Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеньне будзе працягвацца — эканамісты робяць прагноз на 2016 год


Экспэрты прагназуюць, што эканамічны крызіс у Беларусі ў 2016 годзе працягнецца, узровень жыцьця будзе падаць, а даляр будзе каштаваць ня менш за 20 тысяч рублёў.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі эканамісты.

Экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук прагназуе, што рэцэсія ў эканоміцы Беларусі ў 2016 годзе працягнецца.

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

«Тэмп падзеньня, можа, будзе трохі меншым, але падзеньне на працягу году будзе працягвацца. Адпаведна, такія ж тэндэнцыі будуць назірацца і ў заробках. Напрыканцы году магчыма адбудзецца дасягненьне дна, пэўная стабілізацыя. Але ж, па вялікім рахунку, я лічу, мы знаходзімся ў доўгатэрміновай стагнацыі, і нават калі падзеньне скончыцца ў 2016 годзе, выйсьця з гэтай доўгатэрміновай стагнацыі я пакуль ня бачу», — падкрэсьліў эканаміст.

На думку Крука, у наступным годзе на разьвіцьцё беларускай эканомікі будуць уплываць тыя ж зьнешнія фактары, што і ў 2015-м.

«Гэта стан зьнешняй кан’юктуры — то бок, попыт на нашыя тавары і паслугі, а таксама праз Расею ўскосна цэны на нафту на нас дзейнічаюць, — кажа ён. — Хаця, на мой погляд, зьнешнія фактары не самыя важныя — нават другасныя, адносна тых сыстэмных структурных праблем, якія назапасіліся ў беларускай эканоміцы».

Курс даляра ў Беларусі, з пункту гледжаньня Крука, будзе вагацца ў калідоры 20-25 тысяч.

«Я бачу пэўны калідор — дзесьці паміж 20-25 тысячамі рублёў. Гэта досыць вялікі калідор, але падкрэсьлю — гэта ня самы важны паказчык. Гэта пытаньне менш істотнае, чым было раней, таму што курс даляра якраз рэагуе на гэтыя ваганьні ў зьнешняй кан’юктуры, цэнах на нафту і курсе расейскага рубля», — адзначае ён.

Прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба таксама дае нэгатыўны прагноз на 2016 год.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

«Беларуская эканоміка стала сапраўдным філіялам расейскай эканомікі. А ў наступным годзе, па-першае, прагназуюцца нізкія цэны на нафту, што кепска для расейцаў, а значыць кепска і для беларускай эканомікі, якая атрымлівае траціну валютных паступленьняў ад продажы нафтапрадуктаў. Па-другое, працягнуць дзейнічаць санкцыі Захаду супраць Расеі — гэта таксама будзе кепска адлюстроўвацца на эканоміцы Расеі. Вось гэтыя два зьнешніх фактара — цэны на нафту і заходнія санкцыі — будуць працягваць дзейнічаць і далей, пакуль Расея будзе весьці такую агрэсіўную палітыку.

Расейскі рынак для беларускай прадукцыі ўжо ня будзе такім, якім ён быў раней, мы будзем мець праблемы з продажам нашых традыцыйных экспартных прадуктаў. Таму прагноз у мяне самы нэгатыўны», — канстатуе прафэсар.

Жаліба кажа, што ў 2016 годзе зарплата беларусаў у лепшым выпадку застанецца на сёньняшнім узроўні, а ў горшым выпадку — стане яшчэ ніжэй. Што тычыцца курса валюты, то калі пазьбегнуць абвальных дэвальвацый (ад чаго не застрахаваны ні расейскі, ні беларускі рубель) напрыканцы 2016 году курс даляра будзе не меней 20 тысяч рублёў, мяркуе экспэрт.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка згодны з тым, што эканамічны крызіс у Беларусі будзе працягвацца.

«Усё проста: мы знаходзімся ў стане крызісу. Асноўныя антыкрызісныя меры не прымаліся, больш за тое — усе толькі пагаршалася. У гэтым годзе падзеньне ВУП было каля 4%, а падаткі вырасьлі, што супярэчыць эканамічнай тэорыі — у пэрыяд крызісу падаткі наадварот трэба зьніжаць, трэба стымуляваць вытворчасьць. Мяркуючы па тым, што ўлады ў сьвядомасьць не прыйшлі, урад непрафэсійны, то будуць зьдзяйсьняцца памылкі, якія раней і прывялі да крызісу», — кажа эканаміст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG