Літоўскі ўрад прапануе павысіць мінімальны заробак у краіне зь цяперашніх 380 эўра да 400, але прафсаюзы, прадпрымальнікі і працадаўцы дыскутуюць наконт аптымальнай сумы. Адзін з прафсаюзаў, Solidarumas, лічыць, што мінімальны заробак трэба падвысіць да 500 эўра, перадае Delfi.
Мінімальны заробак, паводле прафсаюзу, мае складаць палову ад сярэдняга заробку. Сярэдні ж заробак цяпер мае складаць ня меней за 1200 эўра (838,7 эўра налічаны, 659 пасьля выплаты падаткаў), а мінімальны ў такім разе — 600 эўра, мяркуюць у прафсаюзе.
Ва ўрадзе ж лічаць, што рост мінімальнага заробку не павінен абганяць рост сярэдняга заробку (апошні прагназуецца ў раёне 6% за наступны год), а большае павышэньне лічаць рызыкоўным, бо мінімальны заробак плоцяць толькі за «некваліфікаваную працу».
У Беларусі тым часам сярэдні налічаны заробак склаў каля 368,1 эўра ў ліпені (лічбаў за жнівень пакуль не публікавалі), а мінімальны заробак складае з пачатку году 265 рублёў — на момант публікацыі гэта 115,5 эўра. І пакуль афіцыйны сярэдні заробак расьце, рэальныя даходы беларусаў падаюць. 73,6% беларусаў цяпер маюць менш за 500 рублёў рэальных даходаў.