Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як па-беларуску сказаць „орёл или решка“?


Двудэнар Жыґімонта Вазы, 1613. На авэрсе лічбы: рымская ІІ для абазначэньня наміналу і год. Lietuvos banko Pinigų muziejus
Двудэнар Жыґімонта Вазы, 1613. На авэрсе лічбы: рымская ІІ для абазначэньня наміналу і год. Lietuvos banko Pinigų muziejus

У беларусаў рубель — дубец прывязваць сена, а ідэальны грош — талер. І Пагоню на манэтах нашыя продкі бачылі значна даўжэй, чым кожнага з розных арлоў.

Капеечны лёс

Мы хутка прывыкаем да новых беларускіх манэтаў. Пра цяперашнюю афіцыйна прынятую назву беларускае грашовае адзінкі скажу, што рубель па-беларуску — гэта перадусім тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе жыта, снапы і падобнае. Кажуць: прыціснутае пад рубель сена.

Уладыслаў Боньча-Руткоўскі. Воз сена. 1904
Уладыслаў Боньча-Руткоўскі. Воз сена. 1904

У 14 ст. назву літоўскі рубель меў трохкантовы падоўжаны срэбны зьлівак — такія папярэднічалі манэтам. Падобны формаю да рубля-жэрдкі, таму так і зваўся. (Тут зазначу, што пішу пра гісторыю манэтнага абарачэньня вылучна з моўнага гледзішча, хай мне даруюць гісторыкі й нумізматы магчымыя недакладнасьці.)

Літоўскі рубель. Lietuvos banko Pinigų muziejus
Літоўскі рубель. Lietuvos banko Pinigų muziejus

Потым у Вялікім Княстве Літоўскім нейкі час слова рубель было ўмоўнаю адзінкаю для падліку, 1 рубель абазначаў сто грошаў. Карацей, манэты ў нас рублямі не называліся. А пасьля акупацыі Расейскай імпэрыяй слова пачало асацыявацца выключна з расейскім рублём.

У сучаснай мове са словам рубель ўжываюцца фраэалягізмы ня самага станоўчага значэньня: за доўгім рублём пагнацца, пакараць рублём, набрацца як Марцін за рубля, сто рублёў нястачы — значыць ‘адны непрыемнасьці’.

Як манэты меншай вартасьці ў нас хадзілі пенязь (дэнар), грош, солід. Грашыма сталі называцца сродкі платы наагул, ад слова грош (а яно з лацінскага denarius grossus ‘вялікі дэнар’).

Грош Жыґімонта Аўґуста
Грош Жыґімонта Аўґуста

А не „капейка“. Пра капейку — расейскую „деньгу копейную“— нашыя продкі мала што ведалі.

Талер — ідэальная грашынá

Беларускі талер віленская мынца (гэта значыць манэтны двор) пачала біць у 1564 годзе і доўга біла вялікія манэты вагой 29 г срэбра высокай пробы.

Талер Жыґімонта Аўгуста, 1564. Авэрс: манаграма SA, год, намінал ХХХ (30 грошаў). Рэвэрс: гербы Арол, Пагоня, кіеўскі Анёл, смаленскі Мядзьведзь, валынскі Крыж сьв. Юр'я, Вуж дынастыі Сфорца. © Nacionalinis M. K. Čiurlionio dailės muziejus, Kaunas
Талер Жыґімонта Аўгуста, 1564. Авэрс: манаграма SA, год, намінал ХХХ (30 грошаў). Рэвэрс: гербы Арол, Пагоня, кіеўскі Анёл, смаленскі Мядзьведзь, валынскі Крыж сьв. Юр'я, Вуж дынастыі Сфорца. © Nacionalinis M. K. Čiurlionio dailės muziejus, Kaunas

Талер як манэта ўжываўся ў нас да ХІХ стагодзьдзя, а як адзінка вымярэньня грашовых сумаў — і да ХХ.

Беларускі талер (варыянт вымаўленьня — таляр) застаўся ва ўдзячнай памяці людзей як ідэальная грашынá, трапіў у прыказкі ды фальклёр: Талер маленькі, а даражэнькі — гэта тое, што па-расейску „мал золотник, да дорог“. У велічальных песьнях на Каляды або Вялікдзень гаспадароў хаты ідэалізуюць: дзеткі як кветачкі, гаспадыня — бы сонца, а ў гаспадара галава розумам насыпана і кашуля каштуе тысячу талераў. А ўся даўняя Беларусь — рамантычная Краіна талераў. Сьпявае гурт „Камэлёт“:

„Талерамі“ цяпер модна называць гатэлі і бровары (фота іх я б падаў, каб яны афармляліся па-беларуску, але не). А рубель прадстаўлены толькі расейскаю сеткаю „Рублёвских“.

