У 80-ю гадавіну «чорнай ночы» ў Курапатах пад Менскам пройдуць начныя чытаньні з удзелам гісторыкаў, паэтаў і музыкаў.
За адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКВД беспадстаўна расстраляла больш як сотню беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, у іх ліку Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык , Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Юлі Таўбін, Платон Галавач, Янка Нёманскі і многія іншыя.
У памяць аб гэтым «Малады фронт» прапануе сабрацца ў Курапатах а 23-й гадзіне 29 кастрычніка, ушанаваць памяць забітых літаратурнымі чытаньнямі да самай раніцы. У імпрэзе абяцаюць удзел гісторыкаў, паэтаў і музыкаў; раяць цёпла апранацца, браць з сабой гарачую гарбату і шмат зьнічак.
Тым часам беларусы працягваюць праект «(Не)расстраляная паэзія»: музыкі запісваюць песьні забітых паэтаў, дасьледчыкі чытаюць лекцыі аб забітых. Грошы на праект зьбіраюцца на сайце Talaka.by, канцэртная прэзэнтацыя заплянаваная ў Менску на 29 кастрычніка.