Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра нейкія дамовы паміж Менскам і Варшавай нам нічога невядома», — Борыс і Пачобут пра сытуацыю зь «Белсатам»


Анжаліка Борыс, архіўнае фота
Анжаліка Борыс, архіўнае фота

Свабода зьвярнулася да кіраўніцы не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і сябра СПБ Анджэя Пачобута з пытаньнем, ці згодныя прадстаўнікі Саюзу палякаў атрымаць палёгкі і легальны статус коштам ліквідацыі «Белсату», калі праўда тое, што гэта частка дамовы паміж Менскам і Варшавай?

Борыс: «Стаўлюся адмоўна да ліквідацыі „Белсату“»

Анжаліка Борыс, старшыня Саюзу палякаў, які не прызнаюць беларускія ўлады:

— Я адмоўна стаўлюся да ліквідацыі «Белсату», і я пра гэта ўжо не адзін раз казала. Пра нейкія дамовы паміж Менскам і Варшавай нам нічога невядома, але гандляваць польскай меншасьцю у Беларусі нельга: «Белсат» — гэта «Белсат», а польская меншасьць — гэта польская меншасьць. І перш за ўсё, якія б там гандлі не вяліся, але пра гэта павінен ведаць Саюз палякаў, а мы пра гэта нічога ня ведаем: ні пра якія дамовы, ні пра які гандаль.

Пачобут: «Гэта ўнутрыпольская ініцыятыва»

Анджэй Пачобут, сябра не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў, карэспандэнт «Газеты выборчай»:

— Я ня думаю, што «Белсат» — такая вялікая праблема для ўладаў Беларусі, каб яны праз ягонае меркаванае закрыцьцё ішлі на нейкія саступкі. Улады прызвычаіліся, што тэлеканал існуе, рэвалюцыі ён ня выклікаў. Апошнім часам нават акрэдытавалі карэспандэнтаў, якія працуюць для «Белсату» (маецца на ўвазе, акрэдытавалі іх як карэспандэнтаў ТВП). Ня думаю таксама, што рашэньні па «Белсаце» прымаюцца пад уплывам беларускага боку. З тых зьвестак, якія ёсьць, вынікае, што гэта ўнутрыпольская ініцыятыва. «Белсат» ад самага пачатку свайго існаваньня меў шмат ворагаў і крытыкаў як у Беларусі, так і ў Польшчы. Шмат экспэртаў нэгатыўна выказваліся пра плённасьць яго дзейнасьці. Дастаткова паглядзець дыскусію ў беларускім інтэрнэце, каб у гэтым пераканацца. Часам колькасьць пераходзіць у якасьць.

Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG