павука ня бралі ў школу настаўнікам біялёгіі і хіміі з прычыны ягонай блогерскай «дзейнасьці». Павук і спрабаваў даведацца, што ж мела на ўвазе Тамара Кароль, укладваючы ў азначэньне «дзейнасьць» яўна нэгатыўны сэнс.
Адмоўнае стаўленьне да блогера ў Тамары Кароль склалася яшчэ да яго прыходу ў сельсавет.
«З гэтага вынікае, — заявіла ў судзе адвакатка Пятровіч, — што і заява ў міліцыю Кароль наконт хуліганства Павука, і тлумачэньні — гэта яўнае перабольшваньне таго, што адбывалася 18 студзеня ў сельскім савеце. Гэта жаданьне выказаць непрыязнае стаўленьне да Павука».
Паказаньні Тамары Кароль у судзе сьведчылі, што не «назойлівыя прыставаньні» Павука выклікалі ў яе гнеў, а той факт, што размова запісвалася на відэакамэру. Як толькі яна зьвярнула ўвагу, што вядзецца запіс, адразу спыніла размову і стала праз тэлефон выклікаць міліцыю.
Нават у судзе, калі ў Кароль пацікавіліся, ці тэлефанавала б яна ў міліцыю, калі б Павук не ўключаў камэру, яна адказала:
«Магчыма, і не тэлефанавала б. Калі б ён прыйшоў і сказаў, што будзе здымаць, я вусны падфарбавала б, прычоску паправіла».
Аднак ні ў заяве Тамары Кароль у міліцыю, ні ў адміністрацыйным пратаколе пра відэафіксацыю нічога ня згадваецца. Здымкі на камэру наагул ня могуць разглядацца як хуліганскія дзеяньні.
«Нас здымаюць ва ўстановах, у банках, на прыёмах у чыноўнікаў, — заўважыла абаронца блогера, — і гэта лічыцца нармальным. А калі грамадзянін здымае сваю размову з чыноўнікам — гэта ўжо некаторыя сьпяшаюцца абвясьціць хуліганствам. Відэаздымкі, аўдыёфіксацыя не забароненыя заканадаўствам. Больш за тое: той, хто забараняе, парушае канстытуцыйнае права грамадзяніна на збор і распаўсюд інфармацыі».
Адвакатка мяркуе, што і сьцьвярджэньне пра «назойлівае прыставаньне» Павука, якое, паводле тлумачэньняў Кароль, выявілася ў неаднаразовым паўтарэньні аднаго й таго ж пытаньня, не вытрымлівае ніякай крытыкі.
«Зь відэазапісу, — кажа Кацярына Пятровіч, — бачна, што пытаньні Андрэй Павук задаваў розныя, хоць тычыліся яны адной тэмы. І наагул, як можна абвінавачваць у хуліганстве грамадзяніна, які прыйшоў у дзяржаўную ўстанову, няхай сабе і двойчы, і задаў адно і тое ж пытаньне? Гэта ж грубейшае парушэньне права на звароты грамадзянаў».
Падобным жа чынам адвакатка ацэньвае сьцьвярджэньне сельсавецкіх чыноўнікаў, што блогер спаралізаваў «дзейнасьць арганізацыі», у дадзеным выпадку — Любанскага сельскага савету. Апроч Тамары Кароль, Павук ні да кога больш не зьвяртаўся, нікому пытаньняў не задаваў, нікога не здымаў.
Сьведка ў судзе, бухгальтарка Вольга Руднік, даючы тлумачэньні наконт таго, якім чынам Павук дэзарганізаваў працу сельсавету, сказала нават: «Сваёй прысутнасьцю перашкаджаў. Мы ўсе былі ўзрушаныя».
Перад агалошваньнем судовай пастановы Тамара Кароль чарговы раз паўтарыла пра намер Павука «наўмысна ўзрушыць сельсавет», не прыняўшы да ўвагі аргумэнты абароны.