Паколькі ж у штодзённы побыт вяртаецца ня талер, а рубель, то нагадаю, што па-беларуску зь лічэбнікамі два, тры, чатыры лучыцца форма множнага ліку рублі: два рублі, тры рублі, чатыры рублі.

Капеечныя забавы

Беларускія манэты ўзору 2009 г. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусі
Беларускія манэты ўзору 2009 г. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусі

Манэты вернуцца ў розны ўжытак, напрыклад, у дзіцячыя гульні. Фальклярысты ў ранейшыя манэтныя эпохі запісалі народную гульню ў прыпень. Хлапчукі і падлеткі б’юць рабром манэты аб сьценку ці пянёк. Калі манэта ў выніку падае ад манэты суперніка так блізка, што абедзьве можна забраць пальцамі аднае рукі, то гулец забірае іх. (Не рэклямую газардовыя гульні, гэта чыстая этнаграфія! Ёсьць, скажам, гульня з гарэхамі цот ці лішка — таксама на выпадковасьць.)

Жарабкаваньне
Жарабкаваньне

Манэту ўжываюць як жэрабя, або кон. Прыкладам, для жарабкаваньня на футбольных матчах, каб вызначыць, каторая брама чыя.

Чыя „ряшка“?

Расейскі выраз для гэтага працэсу — „Орел или решка“. Чаму арол — зразумела, двухгаловае стварэньне было на царскіх манэтах. Цікава, што нават у савецкі час камісары ня выкаранілі царысцкага слова з выразу. Што такое „решка“ — дасюль спрачаюцца навукоўцы. Магчыма, гэта „решетка“, маўляў, так бачылі спляценьне літараў і манаршых манаграмаў на рэвэрсе манэты малапісьменныя людзі. Некаторыя этымолягі збліжаюць тую „решку“ са словам „ряшка“, „ряха“ — гэта значыць фізіяномія імпэратара. Праўда, фанэтычна гіпотэза патрабуе доказу. Галоўнае — і арол, і ня ў меншай ступені „решка“ нам, беларусам, чужыя.

Кожнаму сваё

Калекцыйная манэта выспы Мэн. На рэвэрсе істота з хвастом
Калекцыйная манэта выспы Мэн. На рэвэрсе істота з хвастом

У ангельцаў лёсавызначальная гульня завецца Heads or tails, даслоўна ‘галовы ці хвасты’. Манаршая галава на брытанскіх манэтах ёсьць абавязкова, ну а хвост — гэта, відаць, нешта процілеглае, як мяркуюць этымолягі.

Рымская манэта
Рымская манэта

А іншыя народы? Старажытныя рымляне, падкідваючы манэту, гукалі Navia aut caput — ‘карабель ці галава’. Сучасныя грэкі — Κορώνα ή γράμματα (‘карона ці літары’; калі напісаць вялікімі — ΚΟΡΏΝΑ Ή ΓΡΆΜΜΑΤΑ, то і перакладаць ня трэба). Італьянцы — Testa o croce (‘галава ці крыж’). Як бачым, усе называюць выявы абодвух бакоў сваіх манэтаў. Або не зусім сваіх. Хаця на чэскіх манэтах леў, чэхі кажуць Panna nebo orel: арол яшчэ аўстра-вугорскі, імпэрскі, Швэйк такім плаціў Паліўцу за піва.

Па-латыску Cipars vai ģerbonis (лічба ці герб). Лічбу называюць і немцы — яны выгукаюць Kopf oder Zahl — галава ці лічба. Ёсьць нямецкі крымінальны трылер, які так і завецца:

Якія выявы на манэце найдаўжэй бачылі беларусы?

