Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі пачынаюць сьвяткаваць Купальле


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Старажытнае народнае сьвята Купальле пачынаюць сьвяткаваць у Менску і рэгіёнах Беларусі.

Пачатак «купальскаму маратону» дае Менск: першае сьвяткаваньне адбудзецца каля будынка Дзяржаўнага літаратурнага музэю імя Янкі Купалы 21 чэрвеня. У іншых месцах Беларусі гэтую папулярную народную традыцыю ўшануюць таксама 7 ліпеня і ў іншыя дні. Калі ж сьвяткаваньне Купальля найбольш «сапраўднае» — найбліжэйшае да ягонай аўтэнтычнасьці? Вядомы навуковец-культуроляг Іван Крук мяркуе, што кожная дата сьвяткаваньня Купальля мае права на жыцьцё:

«Некалі Купальле адзначалася ў ноч з 23 на 24 чэрвеня, бо на гэты час прыпадала летняе сонцастаяньне. Затым адбылася рэформа календара і ў выніку сьвята сталі адзначаць з 6 на 7 ліпеня. Таму правільна будзе адзначаць і ў адну і другую дату. Бліжэй да аўтэнтычнасьці, канечне, гэта ісьці за сонцам. Калі яно стаіць у зэніце, вось тады і трэба адзначаць Купальле. І тут — круці не круці, але гэты момант — у ноч з 23 на 24 чэрвеня. Але кожны мае права выбіраць свой пункт адліку часу».

Як найбліжэй да аўтэнтыкі сьвята Купальле плянуе адзначыць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Ягоная заснавальніца Наста Глушко паведаміла Свабодзе, што ўжо цягам дзесяці гадоў, каб адсьвяткаваць Купальле у найлепшай згодзе з народнай традыцыяй, сябры таварыства выяжджаюць на Віцебшчыну:

«Сьвяткуем мы Купальле з прывязкай да сонечнага календару. І ні да якога іншага. Гэта адбываецца на азёрах на Вушаччыне, паводле традыцыі гэтага рэгіёну. Сьпевы, абрады, строі — усё гэта мы вывучалі падчас этнаграфічных экспэдыцый. Нацыянальны строй — гэта абавязковая ўмова ўдзелу ў сьвяце.

Пачынаем сьвята, калі сьцямнее, пад сьпевы распальваючы агонь вакол слупа з колам. Гэтае „кола“ — з галінаў дрэў, бо ўжо не знайсьці гэтулькі колаў, каб штогод іх паліць. Вогнішча распальваем ад крэсіва — жывы агонь гэта важная сымболіка. Калі кола падае — распачынаюцца скокі праз вогнішча, затым пошук папараць-кветкі, купаньне ў возеры, пусканьне вянкоў. Сустракаем ўзыход сонца — гэта таксама вельмі важная сымболіка. Увогуле сьвяткаваньне Купальля мае ўвасабляць у сабе прысутнасьць усіх чатырох стыхіяў: вады, агню, зямлі і ветру. Таму нашае сьвяткаваньне на возеры якраз і дае магчымасьць такой прысутнасьці.

Мы ўжо ўвайшлі ў купальскі пэрыяд, і лягічна было б, вядома ж, адсьвяткаваць Купальле ўжо цяпер, але мусім зважаць на сучасныя рэаліі — людзі працуюць. Таму мы і мусілі перанесьці сьвята на выходныя, і адсьвяткуем у ноч на нядзелю».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадаўжальнік даўніх традыцыяў сьвяткаваньня Купальля ў Крупках, мастак Алесь Пушкін сьвяткуе Купальле незалежна ад дня тыдня і трымаецца традыцыі сьвяткаваньня сваёй мясцовасьці — з 6 на 7 ліпеня:

«У Бабры сьвяткаваньне ў гэты дзень склалася гістарычна і вельмі даўно, таму я таксама трымаюся гэтага дня. Праўда, мясцовыя сьвятары папракаюць мяне, што „малюся двум багам“, але я лічу, што Купальле — гэта галоўнае сьвята беларусаў. Калі ня будзе Купальля, то мы страцім сваю аўтэнтычнасьць і самабытнасьць.

Мы сьвяткуем у малым коле: прыяжджаюць знаёмыя, сябры, запрашаем музыкаў. Абавязкова выбіраем Купаліча і Купалінку, „заплятаем бярозу“, ушаноўваем Крыніцу, робім вогнішча і ладзім карагод, гайдаемся на арэлях, шукаем папараць-кветку.

Пасьля таго трагічнага здарэньня з крупнікам, калі апякліся дзяўчаты, гэтай стравы ўжо не гатуем. Замест гэтага на вялікай патэльні на купальскім вогнішчы смажым яечню. Ну, а ранкам, хто адчувае згрызоты сумленьня, ідзе на споведзь у царкву.

Мы строга сьвяткуем сваё Купальле з 6 на 7 ліпеня. Але я вельмі цешуся, што ўся Беларусь расквечваецца купальскімі вогнішчамі з 22 чэрвеня да 6 ліпеня».

Дапраўды — шмат гадоў аўтэнтычнае Купалле грамадзкія актывісты ладзяць у Воршы на Дняпры, у Ракаве пад Менскам, у больш сучасных традыцыях у месцы Сула на Стаўпеччыне і ў многіх іншых месцах. У Менску ў розныя гады Купальле адзначалі на Чыжоўскім вадасховішчы, на Камсамольскім возеры. Дзяржаўны літаратурны музэй імя Янкі Купалы штогод праводзіць гэтае сьвята ў Купалаўскім парку каля будынку музэю. Сёлета яго робяць ужо сёньня — 21 чэрвеня з 19 да 21 гадзіны. У праграме — выступленьне фальклёрнага гурта, майстар-клясы па пляценьню з саломы і танцах. Сьвяткуюць Купальле і ў малых мястэчках ды вёсках з удзелам вясковых майстроў мастацкай самадзейнасьці, у клюбах і вясковых дамах культуры.

Культуроляг Іван Крук кажа, што падтрымлівае ўсе формы сьвяткаваньня старажытнага Купальля, нават далёкіх ад аўтэнтычных традыцый:

«Зразумела, што ўсе архаічныя сьвяты фармаваліся ў вёсцы, таму ў іх прысутнічае і вада, і зямля, і кветачкі. Але насельніцтва паступова станавілася гарадзкім і страчвала сувязь зь вёскай — час робіць свае зьмены. А чалавеку хочацца дакрануцца да сакральнага, да сьвяточнага, і ён ладзіць гэтае сьвята, не разумеючы глыбіні традыцый, не разумеючы, што такое купальская кветка, купальскі вянок, што гэта магутныя астральныя сымбалі. І паціху гэтая традыцыя трапляе у сфэру поп-культуры і бізнэсу. Канечне, можна сказаць, што гэта далёка ад архаікі, і гэтым самым перакрыць шлях тысячам маладых людзей, якія спрабуюць спасьцігнуць гэтую традыцыю. Канечне, я за архаіку, за захаваньне традыцый, але ня маю права паставіць забарону перад тысячамі юнакоў і дзяўчат, кажучы: не сьвяткуйце Купальля, бо ня ўмееце і не разумееце. Магчыма, што гэта будзе першы крок да таго, каб спасьцігнуць і зразумець Купальле. Таму, хто адкрыты на гэтае сьвята, хто жадае яго спазнаць — няхай яго сьвяткуе: няхай дзяўчаты скачуць праз вогнішча, а хлопцы шукаюць папараць-кветку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG