Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк раскрытыкаваў пляны МЗС Польшчы аб закрыцьці тэлеканалу «Белсат». Спробы польскіх дыпляматаў палепшыць стасункі з афіцыйным Менскам палітык назваў «трагікамэдыяй» і «наіўнасьцю».
«Высілкі гэтай рэжымнай дыпляматыі далі плён. Тое, чаго не атрымлівалася з польскімі лібэраламі, з нацыяналістамі пайшло як па масле», — піша Пазьняк у артыкуле «Пра „Белсат“, польскую дыпляматыю і цёплую прывабнасьць дыктатуры».
Закрыцьцё «Белсату» лідэр КХП-БНФ называе галоўным пытаньнем для Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненьнях з афіцыйнай Варшавай:
«Яно яму як костка ў горле. Вельмі нездаволеная „Белсатам“ і Масква (бо вяшчае па-беларуску і звужае прэтэнзіі „русского мира“). Дык Крэмль таксама штурхае Лукашэнку ў плечы».
Паводле Зянона Пазьняка, «польскія міністры элегантна разьвярнуліся да «русского мира».
«„Белсат“ сапраўды могуць ліквідаваць, але Polonia вяшчаць у Беларусі ня будзе. Пакуль ва ўладзе ў Расеі сядзяць Пуцін і „русский мир“, вяшчаць у Беларусі будзе толькі расейскае тэлебачаньне і толькі „русский мир“, і ніхто іншы: не ўкраінцы, не палякі і... не беларусы. І калі зь беларусамі для Масквы і рэжыму ўзьнікнуць праблемы, то можна знайсьці „чэснага“ польскага міністра і ліквідаваць тое яго рукамі. І чын гэты ўвойдзе ў гісторыю. Толькі каб ня здарылася так, што гісторыю Польшчы ўжо будзе пісаць Масква», — піша Пазьняк.