Чвэрць граша або двудэнар, Ягайла, 1387–1392. Lietuvos banko Pinigų muziejus
Чвэрць граша або двудэнар, Ягайла, 1387–1392. Lietuvos banko Pinigų muziejus

Першая Пагоня ў нас была на Ягайлавых грашах прыблізна з 1387 году. З Пагоняй былі пенязь і грош, шэлег і талер. Пасьля Люблінскай вуніі на манэтах ужо быў герб Рэчы Паспалітай — звычайна па дзьве Пагоні і па два польскія арлы (часам з мадыфікацыямі). Апошнія манэты ВКЛ — шастакі — білі падчас Паўночнай вайны, але яшчэ да 1795-га, да канчатковай акупацыі, запускаліся ў абарачэньне талеры Станіслава Панятоўскага, таксама з аб’яднаным гербам. Такім чынам, жыхары Беларусі карысталіся манэтамі з Пагоняй больш за 400 гадоў.

Талер Станіслава Аўґуста Панятоўскага, 1795
Талер Станіслава Аўґуста Панятоўскага, 1795

З адваротнага боку манэтаў былі розныя выявы — партрэт манарха, іншы геральдычны знак. Намінал упершыню быў пазначаны на Вітаўтавых двудэнарах: рымская лічба ІІ месьцілася пад гербам Гедымінавымі Слупамі, а на рэвэрсе там акурат Пагоня; за наступных манархаў, напр., Казімера Ягайлавіча, дызайн паўтараўся.

(Дву?)дэнар Казімера Ягайлавіча, 3-я чвэрць XV ст. Намінал на адвароце Пагоні. Lietuvos banko Pinigų muziejus
(Дву?)дэнар Казімера Ягайлавіча, 3-я чвэрць XV ст. Намінал на адвароце Пагоні. Lietuvos banko Pinigų muziejus

Паступова намінал пачалі пазначаць лічбамі рэгулярна, ня толькі рымскімі, але і арабскімі. Пэўны час іх часьцей ставілі на тым баку манэты, дзе і Пагоня, пад ёю. Пагоня і лічбы фактычна сталі найбольш характэрнымі атрыбутамі нашых манэтаў.

Паўтарак. 1619. Лічбы абазначаюць намінал 1/24 талера або 3 паўграшы. Lietuvos banko Pinigų muziejus
Паўтарак. 1619. Лічбы абазначаюць намінал 1/24 талера або 3 паўграшы. Lietuvos banko Pinigų muziejus

А колькі часу ў нас шырока хадзілі манэты з асноўным канкурэнтам Пагоні Арлом?

Арлы былі розныя. Часам Арла зьмяшчалі на манэтах ВКЛ і да Люблінскай вуніі, больш рэгулярна з 1495 году (хоць не на ўсіх манэтах, Пагоня была часьцей). Польскага Арла разам з Пагоняй білі на манэтах Рэчы Паспалітай з 1580 году да расейскай акупацыі. Прыйшоў двухгаловы расейскі і быў па 1918 год. Нават калі дадаць 20 гадоў абарачэньня ў Заходняй Беларусі польскіх грошай і тры гады яшчэ аднаго чужога арла — на нямецкіх пфэнігах Другой усясьветнай вайны — усё адно працягласьць масавае прысутнасьці кожнага з розных арлоў на манэтах, якія хадзілі ў Беларусі, меншая, чым Пагоні. Хай бы гісторыкі й нумізматы палічылі больш дакладна гады абарачэньня адпаведных манэтаў ды іх наклады. Хаця больш важна тое, што ня наш гэта герб.

Таму трэба выбіраць іншы вокліч, не пра арла.

Пранцысь падкінуў шэлег уверх. Шэлег вярнуўся назад нібыта неахвотна, некалькі разоў перакруціўшыся ў паветры... Баявіты вершнік зь мячом на цьмяным твары манэты скакаў у бок Валожына...

Гэта Людміла Рублеўская, „Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега“. Авантурны, ведама ж, раман. Усьлед за героем і мы авантурна падкінем манэту для выпрабаваньня лёсу:

Пагоня ці лічба?

І хай выпадае Пагоня.

P.S.

Ужо калі аўдыёвэрсія гэтага майго моўна-гістарычнага роздуму выйшла ў этэр, я даведаўся пра ініцыятыву Андрэя Касьцюкевіча выбіць талер (вядома ж, сувэнірны — „манэтападобны жэтон“).

Сувэнірны талер можна таксама насіць на шыі. Фота citydog.by
Сувэнірны талер можна таксама насіць на шыі. Фота citydog.by

Акурат з Пагоняй на авэрсе і лічбай на рэвэрсе. То ўжо маем што падкідаць.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG