Іх шмат — залацістых, ружовабокіх, крамяна-наліўных, зеленавата-хрумсткіх. У заваконным атачэньні пульхных студзеньскіх сьнягоў сакаўныя яблыкі Івана Сікоры асабліва смакавіта выглядаюць на летніх вясёлкавых натурмортах.
Увесь леташні ліпень Аляксандар Капран ды Ілона Барадуліна, Валер Шчасны ды Віктар Крук, Алег Скавародка ды яшчэ паўтара дзясятка мастакоў суполкі “Пагоня” блукалі з мальбэртамі па садах, засаджаных гатункамі легендарнага шаркоўшчынскага сэлекцыянэра, які сваёй працай вучыў людзей ствараць прыгажосьць. Гаворыць мастак і грамадзкі дзеяч Аляксей Марачкін:
(Марачкін: ) “Калі я ўпершыню зьявіўся ў Малых Алашках дзесьці гадоў пятнаццаць-дваццаць таму, то зьдзівіўся, што каля кожнай хаты растуць ружы, а яблыні і ўсе сады неверагодна прыгожыя. Гэта гаворыць пра ўплыў самога Івана Сікоры…”
Іван Сікора вывеў у першыя дзесяцігодзьдзі мінулага стагодзьдзя ў сваім заходнебеларускім садзе каля пяцісот гатункаў яблыкаў, якімі засаджаная была ці ня ўся заходняя і паўночная Віцебшчына. Многія зь іх уражваюць ня толькі смакам, але і вагою. Прыкладам, “Антон Сікоры” важыць амаль кіляграм. А яшчэ ён вывеў гарэхі, якімі потым кармілі савецкіх касманаўтаў.
Памяці гэтага знакамітага ў свой час, але амаль забытага за саветамі беларускага сэлекцыянэра, быў прысьвечаны восьмы летні пленэр “пагонеўцаў”. Яго наладзіў культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча, які дзейнічае на Шаркоўшчыне ў мястэчку Германавічы пад кіраўніцтвам Ады Райчонак. Цэнтар выкупіў хату Івана Сікоры ў Малых Алашках, вакол якое мастакі зладзілі першую экспазыцыю твораў з пленэру. Самым зацікаўленым яе гледачом быў там сын легендарнага сэлекцыянэра Віктар, таксама садавод. Але ня толькі. Пазнаёміўшыся зь ім, мастакі былі ўражаныя гэтаю асобаю. Гаворыць Аляксей Марачкін:
(Марачкін: ) “Чалавек прайшоў праз савецкія бальшавіцкія астрогі, чалавек — шчыры беларус, які ў часе вайны быў сябром Саюзу беларускае моладзі. Пакутаваў за Беларусь і па сёньня (ён ужо пэнсіянэр) ён ад гэтае ўлады ласкі ня мае. Піша вершы, шмат чаго расказвае. Пра яго жыцьцё трэба пісаць цэлыя раманы…”
Пакуль што раманаў ні пра сына, ні пра бацьку няма. Але ёсьць ідэя стварэньня ў хаце Івана Сікоры музэю ягонага імя. Намаляваныя ў часе пленэру і выстаўленыя цяпер у Менску творы мастакоў суполкі “Пагоня” складуць частку будучай экспазыцыі.