Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк распачаў «зачыстку» камэрцыйных банкаў


Нацыянальны банк
Нацыянальны банк

Праўленьне Нацыянальнага банку прыняло рашэньне адклікаць з 7 траўня 2015 году ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне банкаўскай дзейнасьці ў закрытага акцыянэрнага таварыства «БІТ-Банк».

«Гэтае рашэньне прынята з улікам вынікаў комплекснай праверкі ЗАТ „БІТ-Банк“, якая сьведчыць пра высокія рызыкі ў яго дзейнасьці і нездавальняючую якасьць кіраваньня, а таксама ў сувязі з невыкананьнем ЗАТ „БІТ-Банк“ ліцэнзійных патрабаваньняў да велічыні нарматыўнага капіталу банку, адсутнасьцю выразных пэрспэктыў па яго нарошчваньні, парушэньнем іншых патрабаваньняў банкаўскага заканадаўства, што можа прывесьці да стварэньня пагрозы інтарэсам укладчыкаў і іншых крэдытораў банку», — заяўляюць у Нацбанку.

«БІП-Банк» быў зарэгістраваны ў лютым 2012 году. У Нацбанку адзначаюць, што па памеры актываў «БІТ-Банк» займае 27-е месца ў банкаўскай сыстэме Рэспублікі Беларусь. Доля ягоных актываў у банкаўскай сыстэме неістотная і на 1 траўня складае 0,07%. Пры гэтым «БІТ-Банк» не ажыцьцяўляе апэрацыяў, зьвязаных з прыцягненьнем на рахункі і ва ўклады (дэпазыты) грашовых сродкаў фізычных асобаў.

Адначасова з гэтым Нацбанк прыпыніў да 6 жніўня дзеяньне ліцэнзіі ЗАТ «Эўрабанк» на ажыцьцяўленьне асобных банкаўскіх апэрацыяў (па прыцягненьні грашовых сродкаў юрыдычных асобаў на рахункі і ва ўклады, адкрыцьці і вядзеньні банкаўскіх рахункаў юрыдычных асобаў, ажыцьцяўленьні разьліковага і касавага абслугоўваньня фізычных асобаў; валютна-абменных апэрацыях ды інш.).

«Дадзенае рашэньне прынята ў сувязі зь невыкананьнем ЗАТ „Эўрабанк“ асобных ліцэнзійных патрабаваньняў, вызначаных Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, а таксама з улікам вынікаў комплекснай праверкі названага банку, якія сьведчаць пра высокія рызыкі ў яго дзейнасьці і недастаткова здавальняючую якасьць кіраваньня», — адзначаюць у Нацбанку.

У Нацбанку запэўніваюць, што ўсе абавязаньні «Эўрабанку» будуць выконвацца ў адпаведнасьці з раней заключанымі дамовамі. Пры гэтым банку забараняецца заключаць новыя дамовы і перазаключаць на новы тэрмін дамовы, заключаныя раней.

Яшчэ 18 сакавіка 2015 году Нацбанк пазбавіў ліцэнзіі ЗАТ «Дэльта-банк».

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Экс-кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч лічыць, што пазбаўленьне ліцэнзіі камерцыйных банкаў — гэта шмат у чым вынік дэвальвацыі беларускага рубля.

«Тэндэнцыя, зьвязаная з навядзеньнем больш строгага парадку ў банкаўскай сфэры, мае месца. Нічога асаблівага сёньня не адбываецца. За апошнія чатыры гады ў нас адбылося дзьве дэвальвацыі нацыянальнай валюты, а паколькі статутны капітал у нас улічваецца ў нацыянальнай валюце, а не ў далярах ці эўра, статутны капітал абясцэніўся, нарматывы суадносін паміж уласным капіталам і банкаўскімі крэдытамі і актывамі парушаныя. Таму трэба нармалізоўваць сытуацыю», — патлумачыў Багданкевіч у інтэрвію Радыё Свабода.

Паводле слоў Багданкевіча, пазбаўленьне банкаў ліцэнзіі магло быць зьвязана і зь іншымі парушэньнямі нарматываў.

«Па сукупнасьці звычайна і прымаюцца наглядныя меры, каб не дапусьціць неліквіднасьці і страты ўкладчыкамі сваіх укладаў. Таму Нацбанк дзейнічае правільна», — лічыць ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG