Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітычныя» артыкулы ў Адміністрацыйным кодэксе зьмякчаць ня хочуць


А калі не стаіш у пікеце, а курыш, п’еш піва і мацюкаесься, то можна будзе разьлічваць на вуснае папярэджаньне ад міліцыянта.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі разглядае магчымасьць лібэралізацыі заканадаўства ў галіне адміністрацыйных правапарушэньняў.

На сайце ведамства працуе экспрэс-апытанка, дзе прапануецца выказацца пра мэтазгоднасьць замены складаньня пратаколу на папярэджаньне ў шэрагу выпадкаў: расьпіцьцё піва ў грамадзкім месцы, кіраваньне аўтамабілем без пасьведчаньня кіроўцы (але калі пасьведчаньне ў прынцыпе ёсьць), выкарыстаньне нецэнзурнай лаянкі (калі яно не прыніжае гонар і годнасьць грамадзянаў), знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане, курэньне ў забароненым месцы, пераход праежджай часткі ў неўстаноўленым месцы, перавышэньне хуткасьці ад 10 да 20 кілямэтраў і іншыя.

Пад блёкам з пытаньнямі можна паглядзець вынікі — пераважная большасьць апытаных выказваюцца за прапанаваныя зьмены заканадаўства.

Свабода пагутарыла зь юрыстам, праваабаронцам цэнтру «Вясна» Паўлам Сапелкам пра мэтазгоднасьць прапанаваных зьменаў у закон і пра вынік, які яны будуць мець.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«Для таго каб рабіць такія прапановы, трэба было спачатку прааналізаваць магчымыя наступствы. Гэта тычыцца найперш фактычнай адмены пакараньня за перавышэньне хуткасьці менш як на 20 кілямэтраў у гадзіну. Мне здаецца, што гэта пасьпешлівае рашэньне, якое будзе зьніжаць бясьпеку руху. У той жа час можна толькі вітаць прапанову адмяніць пакараньне за тое, што чалавек забыў дома пасьведчаньне кіроўцы».

Слабым месцам сярод прапанаваных МУС выпадкаў, у якіх плянуецца выкарыстоўваць толькі папярэджаньне, юрыст называе лаянку і расьпіцьцё піва ў публічных месцах:

«Фактычна дэкрыміналізуюцца такія правапарушэньні, як лаянка ў грамадзкім месцы, расьпіцьцё піва і курэньне ў забароненых месцах, а таксама знаходжаньне ў п’яным стане ў грамадзкім месцы. Атрымліваецца, што супрацоўнік міліцыі ня будзе спыняць такія дзеяньні і караць за іх, а проста выносіць вуснае папярэджаньне. Мяркую, што гэта будзе выглядаць так: „Ты тут не куры, а адыдзі ўбок і там куры“, альбо „Тут піва ня пі, перасядзь на іншую лаўку і там можаш працягваць“. Ёсьць праблемы і ў іншых пунктах. Напрыклад, курэньне. Добра, калі сытуацыя тычыцца чалавека, які закурыў цыгарэту на вуліцы, — яму зробяць папярэджаньне. А што рабіць тым, якія і цяпер пакутуюць ад курэньня ў пад’ездах і ня могуць прыцягнуць курцоў да адказнасьці? Што ж будзе тады, калі курэньне стане толькі фармальным правапарушэньнем?

Чаму б міліцыі не сканцэнтравацца на адмене адказнасьці за парушэньне правілаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў?

У той жа час за адзіночны пікет, які ўвогуле не нясе ніякай грамадзкай пагрозы, а толькі дае чалавеку магчымасьць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, даюць вялікія штрафы. Зразумела, што зьмены ў заканадаўства не закрануць „палітычных“ адміністрацыйных артыкулаў, тых, якія фактычна не дазваляюць рэалізоўваць грамадзянскія правы. Гэта тычыцца правілаў арганізацыі масавых мерапрыемстваў, распаўсюду друкаванай літаратуры. Я вельмі сумняюся, што калі будуць прэвэнтыўна затрымліваць нейкіх грамадзянскіх актывістаў, то ім скажуць, што яны выкарыстоўвалі нецэнзурную лаянку, і вынесуць папярэджаньне за гэта. Я перакананы, што яны атрымаюць усе 15 сутак арышту», — кажа Павал Сапелка.

Юрыст патлумачыў, якім чынам могуць быць рэалізаваныя прапанаваныя МУС зьмены ў закон:

«Будуць падрыхтаваныя зьмены ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях і ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Калі дэпутаты пагодзяцца з такімі зьменамі, то будзем мець зьменены закон».

Чым выклікана неабходнасьць адмяніць пратаколы за шэраг правапарушэньняў, назваўшы гэта «лібэралізацыяй», юрыст адказаць ня можа:

«Я не магу зразумець, дзеля чаго гэта робіцца. Лягічна можна зрабіць выснову, што ў нас вельмі шмат выпадкаў прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці. Атрымліваецца, што адміністрацыйная адказнасьць не выконвае сваіх функцыяў, а спагнаньні такія, якія не прадухіляюць паўтарэньня гэтых правапарушэньняў. Ёсьць людзі, якія трапляюцца за адно і тое ж па некалькі дзясяткаў разоў — відаць, што пакараньне не працуе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG