Сёньня Нацбанк прыпыніў да 17 верасьня дзеяньне ліцэнзіі ЗАТ «Норд Еўрапеан Банк» («Н.Е.Б. Банк») на ажыцьцяўленьне асобных банкаўскіх апэрацыяў (па прыцягненьні грашовых сродкаў юрыдычных асобаў на рахункі і ва ўклады, адкрыцьці і вядзеньні банкаўскіх рахункаў юрыдычных асобаў, ажыцьцяўленьні разьліковага і касавага абслугоўваньня фізычных асобаў ды інш.).
«Дадзенае рашэньне прынята ў сувязі зь невыкананьнем ЗАТ „Н.Е.Б. Банк“ лiцэнзiйных патрабаваньняў да велічыні нарматыўнага капіталу банку, нявызначанасьцю пэрспэктыў па яго нарошчваньні, невыкананьнем іншых ліцэнзійных патрабаваньняў, вызначаных Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь», — тлумачыцца ў паведамленьні Нацбанку.
На мінулым тыдні Нацбанк прыняў рашэньне адклікаць ліцэнзіі ў ЗАТ «БІТ-Банк» і ЗАТ «ІнтэрПэйБанк», а таксама прыпыніў да 6 жніўня дзеяньне ліцэнзіі ЗАТ «Эўрабанк» на ажыцьцяўленьне асобных банкаўскіх апэрацыяў.
Яшчэ 18 сакавіка 2015 году Нацбанк пазбавіў ліцэнзіі ЗАТ «Дэльта-банк».
Сёньня на сайце Нацбанку апублікавалі адмысловы прэс-рэліз, дзе тлумачацца прычыны такой «зачысткі» банкаўскай прасторы. Як адзначаюць у Нацыянальным банку, яшчэ ў 2012 годзе было прынята рашэньне павялічыць мінімальны памер нарматыўнага капіталу банкаў да сумы, эквівалентнай 25 млн. эўра, зь пераходным пэрыядам да 1 студзеня 2015 году. Большасьць беларускіх банкаў змаглі выканаць новыя патрабаваньні. Тры банкі (ЗАТ «Трастбанк», ЗАТ «БТА Банк» і ЗАТ «Банк ББМБ») падалі ў Нацыянальны банк «рэалістычныя пляны па ліквідацыі бліжэйшым часам дапушчанага парушэньня», і ім далі дадатковы час для рэалізацыі заплянаваных мерапрыемстваў. Тыя ж банкі, якія на сёньняшні дзень трапілі пад санкцыі Нацбанку, даць пераканаўчых плянаў па нарошчваньні нарматыўнага капіталу не змаглі.
«Меры, якія прымаюцца Нацыянальным банкам, накіраваныя на ўмацаваньне банкаўскай сыстэмы Рэспублікі Беларусь і забесьпячэньне яе бясьпечнага функцыянаваньня. У цэлым стабільнасьць банкаў і іх здольнасьць належным чынам праводзіць плацяжы і выконваць свае абавязаньні перад крэдыторамі і фундатарамі не выклікае асьцярог», — адзначаецца ў заяве.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка тлумачыць рэструктурызацыю банкаўскай сфэры перш за ўсё эканамічным крызісам у Беларусі. «Зачыстка» банкаўскай прасторы ў гэтых умовах — нармальны працэс.
«Гэтыя банкі былі слабенькія. Праблема заключаецца ў тым, што яны ня могуць адказваць па даўгах насельніцтву. То бок, такія меры патрэбныя, яны эфэктыўныя. Таму ў мяне прэтэнзіяў да нашай банкаўскай сыстэмы няма, „зачыстку“ сапраўды трэба рабіць», — заявіў Свабодзе экспэрт.
Што тычыцца сытуацыі ў цэлым, то беларусам хвалявацца ня варта: буйныя банкі, асабліва дзяржаўныя, якія атрымліваюць субсыдыі і льготы, не абваляцца.